25 красавiка 2024, Чацвер, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крык душы медыкаў з Калінкавічаў: Шмат хто заразіўся COVID-19, а нас абкрадаюць проста

8
Крык душы медыкаў з Калінкавічаў: Шмат хто заразіўся COVID-19, а нас абкрадаюць проста

Улады прадаўжаюць падманваць медыцынскіх работнікаў.

Супрацоўнікі «хуткай» з Калінкавічаў месяц чакалі вынікі аналізаў на COVID-19. Выявілася, што яны заражаныя. «Але начальства сказала хадзіць на працу! Уявіце - мы, хворыя на каранавірус - месяц вазілі людзей і далей будзем расцягваць заразу па гораду?», - абурыліся медработнікі.

Яны расказалі «Радыё Свабода» пра недахоп сродкаў індывідуальнай абароны, месяцы чакання вынікаў аналізаў, пазбаўленне абяцаных надбавак, паказуху перад камісіяй з Гомельскай управы аховы здароўя.

На Калінкавіцкай «хуткай» працуе, са слоў супрацоўнікаў, амаль 100 чалавек. На змене - блізу 15. Са слоў фельчара Ганны (імя змененае на яе просьбу, - заўв.), месяц таму, 30 красавіка, у 30 супрацоўнікаў «хуткай» узялі мазкі на каранавірус. Толькі 25 траўня прыйшлі вынікі. У 14 медработнікаў каранавірус пацвердзіўся. Рэшта - 16 чалавек - пакуль не атрымалі вынікаў.

«Нам сказала начальства ісці і працаваць далей! Што мы ўжо перахварэлі і нам няма чаго баяцца! У нас сем'і, дзеці - гэта адно. Другое - мы штодня вазілі і возім людзей. Уявіце, што мы самі разносім заразу па Калінкавічах! Гэта проста жах. Больш і больш заражаем людзей, выходзіць? Мы і так не спраўляемся, бо хворых вельмі шмат», - кажа Ганна.

«Самі шылі маскі, мылі і гладзілі іх»

Яна кажа, што першыя выпадкі СOVID-19 фіксаваліся ў Калінкавічах яшчэ ў лютым, але сродкаў засцярогі не было.

«Тады мы стараліся самі сябе абараніць - шылі самі маскі, мылі іх, прасавалі. Цяпер нам выдаюць нават ахоўныя касцюмы - аднаразовыя, якія мы выкарыстоўваем па шмат разоў. Пасля мыцця яны непрыгодныя - расцягнутыя, з дзіркамі», - тлумачыць фельчар.

Паводле яе слоў, 29 траўня прыязджала камісія з Гомельскай управы аховы здароўя.

«Да камісіі падрыхтаваліся - прывезлі мяшкі проста ахоўных касцюмаў, рэспіратараў. Усім, хто працаваў, сказалі апрануцца, нават кіроўцам, якія ніколі не ездзілі ў касцюмах. На сход паклікалі толькі тых людзей, якія маўчаць, бо баяцца начальства, ці пенсіянераў, якія баяцца страціць працу. Яны казалі, што ў нас усё добра», - сказала Ганна.

«Абяцалі 2000 - далі каму 200, каму і нічога»

Яе і калегаў абурыла сітуацыя з абяцанымі надбаўкамі. Са слоў фельчара, спачатку ім выдалі разліковыя, дзе былі пазначаны надбаўкі па 2000 рублёў. Ганна, напрыклад, магла атрымаць 2800.

«Праз два дні сказалі, што разліковыя памылковыя, і далі іншыя. Там былі надбаўкі па 150 - 300 рублёў, а некаторым увогуле нічога! Нам начальства патлумачыла, што мы самі павінны пацвердзіць, што вазілі хворых на каранавірус. Як гэта рабіць? Мы вязем, ратуем хворага і не можам ведаць, заразны ён ці не. Вынікі прыходзяць праз 2-3 тыдні. І мы павінны самі іх шукаць. Мы працуем так цяпер, што прысесці не можам - хворых вельмі шмат. А яшчэ і шукаць самім звесткі пра хворых», - кажа медработнік.

Адзінае, што могуць больш-менш давесці супрацоўнікі «хуткай», - гэта выпадкі, калі вязуць хворага з пацверджаным каранавірусам у Гомель.

«А возім вельмі часта, і часцей чамусьці па начах», - кажа фельчар.

«Нас палохаюць кантрактамі, звальненнем»

Ганна кажа, што начальства не рэагуе на скаргі, а палохае людзей кантрактам або звальненнем. «Я, па-першае, люблю сваю працу. Па-другое - дзе знайсці іншую працу ў Калінкавічах? Мы проста не вытрымліваем ад гэтага ўсяго - шмат хворых і працы, а нас абкрадаюць проста. Самі хворыя - і не ведаем пра гэта. Прывезлі сродкі аховы, каб стварыць паказуху, нікому не патрэбную, для камісіі з Гомеля», - кажа фельчар.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках