18 красавiка 2024, Чацвер, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Убачылі ў інтэрнэце аб'яву і бягом сюды»: як Пінск стаяў у чарзе па свабоду

3
«Убачылі ў інтэрнэце аб'яву і бягом сюды»: як Пінск стаяў у чарзе па свабоду

Людзі па 2 гадзіны стаялі пад дажджом, каб падпісацца за Ціханоўскіх.

У Пінску пачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Збор подпісаў праходзіў каля супермаркета «Алмі», размешчанага на вуліцы Цэнтральнай, піша 1reg.by.

Ініцыятыўная група, у складзе двух чалавек працавала не пакладаючы рук. Доўгая чарга ахвотных паставіць подпіс выстраілася ўсцяж супермаркета, нягледзячы на золкі дождж і моцны вецер. Хто гэтыя людзі? Якая ў іх матывацыя? Мы паспрабавалі даведацца.

- Што зменіцца, калі да ўлады прыйдзе іншы чалавек? - спытала я ў паджылай пары.

- Думаем, што будзе лепш, калі прыйдзе новы чалавек. Усё надакучыла. 26 гадоў адно і тое ж. Ён такі ж пенсіянер, як і я. Яму столькі гадоў, як і мне. Пара і яму на пенсію. Я ўсё жыццё адпрацавала ў сродках масавай інфармацыі. Стаж 45 гадоў, а пэнсія 350 рублёў. У мяне вышэйшая адукацыя. Дастала такое жыццё.

Я была за мяжой, у Еўропе і паглядзела, як там людзі жывуць. Мы таксама хочам так жыць! Мы ўбачылі ў інтэрнэце аб'яву і бягом сюды, - выказалася Ніна Васільеўна.

- Усюды несправядлівасць. У судах - падман. Нізкія пенсіі. Жабрацкая медыцына. Мне павінны былі зрабіць пратэзаванне каленнага сустава, але так і не патэлефанавалі. Год на чарзе стаяў. Цяпер вымушаны прымаць абязбольвальныя лекі, якія шкодныя для страўніка, - сказаў Пётр Пятровіч. - Калі будуць збіраць подпісы за Бабарыку - таксама прыйду. Абавязкова.

- Раскажыце, чым вы займаецеся і што вас прывяло сюды?

- Вярнуўся з Еўропы на радзіму. Цяпер адкрыў ІП. Працую ў розных сферах. А прывяло? Павінна адбыцца змена ўлады. І ў той жа час захаваць суверэнітэт дзяржавы. Беларусь павінна рухацца ў еўрапейскім кірунку развіцця з дэвізам: «Багаты і здаровы народ!» - так павінны жыць людзі ў цэнтры Еўропы. Спыніць адток людзей, якія масава з'язджаюць і не пакідаюць ніякай перспектывы для нашай дзяржавы. Беларусь - прыгожая краіна, мае ўнікальную прыроду.

Я вярнуўся прынцыпова, каб нешта тут змяніць на сваім узроўні. Назад дарогі няма, - заўважыў Андрэй Філанюк. - За ўсіх альтэрнатыўных вылучэнцаў аддам свой подпіс. Але каманда Ціханоўскага ў прыярытэце.

- Чаму вы паставілі подпіс за Святлану Ціханоўскую? - пацікавілася я ў двух маладых мужчын.

- Падабаецца каманда, напрыклад, кіраўнік каманды. Ціханоўскі аднойчы сказаў: «Жонка - за мужам». Падабаецца, што ён размаўляе з людзьмі, а асабліва тое, што ён слухае, што людзі кажуць. Мяне дастала інертнасць усёй беларускай дзяржаўнай сістэмы. Я хадзіў у аддзел адукацыі да новага начальніка, прасіў у школе арганізаваць курсы. Але выяўляецца, міністэрства адукацыі не зацікаўленае ў людзях, якія не належаць сістэме. Я - праграміст, - распавёў Павел.

- Я гляджу ўвесь час канал «Краіна для жыцця». Там асвятляюць думкі, якія мне былі не зусім зразумелыя. Падабаецца падыход Ціханоўскага. Ён самы яскравы на фоне іншых прэтэндэнтаў. Я прыйшоў сюды, бо балота дастала. Патрэбныя рэформы ў падатковай, фіскальнай і іншых сістэмах, - адказаў Віктар.

- Вы верыце ў тое, што нешта зменіцца?

– Вядома, ад майго подпісу, мажліва, і не. Але я не адзін прыйшоў, каб жыць «у краіне для жыцця», як у Сяргея Ціханоўскага. Аддаю подпіс за ягоную жонку. Думаю, што ў іх адны і тыя ж мэты і адзін і той жа погляд на тое, што адбываецца.

Сам я будаўнік - гэта самая запатрабаваная прафесія і заробак нядрэнны. Але ў мяне растуць дзеці. Я хачу, каб яны жылі ў іншай краіне, дзе стаўленне да людзей будзе належнае...калі мы будзем жыць паводле Канстытуцыі, тады ўсё і зменіцца... 26 гадоў спадзявацца, пачынаючы ад маіх бацькоў... і надзея застаецца. Яна павінна прысутнічаць. Хоць сітуацыя ў краіне амаль безнадзейная – разгаварыўся Максім.

Дождж зачасціў, вецер узмацніўся. Але пінчукі прадаўжалі стаяць у чарзе і яна не памяншалася. Я пацікавілася ў мужчыны сярэдняга веку, які адышоў ад стала ініцыятыўнай групы:

- Колькі часу вы прастаялі ў чарзе?

- Амаль дзве гадзіны, - адказаў Генадзь.

- Вы не баіцеся за наступствы?

- Мне ўжо баяцца няма чаго. Жыццё прайшло. Ды і здароўя няма. Ужо 65 гадоў. Лекі каштуюць 100-150 рублёў на месяц, а пенсія 350 рублёў. Калі было здароўе, працавала ў Расеі сядзелкай. А цяпер...прыйшла аддаць подпіс, каб іншая краіна была для моладзі. Мая пляменніца ў дэкрэце. Муж не працуе. Утрох жывуць на дзіцячую дапамогу. Хіба гэта жыццё? - з сумам заўважыла Ганна Іванаўна.

- Чаму вы выбралі менавіта гэтага вылучэнца?

- Сачу за палітычным жыццём. Прыйшла дзеля мужа Святланы. Больш па душы абяцанні Сяргея Ціханоўскага. Калі глядзіш ягоны канал, з'яўляецца надзея. Але жыць стала невыносна ў гэтых варунках. А вось надзея на перамены ёсць. Я веру ў гэтую каманду. Павінны быць змены. Абавязкова павінны! Я адчуваю, што нешта адбудзецца, – з надзеяй сказала прадпрымальніца Ліля.

Час падыходзіў да дзевяці гадзін вечара, і прадстаўнік ініцыятыўнай групы абвясціў, каб людзі прыходзілі заўтра.

29 траўня ў Гародні на пікеце для збору подпісаў у падтрымку кандыдата пратэсту Святланы Ціханоўскай затрымалі яе мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы блогера Сяргея Ціханоўскага.

Найлепшая падтрымка для арыштаванага ў Гародні блогера Youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага - прысутнасць на пікетах, якія праводзяцца ва ўсёй краіне ў ягоную падтрымку.

Падрабязны расклад пікетаў у Менску і рэгіёнах Беларусі на 31 траўня глядзіце тут.

Сайт Charter97.org заклікае ўсіх выконваць захады сацыяльнай дыстанцыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках