20 красавiка 2024, Субота, 17:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сказалі прыходзіць без масак»: як беларусаў заганяюць на парад

93
«Сказалі прыходзіць без масак»: як беларусаў заганяюць на парад

На масавае мерапрыемства падчас пандэміі хочуць адправіць нават дзяцей.

Лукашэнка заявіў, што на парад 9 траўня нікога «заганяць і цягнуць» не будуць. «Упэўнены, што і без настойлівых запрашэнняў, як звычайна бывае, людзей шмат будзе», - сказаў ён. Аднак у рэдакцыю tut.by паступаюць адно за адным паведамленні аб тым, што ў школах, універсітэтах і на дзяржпрадпрыемствах складаюць спісы ўдзельнікаў, прычым у некаторых выпадках кажуць прыходзіць на парад без масак - і гэта нягледзячы на рост захворвання каранавіруснай інфекцыяй і рэкамендацыі спецыялістаў САЗ адмовіцца ад масавых мерапрыемстваў.

Што кажуць у школах

- З управы адукацыі тэлефануюць і ў загадным парадку кажуць, што дырэктар і яго намеснікі павінны быць на парадзе. Усё гэта ва ўльтыматыўнай форме, нават слухаць нас не хочуць, - паведаміў у рэдакцыю супрацоўнік школы Партызанскага раёна Менска. - Усе школы нашага раёна абтэлефанавалі. Сярод дырэктараў і завучаўў ёсць людзі старэйшыя за 60 гадоў. Сказалі прыходзіць без масак. Як гэта тлумачаць? Ды ніяк. Мы павінны ўзяць з сабой маленькі сцяжок і на куртку павесіць знак «яблыневую кветку». Загадчыца сектарам выхаваўчай і ідэалагічнай работы збірае прозвішчы людзей. Калі адмаўляешся, кажа, што будзе паведамляць пра гэта начальніку ўправы. Педагогаў і дзяцей у гэтым годзе на парад не збіраюць.

Загадчыца сектарам выхаваўчай і ідэалагічнай работы ўправы адукацыі Партызанскага раёна Вольга Пінтусава адмовілася растлумачыць сітуацыю:

- Я нічога такога не ведаю, і абмяркоўваць гэтую тэму з вамі я не буду, - заявіла спецыялістка.

У рэдакцыю звярталіся таксама супрацоўнікі школ у Першамайскім і Маскоўскім раёне. «Прыйшоў ліст, што ад школы патрабуюць прыход шасці чалавек на парад», - пішуць педагогі.

Што кажуць у Акадэміі навук

Супрацоўнікі інстытута, падначаленага Нацыянальнай акадэміі навук, даслалі ў рэдакцыю ліст, у якім адзначаецца, што «ў сувязі з даручэннем Савета міністраў Рэспублікі Беларусь фармуецца спіс удзельнікаў параду Перамогі, які адбудзецца 9 траўня 2020 года. Просьба накіраваць у НАН Беларусі спіс удзельнікаў ад вашай арганізацыі, у тым ліку з сямейнікамі ». І далей па кожным навуковам інстытуце прапісана, колькі павінна быць удзельнікаў. Напрыклад, ад інстытута фізікі - два чалавекі, ад інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў - восем чалавек, ад інстытута праблем інфарматыкі - дзевяць чалавек і гэтак далей па кожнай арганізацыі, падпарадкаванай НАН, усяго - 89 чалавек.

- Ад кожнага інстытута, як паказана ў лісце, на свята павінна прыйсці пэўная колькасць удзельнікаў, - распавёў супрацоўнік аднаго з навуковых інстытутаў. - Ад нашага інстытута пайшоў адказ са спісам тых, хто будзе ўдзельнічаць. Як іх набіралі, не ведаю. Кіраўніцтва ў нас адэкватнае, мяне асабіста не прымушалі, і я на парад не збіраюся. У калег, з якімі абмяркоўвалі гэтае пытанне, такая ж пазіцыя: цяпер трэба берагчы сябе і навакольных.

Што кажуць у ВНУ

Больш за ўсё паведамленняў аб удзеле ў парадзе традыцыйна прыходзіць ад студэнтаў. Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якія жывуць у 2-м інтэрнаце, пішуць, што за ўдзел у парадзе ім абяцаюць «закрыць адпрацоўкі», гэта значыць дазволяць не адпрацоўваць прапушчаныя заняткі. Прэс-сакратарка ўніверсітэта Аксана Курбека коратка патлумачыла: «Без каментароў. Нічога такога я не чула і не ведаю».

Гледачоў для парада шукаюць і сярод студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, ім таксама абяцаюць «закрыць адпрацоўкі», паведамляюць студэнты. Аднак у прэс-службе ўніверсітэта паведамілі, што нічога не ведаюць пра ўдзел студэнтаў на парадзе 9 траўня.

У БНТУ схадзіць на парад запрашаюць і выкладчыкаў. У прэс-службе не змаглі растлумачыць сітуацыю, датэлефанавацца да першага прарэктара Георгія Вяршыны не ўдалося.

- Ніякіх афіцыйных дакументаў няма, усё на словах, - растлумачыў супрацоўнік БНТУ. - Я спытаў: «У вас ёсць афіцыйны загад? Няма? Значыць, я не абавязаны нікуды ісці». Проста трэба правільна адказваць. Наколькі мне вядома, ніхто з маіх калег таксама не збіраецца на парад.

Студэнты адразу некалькіх факультэтаў БДУ таксама паведамляюць, што складаюць спісы тых, хто пойдзе на парад. У сацсетках нават пісалі, што за ўдзел будуць плаціць - па 20 рублёў. Ва ўніверсітэце гэтую інфармацыю называюць хлуснёй.

- Нашы студэнты і выкладчыкі рэгулярна бяруць удзел у розных мерапрыемствах, прымеркаваных да важных падзей. Традыцыйна прадстаўнікі і моладзь БДУ запрашаюцца на ўрачысты парад. Гэты год не стаў выключэннем. Важна разумець, што кожнае запрашэнне - гэта не прымус, а асаблівая добраахвотная і асабістая ініцыятыва кожнага, - кажуць у прэс-службе. - Тое, што распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках пра «нейкія бонусы за наведванне параду» не з'яўляецца афіцыйнай і дакладнай інфармацыяй. Гэта ўсяго толькі ананімныя скрыншоты або хлусня. Нагадаем, што ў нас не спыняўся навучальны працэс. Заняткі ідуць згодна з зацверджаным графікам, нядаўна скончылася размеркаванне. Ва ўніверсітэце выконваюцца ўсе санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы. Але пры гэтым кожны вызначае самастойна, наколькі актыўна весці свой лад жыцця.

Студэнты міжнароднага ўніверсітэта МІПСА атрымалі запрашэнне на парад ад старастаў, у паведамленні пазначана, што для МІПСА выдаюць асобную трыбуну.

- Ва ўніверсітэце праводзіцца шэраг грамадска-патрыятычных мерапрыемстваў да 75-годдзя Перамогі, таму мы інфармуем студэнтаў, што можна схадзіць на парад, - растлумачылі ў прэс-службе. - Мы проста запрашаем студэнтаў. Калі хтосьці адмаўляецца, ніякіх наступстваў не будзе. Усё на добраахвотнай аснове.

Што кажуць БРСМ і прафсаюзы

У БРСМ кажуць, што таксама нікога не прымушаюць браць удзел у парадзе.

- У складзе самога парада мы будзем несці палотнішча пераможцаў (палатно памерам 6 × 12 м у выглядзе сцяга Беларусі з вышытымі імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны - беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі), - растлумачыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта арганізацыі Дзмітрый Варанюк. - Гледачоў для парада мы не збіраем, я нікому такіх задач не ставіў - ні вусна, ні пісьмова. Што тычыцца інфармацыі ў тэлеграм-каналах аб тым, што студэнтаў прымушаюць ісці на парад, то я да гэтага стаўлюся скептычна. І шчыра кажу: БРСМ да гэтага ніякага дачынення не мае, нашы першасныя арганізацыі гэтым не займаюцца. Што да ўдзелу ў парадзе, то я ўжо выказваў свой пункт гледжання: хто хоча прыйсці на парад - няхай прыходзіць, хто хоча застацца дома - хай застаецца дома. Ніхто нікога не прымушае. Для людзей, якія прыйдуць на свята, будуць забяспечаны неабходныя прафілактычныя меры.

У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі заявілі, што сябры арганізацыі будуць браць удзел у парадзе. У рэдакцыю звярталіся супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў, якія распавялі, што спісы ўдзельнікаў збіраюць прафкамы. Ва ўстановах, падпарадкаваных Мінпрыроды.

- Міністр будзе браць удзел у парадзе, - заявілі ў прэс-службе Мінпрыроды. - Але ніякіх афіцыйных дэлегацый ад міністэрства не фармуецца.

У прэс-службе ФПБ кажуць, што скаргаў на тое, што на месцах людзей прымушаюць браць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, не паступала.

- 9 траўня - гэта самае галоўнае свята для нашай краіны. Гэта не толькі дзяржаўнае свята. Яно носіць асабістае адценне для кожнага беларуса, бо ў Беларусі няма сям'і, якую б не закранулі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Традыцыйна свята шырока адзначаецца ў нашай краіне. І мы таксама будзем браць удзел у яго святкаванні, - паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках