1 чэрвеня 2020, панядзелак, 19:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сойме Літвы ініцыявалі рэзалюцыю пра рэвізіянізм Расеі

2
У Сойме Літвы ініцыявалі рэзалюцыю пра рэвізіянізм Расеі
ФОТА: VIDA PRESS

Крэмль апошнім часам імкнецца апраўдаць пакт Молатава-Рыбентропа.

У парламенце Літвы ініцыюецца яшчэ адна рэзалюцыя пра прычыны Другой сусветнай вайны і гістарычны рэвізіянізм, які ажыццяўляецца Расеяй, піша Delfi.

Сёмага красавіка падобную рэзалюцыю дэпутаты прынялі паводле прапановы міністра замежных спраў Лінаса Лінкявічуса. Зараз новую рэзалюцыю ініцыююць сябры сойма: Арунас Гумуляўскас ад кіруючых «аграрыяў», кансерватар Эмануэліс Зінгерыс, ліберал Віктарам Чміль-Нельсен.

«Гэтая рэзалюцыя значна шырэйшая», - заявіў у сераду BNS А. Гумуляўскас.

«Яна адказвае на мноства пытанняў: пра акупацыю падчас вайны, праблематыку ваенных злачынстваў», - сказаў дэпутат.

Ён сцвярджае, што рэзалюцыя Л. Лінкявічуса больш прызначалася замежнай палітыцы, а прапанаваная імі - літоўскай грамадскасці.

«Гэтая рэзалюцыя больш поўная, больш змястоўная (...), яна адлюстроўвае больш поўную карціны ацэнкі таго гістарычнага перыяду», - адзначыў А. Гумуляўскас.

У зарэгістраваным праекце рэзалюцыі адзначаецца, што адной з асноўных прычын пачатку Другой сусветнай вайны быў пакт Молатава-Рыбентропа 1939 года і таемныя пратаколы да яго паміж нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам, паводле якіх была падзеленая Цэнтральная і Усходняя Еўропа.

«Адначасова пазбаўленне дзяржаўнасці гэтых краін стала і адной з перадумоў страшнай трагедыі Халакоста», - гаворыцца ў праекце.

У ім таксама акцэнтуецца, што канец Другой сусветнай вайны прынёс дзяржавам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы не свабоду, а «таталітарны прыгнёт і савецкую акупацыю, якія доўжыліся пяць дзесяцігоддзяў, генацыд, ваенныя злачынствы і брутальныя злачынствы супраць чалавечнасці».

У рэзалюцыі звяртаецца ўвага на тое, што зараз Расея імкнецца абвінаваціць краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў тым, што яны спрыялі пачатку Другой сусветнай вайны.

Сойму прапануецца звярнуцца ў Еўрапарламент, да парламентаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, міжнароднай грамадскасці з заклікам супрацьстаяць рэвізіянізму гісторыі, што праводзіцца Расеяй, і дэзінфармацыі, што распаўсюджваецца.

Сёмага красавіка сойм Літвы таксама прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў гістарычны рэвізіянізм, які праводзіцца Расеяй, і дэзінфармацыі, якая распаўсюджваецца ёю, а таксама заклікаў Еўрапарламент (ЕП) і палітыкаў Цэнтральнай Еўропы аказваць гэтаму сумесны супраціў.

Гэтая рэзалюцыя была прынятая ў якасці падтрымкі Польшчы, якую Расея абвінаваціла ў тым, што яна спрыяла пачатку Другой сусветнай вайны. За яе аднагалосна прагаласавалі 97 дэпутатаў.

Сойм Літвы ў рэзалюцыі падкрэслівае, што ўшаноўвае памяць удзельнікаў вайны, якія змагаліся з нацызмам, аднак лічыць неабходным асудзіць Расею за тое, што яна ілжыва адмаўляе ролю Савецкага Саюза ў развязванні вайны і прымяншае злачынствы СССР у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля вайны.

Згодна з прынятай рэзалюцыяй, гістарычным рэвізіянізмам і дэзінфармацыяй Масква імкнецца «апраўдаць цяперашнюю агрэсіўную палітыку і агрэсію супраць суседніх дзяржаў, пасеяць недавер у заходняй супольнасці, раскол у Еўразвязе і NATO».

Расейскае кіраўніцтва апошнім часам імкнецца апраўдаць пакт Молатава-Рыбентропа і таемныя пратаколы да яго, на падставе якіх напярэдадні вайны СССР і нацысцкая Нямеччына падзялілі паміж сабой Усходнюю Еўропу.