23 красавiка 2024, aўторак, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Лукашэнка псіхічна хворы і чыніць злачынства

108
Гары Паганяйла: Лукашэнка псіхічна хворы і чыніць злачынства
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Дыктатар павінен быць адхілены ад улады згодна з 88 артыкулам Канстытуцыі.

З кожным днём сітуацыя з каранавірусам у Беларусі становіцца ўсё больш жахлівай. Аднак беларускія ўлады ігнаруюць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. Лукашэнка цісне на тое, каб 9 траўня ў Менску адбыўся вайсковы парад.

У СМІ ўжо з'явілася інфармацыя аб тым, што школьнікаў, студэнтаў і бюджэтнікаў прымусова заганяюць на гэтае мерапрыемства. Адная з галоўных умоў - людзі павінны прыходзіць без масак, што ставіць пад пагрозу тысячы жыццяў.

Сітуацыю з парадам падчас пандэміі сайту Charter97.org пракаментаваў старшыня юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» Гары Паганяйла.

- Гары Пятровіч, праваабаронцы раскрытыкавалі пастанову правесці парад падчас пандэміі каранавіруса. Растлумачце вашу пазіцыю і стаўленне да параду.

- Гэта проста вычварэнства і грэбаванне жыццямі і здароўем сотняў тысяч людзей. Лукашэнка чыніць злачынства.

Звязваю ягоныя паводзіны з тым, што гэты чалавек псіхічна хворы. Лукашэнка нішчыць краіну, нашых людзей, але праз свой хваравіты стан не разумее, што робіць.

Лідары многіх дзяржаў яму рэкамендуюць, што так рабіць нельга. Была місія САЗ, даследавала сітуацыю і таксама выдала рэкамендацыі, якія практычна не выконваюцца.

Толькі з афіцыйных звестак у нас ужо больш за 19 тысяч заражаных, смерцяў - больш за 100. Сама сітуацыя характарызуецца тым, што набраная хуткасць распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі самая высокая сярод найбліжэйшых краін, ды і ў Еўропе мы ў лідарах. Усё праз тое, што своечасова не былі распачатыя дзеянні для ўвядзення карантынных захадаў.

Можа, Лукашэнка сёння і ўсведамляе, што сітуацыя з COVID-19 проста жахлівая, але ён не звык адступаць. Думаю, што парад цешыць яго самалюбства: пастаяць у форме генералісімуса, паставіць побач сына, прадэманстраваць усяму свету, што ён з пагардай ставіцца да ўсіх рэкамендацый, што ён «самы разумны» і нічога не баіцца.

Наколькі я ведаю, ужо сілком заклікаюць ісці на гэты парад. Ідуць разнарадкі па навучальных установах, прадпрыемствам. Лукашэнку патрэбная масавасць, поўныя трыбуны. Войскі не могуць дэфіляваць сярод віртуальных выяў.

Я дзіўлюся рэакцыі большасці лідараў іншых дзяржаў. Бо яны разумеюць, што чыніць Лукашэнкі і не асуджаюць яго выразна і адназначна. Той жа Пуцін-сябрук, тыя ж суседзі-ўкраінцы. Разумею, што ў справы іншых дзяржаў нельга ўмешвацца, але тут трэба быць паслядоўнымі.

- Вы згадвалі, што беларусаў заганяюць на парад. Адная з галоўных умоў - людзі павінны прыходзіць без масак. Беларусы падстаўляюць сябе пад небяспеку. Ці з'яўляецца гэта злачынствам з юрыдычнага пункту гледжання?

- Пачнем з таго, што ўсякі прымус незаконны. Прыход на масавыя акцыі можа быць толькі добраахвотны.

Што да адсутнасці масак - дык Лукашэнка сам падае людзям такі прыклад. Ён раз'язджае па краіне, праводзіць сустрэчы і ўсё гэта без масак. Дадзеная такая каманда - «ад каранавіруса ніхто не памрэ». Таму мы бачым, што людзі паміраюць не ад COVID-19, а ад іншых хранічных захворванняў.

Гэта тактыка і ідэалогія Лукашэнкі. Зразумела, што ён падстаўляе пад небяспеку многіх людзей, якія, магчыма, пад адміністрацыйным ціскам будуць сагнаныя на парад. Праход у шчыльным шэрагу, папярэдняя падрыхтоўка і сам парад - таксама могуць выклікаць заражэнні сярод многіх вайскоўцаў, якія будуць браць удзел у ім.

Далей - больш. Лукашэнка даў каманду «нікога сілком з ветэранаў не запрашаць на парад», але я ж ведаю, што каманда будзе дадзеная, прывязуць іх туды. Таму што такая прыхамаць Лукашэнкі - правесці паўнавартасны вайсковы парад на 9 траўня. Ён адсвяткуе гэтую перамогу, магчыма, дзясяткамі трунаў і «не пастаіць за коштам».

Калі будуць дадзены нейкія экспэртныя высновы спецыялістаў судмедэкспэртызы, адміністрацыйных юрыстаў, прававедаў, што такога кшталту палітычны ўплыў на сітуацыю быў згубным для многіх сотняў і тысяч людзей, то магчымая крымінальная адказнасць.

Але гэта велізарная праца з вялікай колькасцю даследаванняў, пошукам прычынна-выніковых сувязяў у дзеяннях палітычнага кіраўніцтва, адказнага за тое, што адбываецца ў краіне.

Іншая рэч - калі б міністр абароны быў смелым, то мог бы не выконваць загад галоўнага кіраўніка, уважаючы яго за злачынны. Але калі ён толькі разявіць рот на гэты конт - яго тут жа звольняць і прыйдзе іншы, больш згодлівы таварыш.

Нават шараговыя камандзіры рот, батальёнаў, якія будуць удзельнічаць у парадзе, кожны з іх, усвядоміўшы адказнасць перад вайскоўцамі, іх сваякамі, сказаў бы: «Не, я свой батальён не павяду на парад у гэтых умовах». Але і такіх камандзіраў не знойдзецца ў нашым войску. Яны не здольныя сёння супрацьстаяць такога кшталту загадам.

- Як абараніць сябе ад прымусовага загону на парад? Ці можа чалавек, спасылаючыся на Канстытуцыю і законы, адмовіцца?

- Трэба проста не ісці. Трэба проста набрацца смеласці і сказаць: «Не, я на гэта прымусовае масавае мерапрыемства не пайду». Гэта добраахвотная справа, таму нікога не могуць прыцягнуць да адказнасці. Так, трэба разумець, што ў нас неканстытуцыйная ўлада, якая не абапіраецца на закон і будзе шукаць спосабы, як пакараць чалавека.

Напрыклад, звальненне работніка, калі гэта бюджэтная арганізацыя, калі гэта студэнт - могуць пару двоек паставіць. Трэба разумець, што краіна ў руках аднаго халдэя.

Як змяніць гэтую сітуацыю - гэта пытанне да нашай апазіцыі, дэмакратычных рухаў, тых, хто ўдзельнічае ў палітыцы. Перш за ўсё, тлумачыць народу штодня, што адбываецца ў краіне, чаму гэты паганы чалавек не мае рацыю, чаму ён з'яўляецца ворагам народа беларускага і ўсяго нашага насельніцтва. Патрэбны арганізаваныя сілы, каб людзі ў нейкіх формах супраціўляліся. Усё гэта ў гісторыі ўжо адпрацавана, усе гэтыя формы і метады вывучаныя. Іншая рэч - наколькі яны дастасавальныя ва ўмовах Беларусі, наколькі магчымыя ў нас.

Калі па сутнасці - Лукашэнка паводзіць сябе настолькі агідна, што я б параўнаў гэта з гітлераўскім кіраўніцтвам, якое многіх пасылала на смерць. Тое, што ён робіць, гэта генацыд уласнага народа. Павінна быць прынятая палітычная ацэнка ягоным дзеянням у гэтым выпадку.

Лукашэнка даўно напрацаваў на 88-ы артыкул Канстытуцыі, у якой гаворыцца, што кіраўніка дзяржавы можна адхіліць ад улады за здраду або іншае цяжкае злачынства. Гэта і замова знішчыць сваіх апанентаў, і захоп улады неканстытуцыйным шляхам у выніках так званага рэферэндуму лістапада 1996 года, утрыманне захопленай улады і г.д. Гэтых злачынстваў у Лукашэнкі процьма, за ўсё павінен адказваць.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках