25 красавiка 2024, Чацвер, 23:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

9 траўня на трыбуне будуць стаяць толькі ўбраныя

58
9 траўня на трыбуне будуць стаяць толькі ўбраныя
Андрэй Саннікаў

Не бярыце ўдзелу ў парадзе смерці, які ладзіць серыйны маньяк.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў:

«Дзень 9 траўня час нарэшце выкрасліць з нашай гісторыі.

Рэч нават не ў парадзе смерці, які ладзіць серыйны маньяк.

Рэч у тым, што дата 9 траўня канчаткова аддзялілася ад перамогі над нацызмам.

Гэты дзень ужо шмат гадоў не мае нічога агульнага з перамогай.

Яго істэрычна святкуюць толькі махляры, заселыя ва ўладзе.

У гэты дзень на ўрадавых трыбунах звычайна стаяць толькі пераапранутыя. Яны нікога не прэзентуюць, іх ніхто нікуды не абіраў, яны маюць такое ж дачыненне да нашай краіны, як выграбная яма да шахматаў.

Некаторыя з іх, магчыма, і нарадзіліся ў Беларусі, але так і не зразумелі гэтага.

Пераапранутая трыбуна сілком, разнарадкамі збірае на пацеху сабе паняволеных гледачоў.

Ні адзін чалавек у здаровым розуме і на цвярозую галаву добраахвотна не пойдзе глядзець на гэтае ўбогае дзейства. Зганяюць запалоханых.

На гэтым парадзе не бывае ветэранаў. Іх сёння засталося зусім няшмат, яны ўсе кепска пачуваюцца, але розуму яны не страцілі і разменьваць памяць на балаган не збіраюцца.

На гэтым вайсковым парадзе не бывае афіцэраў. Тыя афіцэры, якія, як Мікола Статкевіч, прымалі прысягу на вернасць Беларусі, а не дыктатару, гэтую незаконную ўладу не прызнаюць.

А тыя, хто стаіць побач з дыктатарам у блазенскіх фуражках і з мокрымі ад страху штанамі, гэта хіба афіцэры?

Сама дата, 9 траўня, была задуманая стваральнікамі фальшывай, або, як сёння кажуць, фэйкавай гісторыі не як дата перамогі ў вайне над нацыстамі, а як дата перамогі сталінізму ў Еўропе.

Вайна на нашым кантыненце скончылася 8 траўня 1945 года. Акт аб капітуляцыі быў першапачаткова падпісаны 7 траўня ў французскім Рэймсе, аднак Сталін не захацеў яго прызнаць і запатрабаваў перападпісаць капітуляцыю ў сталіцы рэйху. Генерал Эйзенхауэр тут жа пагадзіўся, і 8 траўня адбылося яшчэ адно падпісанне капітуляцыі, ужо ў Берліне. З таго часу дзень 8 траўня і ўважаецца Днём Перамогі ў Еўропе (VE Day).

Сталіну гэты дзень не падышоў з ідэалагічных прычынаў, і ён прызначыў святкаванне на 9 траўня, каб недвухсэнсоўна аддзяліць сябе ад Еўропы. З таго часу ў Савецкім Саюзе і святкаваўся гэты дзень – дзень перамогі Сталіна.

У Беларусі ўнукі рабога дыктатара прадаўжаюць ягоныя традыцыі наменклатурных оргій, якія не маюць ніякага дачынення ні да перамогі, ні тым больш да трагедыі беларусаў у той вайне.

Не можа быць павагі да такіх святаў.

9 траўня 2020 года ў Менску, сталіцы Беларусі, не будзе ваеннага параду. Гэта будзе цынічнае публічнае злачынства, арганізаванае рэжымам. Злачынства, якое мае мэтай заразіць як мага больш людзей каранавірусам. Псіхапатычная ўлада нават не хавае сваіх намераў. Пры гэтым можна быць упэўненым, што ўсе захады засцярогі для сябе асабіста дыктатар прыме, і побач з ім будуць стаяць служкі пасля 14-дзённага карантыну і шматразовых негатыўных тэстаў.

А астатняя масоўка? Так і пойдуць пакорліва заражацца, а потым разносіць вірус у сем'і?

Хочацца чарговы раз сказаць ім: не рызыкуйце сваімі жыццямі, улагоджваючы вар'ята, зрабіце крок у бок ад страху. Гэта ўратуе вам жыццё.

Няма больш дня Перамогі 9 траўня. Гэтая дата дасягнула свайго лагічнага канца, як дата, навязаная злачынцамі, якую сёння святкуюць такія ж злачынцы, што зневажаюць памяць народа.

Каму, як не нам у Беларусі, далучыцца да сумленнага Дня Перамогі – 8 траўня. Адзначым яго разам з усёй Еўропай без вайсковых парадаў, перш за ўсё як дзень памяці мільёнаў ахвяраў той вайны.

Памянем тых, якія пайшлі, вып'ем з жывымі. Паглядзім добрыя фільмы, напрыклад «Беларускі вакзал», «У бой ідуць адны старыя» і «Сачыненне да дня Перамогі».

Гэтыя фільмы, вядома ж, толькі прыгожыя казкі пра тую вайну і пра жыццё пасля яе. Вядома ж, усё было не так. Але яны ўсё ж пра тое, без чаго нам не выжыць: пра каханне, пра сяброўства скрозь гады, пра памяць, пра тое, што галоўнае падчас войнаў – заставацца чалавекам.

Ну, а 9 траўня лепш нават тэлевізар не ўключаць. Там будзе толькі хлусня і фальш.

З Днём Перамогі! З 8 траўня!»

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках