5 чэрвеня 2020, Пятніца, 17:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка праводзіць эксперыменты над людзьмі таксама, як доктар Менгеле

31
Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка праводзіць эксперыменты над людзьмі таксама, як доктар Менгеле
Нюрнбергскі працэс.
Фота: National Archives, courtesy of USHMM/Raymond D’Addario

«Выбары» ў перыяд эпідэміі праводзіць нельга. Суд над злачынцамі абавязкова адбудзецца.

Лукашэнкаўская «палатка» прызначыла правядзенне «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі на 9 жніўня. Усё гэта адбываецца на фоне рэзкага пагаршэння сітуацыі з эпідэміяй каранавірусу ў Беларусі. Незалежныя эксперты кажуць, што СOVID-19 у Беларусі заразіліся блізу мільёна чалавек, колькасць памерлых – некалькі тысячаў.

Сітуацыю з «выбарамі» падчас эпідэміі ў Беларусі сайта Charter97.org каментуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

– Беларуская ўлада паказвае свой злачынны характар. Мы ведаем, што ў шэрагу цывілізаваных краінаў выбары перанесеныя на больш позні тэрмін. Робіцца ўсё, каб не падстаўляць пад небяспеку жыцці людзей.

Для кіроўнай клікі ў Беларусі выгодна, каб у той час, калі беларусы занятыя ў літаральным сэнсе гэтага слова выжываннем, лёгкім спосабам прадоўжыць свае паўнамоцтвы і ўзурпацыю ўлады.

З гісторыі вядома, што нямецкія нацысты, японскія ваенныя злачынцы на акупаваных тэрыторыях праводзілі эксперыменты з біялагічнай зброяй на ваеннапалонных і вязнях канцлагераў. Вядомы доктар Ёзэф Менгеле стаў увасабленнем злачынных эксперыментаў, калі вязняў лагераў (у тым ліку – дзяцей) заражалі і назіралі, што з імі будзе адбывацца.

Лукашэнка дзейнічае гэтак сама, як фашыст Менгеле. Толькі ў адрозненне ад нямецкіх нацыстаў і японскіх ваенных злачынцаў ён праводзіць доследы на сваім уласным насельніцтве і ў значна большых маштабах.

Беларускія ўлады адмаўляюцца выконваць рэкамендацыі спецыялістаў аховы здароўя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Сусветнай арганізацыі здароўя, якія рэкамендавалі скасаваць масавыя мерапрыемствы і ўвесці карантын.

Лукашэнка і ягоныя памагатыя ўсё робяць наадварот – праводзяць парад і абвяшчаюць у пік эпідэміі так званую выбарчую кампанію. Сёння адназначна можна казаць пра прыкметы генацыду ў Беларусі. Для абароны ўласных жыццяў беларусы маюць права на любыя дзеянні.

Сёння шэраг краінаў выставілі юрыдычныя прэтэнзіі ўраду КНР за злачыннае ўтойванне інфармацыі пра эпідэмію каранавірусу, што прывяло да шматлікіх смерцяў і велізарнай эканамічнай шкоды. Лукашэнка не толькі хавае інфармацыю ад грамадзянаў Беларусі, але і праводзіць спланаваную палітыку іх масавага заражэння, якая ўжо прывяла да велізарнай колькасці загінулых.

– У якім стане да «выбараў» падыходзіць улада і беларускае грамадства?

– Улады з дапамогай так званых выбараў спрабуюць адарваць увагу ад масавых смерцяў, якія ўжо немагчыма хаваць. Шматлікія адмыслоўцы кажуць, што ў Беларусі каранавірусам заражаныя блізу мільёна чалавек. Мы ведаем, што статыстыка ва ўсіх краінах прыкладна аднолькавая і пры заражэнні такой колькасці людзей – не менш за 20 тысячаў чалавек памруць. Ужо можна казаць, што ў Беларусі памерлі некалькі тысячаў чалавек.

Велізарны ўдар нанесены па беларускай сістэме аховы здароўя. Каранавірусам заражаныя тысячы медыкаў, многія з іх памерлі. Папоўніць гэтыя страты будзе вельмі цяжка, а наступствы будуць насіць доўгачасовы характар.

Актыўная частка беларускага грамадства паказала здаровае мысленне і здольнасць да самаарганізацыі. Мы ведаем, што ідэя Народнага карантыну паўстала менавіта знізу і была падтрыманая лідарамі апазіцыі. Беларусы ўсяляк супраціўляюцца вар'яцкім дзеянням уладаў і калі Лукашэнка абвесціў 1 траўня навучальным днём для школьнікаў, 95% беларускіх бацькоў не пусцілі дзяцей на заняткі.

Людзі інтуіцыйна разумеюць, што Лукашэнка сёння дзейнічае таксама, як нямецкія нацысты і іх хаўруснікі падчас Другой сусветнай вайны ў дачыненні да мірнага насельніцтва. Пры ўсёй сваёй разважлівасці і асцярожнасці беларусы пачынаюць актыўна супраціўляцца тым, хто спрабуе іх фізічна знішчыць. Такое не раз бывала ў нашай гісторыі.

– Падчас «парламенцкіх выбараў» летась беларускія блогеры паставілі пытанне «што далей?». Ці ёсць адказ на гэтае пытанне сёння?

– У найбліжэйшы месяц, падчас разгару эпідэміі ў нашай краіне, трэба максімальна берагчы здароўе і жыцці нашых родных, блізкіх і сяброў. Асабліва – людзей старэйшага пакалення.

Таму патрэбны байкот усялякіх ініцыятыў уладаў, якія ставяць жыцці людзей пад пагрозу – парадаў, суботнікаў і так званых выбараў.

Далей неабходныя калектыўныя дзеянні ў рамках кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання дыктатуры. Міжнародная супольнасць і законы будуць на баку беларусаў: рэжым паказаў свой злачынны характар усяму свету. Калі раней мы чулі, што «дыктатура ў Беларусі досыць мяккая, няма масавых забойстваў, як пры іншых рэжымах», то сёння абсалютна ясна што дзеянні ўладаў і іх бяздзейнасць (напрыклад – неўвядзенне карантыну) прывялі да тысячаў і тысячаў смерцяў.

Разумеючы пагрозу для жыццяў, беларусы могуць выкарыстоўваць для сваёй абароны тыя метады, якія неабходныя ў гэтай сітуацыі: байкот злачынных загадаў і мерапрыемстваў рэжыму, нявыплата падаткаў, забастоўкі, «італьянскія забастоўкі» ў выпадку, калі звычайная забастоўка немагчымая, падрыхтоўка масавых акцый пратэсту ў перыяд, калі эпідэмія пойдзе на спад, збор інфармацыі пра злачынствы рэжыму.

З прычыны таго, што Лукашэнка перайшоў да масавага забойства насельніцтва Беларусі, ён павінен быць адхілены ад улады як мага хутчэй – цягам некалькіх месяцаў.

– Ці ёсць у Беларусі здаровыя сілы, якія маглі б узяць на сябе такую адказнасць?

– У нашай краіне дастаткова мужных людзей, здольных узначаліць пратэсты і ўвайсці ва Урад Нацыянальнага Выратавання.

Раней пад асноўны ўдар траплялі прадстаўнікі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежныя журналісты. Нас звальнялі з працы, выключалі з універсітэтаў, мы ішлі ў турмы, нашых лідараў забівалі. Сёння ж Лукашэнка развязаў прамую вайну супраць большасці беларусаў.

Адной з мэтаў уладаў у гэтай выбарчай кампаніі з'яўляецца спроба задзейнічаць у злачынствах, якія падпадаюць пад вызначэнне генацыду, як мага большую колькасць людзей. Адна рэч – фальсіфікацыя выбараў, іншая – удзел у генацыдзе. Гэта павінны разумець усе, пачынаючы ад чыноўнікаў самага высокага рангу і заканчваючы настаўнікамі, якіх будуць цягнуць у выбарчыя камісіі.

Аднак сітуацыя такая, што тыя, каго Лукашэнка хоча зрабіць ка`тамі, самі аўтаматычна становяцца ахвярамі. Паміраюць вайскоўцы, міліцыянты, дырэктары заводаў, святары, чыноўнікі і настаўнікі. Успышкі захворвання пачынаюцца менавіта пасля дзеянняў уладаў – адмовы ад карантынных мерапрыемстваў, заклікаў прыйсці ў храм, рэпетыцый параду, суботнікаў.

Людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, і тыя, каго хочуць задзейнічаць у гэтых злачынных дзеяннях, ужо разумеюць, што яны самі знаходзяцца ў групе рызыкі. Мы бачым стыхійныя дзеянні беларусаў у самаабароне, cтупень абурэння беларускага грамадства дзеяннямі ўладаў – велізарная. Усё гэта дае падставы меркаваць, што планы Лукашэнкі зазнаюць крах.

Сёння ў апазіцыю да рэжыму перайшла абсалютная большасць насельніцтва, у тым ліку – частка ўладных структураў, якая ўсведамляе, што Лукашэнка смяротна небяспечны для іх саміх. Частка чыноўнікаў ужо сабатуе загады рэжыму і можа выступіць супраць той вузкай групы, якая арганізавала генацыд.

Мне здаецца, што прызначэнне даты «прэзідэнцкіх выбараў» паскарае ўсе працэсы ў Беларусі і развязка наступіць гэтым летам. За арганізацыю масавых забойстваў Лукашэнка будзе адхілены ад улады і адбудзецца міжнародны суд над дыктатарам і ягонымі паслугачамі.