19 красавiка 2024, Пятніца, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

93-гадовы ветэран: Гэтая эпідэмія – як вайна, парад праводзіць нельга

33
93-гадовы ветэран: Гэтая эпідэмія – як вайна, парад праводзіць нельга
ФЕЛІКС ШКІРМАНКОЎ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Франтавік і кавалер баявых узнагародаў раіць адзначаць Дзень Перамогі ў коле сям'і.

Нягледзячы на шматлікія рэкамендацыі лекараў з Сусветнай арганізацыі здароўя, беларускія ўлады ў разгар эпідэміі каранавірусу праводзяць вайсковы парад.

Падчас ягонай падрыхтоўкі незалежныя СМІ зарэгістравалі факты масавага заражэння COVID-19 вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў рэпетыцыях. Медыкі і апазіцыйныя палітыкі не раз папярэджвалі, што правядзенне такога мерапрыемства справакуе новы ўсплёск эпідэміі ў Беларусі.

Што думаюць пра сённяшні парад самі ветэраны?

Сайт Charter97.org пагутарыў з Феліксам Шкірманковым, 93-гадовым ветэранам Другой сусветнай са Слаўгарада Магілёўскай вобласці. У 1941 годзе Фелікс Шкірманкоў пайшоў у партызаны. У лістападзе 1943-га быў цяжка паранены. Скончыў ваенна-інжынерную вучэльню ў званні малодшага лейтэнанта і быў накіраваны на 4-ы Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзвода. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені, «За перамогу над Германіяй».

– Вы сышлі ў партызаны ў 1941 годзе, калі Вам было ўсяго толькі 15 гадоў. Што для Вас азначае Дзень Перамогі?

– У чэрвені 1941 года ў Глуску быў створаны знішчальны батальён, былі такія фармаванні для барацьбы з нацысцкімі дэсантнікамі-парашутыстамі. Я трапіў у такі батальён, і гэта быў мой першы крок у вайне.

А потым ужо, у ліпені 1941 года, у Гомелі стварылі Першую партызанскую роту Беларусі. У складзе гэтай роты быў і я, яе накіравалі ў Мазыр. Задачай гэтай роты было пачаць партызанскую барацьбу ў тыле праціўніка.

Але з гэтага нічога не атрымалася, таму што знайшоўся здраднік, які даклаў немцам пра тое, што ў лесе ствараецца партызанская база – а яна сапраўды там стваралася. Пасля гэтага вораг атакаваў і знішчыў большую частку нашай базы. Таму наша рота надалей улілася ў склад Чырвонай арміі.

Што для мяне азначае свята Перамогі? Гэта пытанне, на якое ў двух словах цяжка адказаць. Гэта, як у той песні спяваецца, – свята са слязамі на вачах. Гэта ўспаміны пра тыя страшна цяжкія гады, палітыя велізарнай колькасцю нашай крыві, калі мы ў нечалавечых умовах адыходзілі, пакідалі гарады, угрызаліся ў безыменныя вышыні і зноў адыходзілі – а потым з нечалавечым напружаннем набіраліся сілаў і з такімі ж цяжкімі стратамі ішлі наперад, вызвалялі тое, што пакінулі.

Але галоўнае – гэта ўспаміны пра сяброў, якія не вярнуліся, пра тых, хто быў побач у найстрашнейшыя моманты жыцця, але загінуў.

Прасцей кажучы, гэта ўсё звязана з тым вельмі асабістым, што давялося перажыць, з тымі вельмі-вельмі доўгімі і цяжкімі днямі і начамі, якія выпалі на долю майго пакалення.

– Цяпер у Беларусі шалее эпідэмія каранавірусу. Вам – 93 гады, як Вы абараняеце сябе і сваю сям'ю ад хваробы?

– У першую чаргу трэба прытрымлівацца рэкамендацый лекараў, якія раяць заставацца дома і пазбягаць лішніх кантактаў.

У гэтым сэнсе мне прасцей прытрымлівацца правілаў самаізаляцыі: рэч у тым, што я ўжо нікуды з дому не выходжу, адмовілі ногі. Таму частых кантактаў з людзьмі ў мяне не бывае: я сяджу дома, а гэтая хвароба праходзіць «міма мяне». За мной даглядае дачка, а калі яе няма, то прыходзіць чалавек з сацыяльнай службы пару разоў на дзень. І дачка, і працаўнік сацслужбы прыходзяць у масках і пальчатках – усе рэкамендацыі медыкаў пра бяспеку падчас каранавірусу мы выконваем.

Хачу сказаць, што не толькі пажылым людзям, як я, але і ўсім трэба выконваць парады лекараў. Кожны сам сабе можа дапамагчы, выконваючы тыя рэкамендацыі ў абмежаванні кантактаў і гігіене, якія даюць медыкі.

Гэтая хвароба – як вайна, яна можа ўразіць кожнага, каго «абярэ». Гэта падобна на тое, што адбываецца на фронце: адзін выжыў, а другі, хто быў побач з ім, памёр. Але гэта не значыць, што нельга паўплываць на свой лёс, трэба імкнуцца выжыць.

Таму падчас гэтай эпідэміі, як і на вайне, дзейнічае правіла: выконвайце парады лекараў, а там ужо – як Бог дасць. Лекары не багі, але калі дзейнічаць паводле іх рэкамендацый і ўнікаць масавых сходаў людзей, можна максімальна засцерагчы сябе.

– Што Вы думаеце пра парад, які сёння праводзяць улады?

– Медыкі ўжо не раз папярэдзілі, што сёння нельга збірацца вялікімі групамі, каб засцерагчы сябе ад хваробы. Такія зборышчы людзей могуць толькі прывесці да новых успышак эпідэміі.

Таму я перакананы, што гэты парад праводзіць нельга. Урэшце, заўсёды ёсць магчымасць правесці парад, калі эпідэмія каранавірусу скончыцца. Напрыклад, у дзень заканчэння Другой сусветнай вайны, калі будзе дазваляць эпідэміялагічная сітуацыя.

Калі б ад мяне залежала прыманне такой пастановы, то я не даў бы дазволу на правядзенне гэтага параду.

Вядома, я выступаю за тое, каб гэтае свята, дзень Перамогі над нацызмам, людзі не забываліся. Памяць пра перамогу над такой небяспекай для чалавецтва павінна жыць у стагоддзях, але рытуалы свята будуць мяняцца.

І цяпер таксама можна святкаваць па-рознаму. Можна выйсці натоўпам на вуліцу і маршыраваць, а можна – у коле блізкіх людзей, ва ўласнай кватэры. Сёння, у разгар эпідэміі, трэба ўсё рабіць так, каб паменшыць пагрозу распаўсюджвання гэтай небяспечнай хваробы.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках