16 красавiка 2024, aўторак, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень забытых пераможцаў

8
Дзень забытых пераможцаў
Уладзімір Халіп

Вайна ў кожнага свая.

І пачатак яе, і канец. Нягледзячы на тое, што ўсе даты даўно дзесьці вывераны і зацверджаны, нібыта навечна. Пачатак – 22 чэрвеня 1941 года. Дзень Перамогі адпаведна – 9 мая сорак пятага. У каго і якія тут могуць узнікнуць пытанні? Святкуй і плач. Сумуй і радуйся паводле старанна распрацаванага і зацверджанага раскладу.

Аднак людскія пачуцці і лёсы ў звыклыя схемы упісвацца не жадаюць. Няма суладдзя. І часам спрадвечны падзел усіх і заўсёды на вайскоўцаў і мірных жыхароў не вытрымлівае аніякай крытыкі. Вайна не бачыць адрозненняў і косіць сустрэчных аднолькава. Такая вось непажаданая недарэчнасць.

А вёска наша Двор Пліна і ўвогуле паселішча нетыповае. Па адзін бок невялікай рэчкі ўсё тое, што засталося ад былога маёнтка – гаспадарчыя пабудовы, паркавыя алеі, цудоўны сад. А па другі бераг , на ўзвышшы, адна толькі доўгая і занадта шырокая вуліца. Так пажадалі пасяліцца перад вайной гаспадары навакольных хутароў, сагнаныя ў калгас. Завадскія, Радзіеўскія, Ражноўскія, Яцыны ды шмат хто іншы. Пераважна шляхта. Жылі прыстойна, без аніякіх пралетарскіх выкрутасаў.

Спачатку камусьці падалося, што і новую навалу адолець магчыма. Калгасу ўжо не было. Зямлю падзялілі. Немцы прыйшлі і рушылі далей. Замест іх з’явіліся партызаны. Аднавілі сельсавет. Усіх абклалі цвердым падаткам. І асаблівых непаразуменняў нібыта і не ўзнікала. Здавалася, так і будзем жыць.

Хіба толькі адна не зусім звычайная падзея парушыла гэты парадак. З’явіліся ў нашай вёсцы нейкія нетутэйшыя людзі. Жанчыны, людзі сталага веку, дзеткі. Паводзілі сябе сціпла. Пасяліліся ўсе разам ў былой школе. Ніхто не ведаў, адкуль яны тут. Майстры былі адмысловыя – плялі лапці найвышэйшага ўзору. Хадзілі чуткі, нібыта гэтыя людзі – бежанцы. Арлоўцы. Але якім чынам занесла іх так далёка?

Ды што там гадаць – занесла вайна. Гэтак жа як і нас з мамай. Бацька мой –ваенны лётчык. На фронце – з першых дзён. А мы паспяшаліся на чыгунку. Калі дабраліся ўжо да станцыі Свенцяны, нам сказалі, што немцы ўжо ў Полацку. І тады мама, цяжарная маёй сястрычкай, якая народзіцца ў лістападзе сорак першага года, пайшла са мной пешшу па акупаванаму краю ў Пліна. Нічога, дайшлі.

Дзед мой, Касцюковіч Іван Кандратавіч, памёр яшчэ на хутары. У тую жудасную ноч трыццаць сёмага, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Дзед ляжаў на куце, а да дома пад’ехалі сані. І ўвайшлі ў хату людзі ў шынялях і са зброяй. Яны то тапталіся ў хаце, то выходзілі ў сені і пра штосьці шапталіся доўга, не ведаючы, што рабіць. З’ехалі толькі на досвітку. Так дзед выратаваў сям’ю. І цяпер бабуля і тры яе сыны - Пятрок, Валодзя і малодшы Іван - жылі ўжо ў ввёсцы. Цудоўныя былі хлопцы. Высокія, прыгожыя, працавітыя. Але мы ўсе там жылі нядоўга.

Першым у партызаны пайшоў Пятрок. Другім – Валодзя. Іван таксама спрабаваў, але яго не ўзялі. Яму не было яшчэ і пятнаццаці гадоў. Іван страшэнна пакрыўдзіўся і пачаў употай збіраць зброю.

А недзе далёка за лініяй фронта, у Маскве, ужо нейкія людзі нанова вырашалі наш лёс. Распрацоўвалася аперацыя "Баграціён". На пачатку планавалі высадзіць у тыле немцаў вялікі дэсант. І Панамарэнка, які ўзначальваш Цэнтральны штаб партызанскага руху, у якасьці магчымай пляцоўкі для такой высадкі назваў нашу зону. Пачалі сцягваць сюды іншыя брыгады і будаваць кругавую абарону. А потым планы змяніліся. І высадкі таго дэсанту ў іх ужо не было. Але хто мог бы наважыцца запярэчыць Сталіну, калі той даў згоду на ўмацаванне вызначанага плацдарму? А немцы ўжо ўсё зразумелі і рыхтавалі сваю аперацыю па ліквідацыі небяспекі ў іх тыле.

Першага мая на нашу вёску наляцелі нямецкія самалёты. Яе проста засыпалі бомбамі. У той момант я быў ў хаце з бабуляй. Партызаны прасілі яе спячы ім хлеб. Яна з вечара ўчыніла цеста, а раніцай трэба было яго замясіць. Чым яна і займалася. Я крычаў, клікаў яе бегчы, а яна рабіла тое, што адкласці было немагчыма. І тут грымнула так, што скаланулася хата. І калі бабуля ўсё скончыла, накрыла дзежку, і мы выбеглі нарэшце, то ўбачылі, як пасечаны асколкамі сенцы, а ў гародзе вялізныя варонкі, якія яшчэ дыміліся. Так што хлеб той партызанскі нас напэўна ж уратаваў.

А трэцяга мая нас ўжо выгналі з хатаў немцы. За вёску ішоў жорсткі бой – прарываліся радзівонаўцы. Нас пад канвоем загналі кудысьці пад Лепель , Жыць давялося ў хаце, дзе месцілася ажно шаснаццаць сем’яў. І толькі праз месяц мы атрымалі дазвол на вяртанне.

І вось мы вярнуліся ў Пліна. Не сустрэўшы нікога, прайшлі панскі сад, ліповую алею, абмінулі Сымонаў камень у яе канцы. Далей – сцяжынка, масток і наша вуліца на ўзгорку па той бок. Такая радасць. І раптам – нібы правал у нейкую жудасную прорву. Уздоўж усёй сцяжынкі – забітыя.Счарнелыя. З роем вялізных мух. Нябожчыкаў процьма. І ўсе ў тых самых, адмысловых лапцях. Арлоўцы…

А сцяжынка імкліва бяжыць далей. І вось ужо велічэзныя дубы на ўзвышшы над рэчкай – такі прывабны куток. Але чаму гэта самы магутны дуб скінуў кару? Ды яшчэ працяты наскозь нейкай незразумелай сілай. А гэта бранебойны снарад нямецкай гарматы прашыў яго навылёт. І радзівонаўцы, якія прарываліся у той дзень, калі нас выгналі з Пліна, так і засталіся на гэтым адхоне.

І ўжо спяшаючыся адолелі ўсе апошні масток і наўпрасткі цераз зарослыя абы чым палеткі скіраваліся на свае сядзібы. І шмат хто знайшоў ў той дзень толькі папялішча. А нам пашчасціла – хата стаяла наросхрыст. Ні стала, ні ўслонаў. Пуста. Толькі затаптаная салома на падлозе. Ды яшчэ нямецкі зялёны шынель зя печчу. Які бабуля паспяшалася выкінуць падалей, каб не заўважылі тыя, хто рана ці позна зноў сюды вернецца.

На наступны дзень сабраліся зноў жанчыны. І пайшлі хаваць тых, хто тут загінуў. І партызан, і ўсіх вядомых і невядомы. А шмат хто знайшоў на сваіх падворках забітых бацькоў, якія заставаліся бараніць ад пажараў і марадзераў свае хаты. Карнікі не пашкадавалі нікога. Не было ўжо сілы ў змучаных далакопаў. А таму скарыстоўвалі ўсё, што маглі. На пясчыстым узгорку, пад вербамі, дзе калісьці хавалі бульбу, знайшлі закінутыя ямы. Пашырылі, паглыбілі. І там пахавалі арлоўцаў.Жанчыны змайстравалі нават вялікі крыж.

А мы з бабуляй скіраваліся ў Мядзьвёдуху – наш самы прыгожы лес. Мы спадзяваліся, што павінны былі з’явіцца ўжо каласавікі. А калі не знойдзем грыбоў, дык назбіраем ягад. Бабуля мяне суцяшала: "Нічога, лес нас пракорміць!" І вось ужо па кладцы перайшлі мы ручай і ўвайшлі ў сасоннік. Ўпоперак сцежкі – забіты. А за кустамі ядлоўца – ўпокат. А далей – увогуле жах. Бабуля схапіла мяне за руку і пацягнула дахаты.

Як ні дзіўна, але мы перажылі і той жудасны год пасля вяртання. Калі ў нашым Пліне ад голаду і няспынных хвароб вымерлі амаль усе дзеці. І надышоў год сорак пяты, той самы. Вярнуўся Іван і быў адразу прызваны ў войска, у дэсант. Валодзя служыў на Сахаліне і чакаць яго давялося аж сем гадоў. Пятрок са сваім куляметам адразу пайшоў на фронт. За два месяцы атрымаў два медалі і быў прадстаўлены да ордэна Айчыннай Вайны. Загінуў падчас танкавай атакі. Бабуля да свайго апошняга дня так і не змагла паверыць, што яго няма. Удзячная ўлада прызначыла ёй пенсію за адважнага сына – пяць савецкіх рублёў.

Колькі ні доўжылася б вайна, аднак рана ці позна скончыцца. І хтосьці абвесціць Дзень Перамогі. Як бы доўга той дзень ні чакалі, ён надыдзе раптоўна. І ў кожнага будзе свой, адметны. Вось і мне запомніўся ён сваім неверагодным непадабенствам. Не было там ні раптоуных салютаў, ні зухаватых гармонікаў. І шапкі ўгору ў шаленым парыве ніхто не кідаў. Дзень быў звычайны. Вецер з поўначы біўся аб сцяну нашай хаты і шалеў над плінскімі стрэхамі, якім пашчасціла ацалець.

І ўсё ж гэта была вясна. І сонца свяціла нязвыкла. З паўднёвага боку, за сенцамі, было зацішна і ўжо зусім цёпла. Пасля чарговага малярыйнага прыступу я шукаў магчымасць сагрэцца, а таму прытуліўся да сццяны, якая, здавалася, увабрала ў сябе усе сонечныя промні. А да таго ж адгэтуль можна было бачыць вясковую вуліцу да самага бальшака. І там з’явілася ўжо наша старая настаўніца Паланея Халімонаўна. Яна бегла і неяк нязвыкла ўзмахвала рукамі, нібы птушка, якая спрабуе ўзляцець. Яна крычала нешта, але з-за моцнага ветру яе слоў немагчыма было зразумець.

Выбягалі жанчыны. Таксама крычалі, пытаючыся пра нешта. А старая настаўніца спяшалася далей. І хтосьці па той бок нашай хаты ўжо аклікнуў яе. І тады я пачуў тую вестку, з якой бегла яна па вясковай вуліцы: "Вайна скончылася!.. Вайна скончылася!.."

А з хаты, пачуўшы людскія воклічы, ужо выбегла мая бабуля – няўжо зноў нейкае ліха? Праз пасечаныя калісьці асколкамі сенцы я добра бачыў яе з майго зацішку. А яшчэ лепей чуў. Яна ўжо зразумела, што адбываецца. Прытулілася неяк нязграбна да сцяны. І паўтарала, звяртаючыся няведама да каго: " За што?.. За што?.."

І ўжо галасіла ўся веска. Пакуль доўжылася вайна, неяк усё ішло адной каляінай, па звыклай завядзенцы. А тут раптам нібы зламалася нешта. І кожны паасобку адчуў неадольнасць перажытага за усе гады жудаснай гэтай вайны і невыносны цяжар свайго асабістага гора. І стала відавочнай простая ісціна: самыя родныя і дараія не вернуцца ўжо ніколі. Да скону дзен. І застаецца, хіба толькі ўпотай, паўтараць шэптам усё тыя ж два словы: "За што?.. За што?.."

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках