29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Відэафакт: Затрыманне актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Войніча, Трыгубава і Вінярскага

12
Відэафакт: Затрыманне актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Войніча, Трыгубава і Вінярскага
Фота: ТАСС

31 траўня ў Беларусі было затрымана блізу 30 актывістаў і сяброў ініцыятыўных групаў.

31 траўня з'явілася відэа затрымання актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Віталя Трыгубава, Андрэя Войніча і Максіма Вінярскага. Спачатку за таксоўкай, дзе ехалі актывісты, ехалі два мікрааўтобусы і легкавік, затым пачалося затрыманне. Як паведамляе "Белсат", быў затрыманы таксама кіроўца таксоўкі, у якой ехалі актывісты і везлі гукаўзмацняльную апаратуру і плакаты. Прозвішча кіроўцы высвятляецца.

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманні актывістаў з усёй Беларусі. Нагадаем, 31 траўня былі праведзеныя пікеты для збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Міліцыя затрымлівала зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую і актывістаў.

Спіс затрыманых:

Уладзімір Мароз (Кобрын),

Валерый Рамановіч (Пінск), (выпусцілі)

Аляксандр Мілюкоў (Масты), (выпусцілі)

Валянцін Троцкі (Менск),

Вераніка Мішчанка (Менск),

Валерый Епіфанаў (Гародня),

Ганна Раманцэвіч (Шчучын),

Тамара Патоцкая (Баранавічы), (выпусцілі)

Аляксей Сюдак (Вілейка), (выпусцілі)

Алесь Абрамовіч (Маладзечна), (выпусцілі)

Мікалай Статкевіч (Менск),

Алег Баразна (Віцебск),

Аляксандр Ільінец (Віцебск),

Аляксей Саламаненка (Віцебск)

Іван Рамязоўскі (Гомель),

Дзяніс Урбановіч (Менск),

Святлана Нарыскіна (Гомель),

Анатоль Данількевіч (Берасце), (выпусцілі)

Яўген Гормаш (Менск),

Віталь Трыгубаў (Менск),

Андрэй Войніч (Менск),

Максім Вінярскі (Менск),

кіроўца таксоўкі, у якой затрымалі Трыгубава (прозвішча высвятляецца),

Ігар Краўчанка (Менск), (выпусцілі),

Непаўналетні Ягор Нікалаенка (Гомель), (выпусцілі),

Максім Кавалевіч (Бяроза), (выпусцілі),

яшчэ як мінімум чатыры чалавекі.

Падрабязнасці затрыманняў:

Як паведамляе тэлеграм-канал "Краіна для жыцця", раніцай 31 траўня затрыманыя трое сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Сярод затрыманых - Уладзімір Мароз з Кобрына, Валерый Рамановіч з Пінска, Аляксандр Мілюкоў з Мастоў. Першых даставілі ў мясцовае РАУС. Мілюкову ўручылі позву і адвезлі ў Следчы камітэт у Гародню, каб дапытаць у якасці сведкі паводле крымінальнай справы, распачатай пасля інцыдэнту ў Гародні 29 траўня. Удзень Мілюкова вызвалілі, ён прыехаў на Савецкую плошчу ў Гародні, дзе прайшоў збор подпісаў. Валерыя Рамановіча таксама адпусцілі.

Паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх у якасці сведак. Паводле якой справе сябры ініцыятыўнай групы ў якасці сведак дастаўлены ў міліцыю і Следчы камітэт - не паведамляецца. Як мяркуецца, гэта звязана са здарэннем падчас пікету 29 траўня ў Гародні.

Таксама "Вясне" паведамілі, што ў Менску затрыманы актывіст "Народнай Грамады" Валянцін Троцкі. Пад 14.00 стала вядома, што актывісту стала дрэнна, у яго гіпертанічны крыз. Яго вязуць у лякарню хуткай медыцынскай дапамогі.

У Менску 31 траўня блізу 12:30 на вуліцы Маякоўскага ў Менску людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблакавалі машыну жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч. У выніку быў затрыманы Мікалай Статкевіч. У затрыманні не ўдзельнічаў ніводзін міліцыянт у форме.

Вольга Нікалайчык паведаміла, што таксама затрыманая актывістка "Народнай Грамады" Вераніка Мішчанка і яшчэ некалькі чалавек, у якіх была апаратура для менскага пікету.

Праваабаронцам паведамілі, што ў Гародні таксама затрыманы Валерый Епіфанаў. Пад домам адной з каардынатарак ініцыятыўнай групы ў Шчучыне Ганны Раманцэвіч таксама дзяжурыла міліцэйская машына. Такая ж сітуацыя склалася ў каардынатара ІГ Ціханоўскай у Гомелі і Гомельскай вобласці.

Раніцай 31 траўня на выездзе з Баранавічаў затрымалі актывістку Тамару Патоцкую. Прычына - «не пройдзены тэхагляд». Яе завезлі ў РУУС у суправаджэнні пяці міліцэйскіх машын з мігалкамі. Пазней Telegram-канал "Народнай Грамады" паведаміў, што Тамару адпусцілі пасля 6 гадзінаў затрымання.

Затрымліваўся актывіст з Вілейкі Аляксей Сюдак. Стала вядома, што міліцыя затрымала ў Маладзечне актывіста Алеся Абрамовіча. Ён знаходзіцца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

У Віцебску затрыманы Алег Баразна. Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі пры ўсталёўванні намёту для збору подпісаў. Паведамляецца, што зніклі Саламаненка ды Ільянец.

У Менску на плошчы Якуба Коласа супрацоўнік ДАІ затрымаў кіроўцу, які сігналіў у падтрымку акцыі. Людзі вакол крычаць "Адпускай".

Два супрацоўнікі ДАІ выпісалі паралельна штрафы двум кіроўцам. Гэта былі кіроўца таксоўкі і кіроўца каршэрынга.

У Гомелі затрымалі блогера Івана Рамязоўскага. Ён - сірата, вядзе Yotube-канал "RealBelarus", нядаўна адбыў 15 дзён за акцыю салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім 7 траўня ў Гомелі. "Яго схапілі міліцыянты, як толькі ён выйшаў з дому, павезлі ў Навабеліцкі РАУС", - паведаміў "Радыё Свабода" блогер Арцём Шапараў. А 20:20 яго адпусцілі без складання пратаколу. "Нічога не выстаўлялі і не праводзілі якіх-небудзь гутарак. Проста сядзеў", - распавёў Іван.

Тэлегра -канал Nexta Live паведамляе аб затрыманні недалёка ад Камароўскага рынку.

У Менску затрыманы лідара "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча. Знікла сувязь з актывісткай Ірынай Цап.

У Гомелі прыкладна а 12.00 была затрыманая Святлана Нарыскіна. Жанчыну даставілі ў Цэнтральны РАУС. Хутчэй за ўсё гэтае затрыманне зьвязанае з яе ўдзелам у акцыі ў падтрымку Ціханоўскай 7 мая. Некалькі дзён таму яе і ейнага мужа Леаніда Кудзінава выклікалі ў міліцыю для складання пратаколу, але яна не пайшла.

У Берасці прыкладна а 16.40 затрыманы АМАПам Анатоль Данількевіч за бел-чырвона-белым сцягам. Яго адпусцілі пасля трох гадзін затрымання. На яго склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП.

У Менску затрыманы Яўген Гармаш, які крычаў "Ганьба" на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу.

Таксама 31 траўня а 10.30 менскія міліцыянты затрымлівалі Ігара Краўчанку. Яго вызвалілі толькі а 20:00 гадзін без складання пратаколу.

Раніцай 31 траўня ў Гомелі затрымлівалі таксама непаўналетняга Ягора Нікалаенку. Яго затрымалі аб 11 гадзін і адпусцілі на волю толькі праз 5 гадзін. Гэты час яго дапытвалі нібыта паводле факту збіцця нейкага мужчыны каля яго дома. Непаўналетняга апытвалі ўвесь час без законнага прадстаўніка. Акрамя гэтага, у яго ўзялі ўзоры сліны.

У Бярозе аб 11:15 быў затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Максім Кавалевіч. Супрацоўнікі міліцыі пратрымалі яго ў мясцовым РУУС да 19 гадзін. Яму выставілі нібыта крадзеж ровара. Па вызваленні не далі ніякіх дакументаў з нагоды затрымання.

Адзначым, што 29 траўня на легальным пікеце для збору подпісаў быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яшчэ сем чалавек. Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць на фоне затрыманняў і рэпрэсій.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках