28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы сталі страчваць працу ў малых гарадах і прамысловасці

2
Беларусы сталі страчваць працу ў малых гарадах і прамысловасці

«Пераседзець гэты крызіс» у беларусам і ўраду ўжо ніяк не ўдасца.

У траўні BEROC і SATIO правялі трэцюю хвалю сацыялагічнага даследавання, каб зразумець, як пандэмія мяняе бюджэт хатніх гаспадарак, спажывецкае паводзіны і сітуацыю на рынку працы Беларусі, піша zautra.by.

Адная з галоўных высноў - змена дынамікі страты працы і даходаў: яны перамясціліся з Менска і сферы паслуг у малыя гарады і сферу прамысловасці.

У красавіку даходы падалі больш за ўсё ў сталіцы. Першым адчуў на сабе негатыўныя тэндэнцыі бізнэс.

-І гэта былі даволі добрыя навіны, бо ў Менску даходы ў людзей першапачаткова былі вышэйшыя. Была надзея, што ў іх і падушка бяспекі большая і даходам зніжацца ёсць куды, - расказала акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова. - А ў траўні мы раптам убачылі рэзкі рост колькасці людзей, якія кажуць, што ў іх знізіліся даходы, і якія пры гэтым жывуць у малых гарадах з насельніцтвам да 5 тысяч.

На думку экспэрткі, гэта значна больш істотная праблема.

- У гэтых людзей першапачаткова былі больш нізкія даходы, у малых гарадах цяжэй знайсці падпрацоўку, - патлумачыла Кацярына Барнукова.

Ашчадку няма

Таксама з вынікаў апытання высветлілася, што больш чым у паловы беларусаў ёсць грошы на месяц жыцця ці менш. Пры гэтым тых, хто зможа пражыць на ашчадак паўгода і болей, толькі 7%.

- Значыць, разлічваць на тое, што людзі змогуць «пераседзець гэты крызіс», не выпадае. У іх няма дастатковай колькасці ашчадку, і дзяржаве трэба дзейнічаць досыць хутка, калі мы хочам гэтых людзей падтрымаць, - падкрэсліла Кацярына Барнукова.

Памяншэнне заказаў, скарачэнне працоўных дзён і адпачынкі за свой кошт

Са зніжэннем даходаў у траўні сутыкнуліся 49% апытаных, і гэта крыху менш, чым у красавіку (тады такіх было 52%). Змяніліся і прычыны гэтага зніжэння. Калі ў красавіку рэспандэнты паставілі на першае месца негатыўныя тэндэнцыі з курсам рубля, то ў траўні - змяншэнне колькасці заказаў і кліентаў.

- Гэта вельмі характэрна для Менска, для прадпрымальнікаў, прыватных прадпрыемстваў і для тых, хто зарабляе больш за 1 000 рублёў на месяц. Такія людзі часцей апынаюцца ў тых спецыяльнасцях, дзе даходы прывязаныя да вынікаў дзейнасці, - адзначыла Кацярына Барнукова.

Усё больш апытаных кажуць пра тое, што сутыкаюцца альбо са скарачэннем працоўных дзён, альбо з тым, што іх адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. Гэта стала праблемай для кваліфікаваных рабочых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і тых, хто працуе ў прамысловасці, а адпачынкі за свой кошт - для працоўных у прамысловасці, на дзяржаўных прадпрыемствах і ў невялікіх гарадах да 30 тысяч насельніцтва.

Страціў працу, але адчуваеш сябе, увогуле, нядрэнна?

Дарэчы, за рысай беднасці ў першым квартале ў Беларусі знаходзілася 4,7% насельніцтва. Сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы гэтых беларусаў былі ніжэй за суму пражытковага мінімуму - 250 рублёў.

Вышэй за ўсё ўзровень малазабяспечанасці ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях - 6,7% і 6,6% адпаведна, а ніжэй за ўсё - у Менску (0,9%), вынікае са звестак Белстата з выбарнага абследавання хатніх гаспадарак аб узроўні жыцця ў першым квартале 2020 года.

У Сусветным банку станоўча ацэньваюць тое, што беларускія ўлады ў сувязі з каранакрызісам змянілі парадак налічэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД). Напрыклад, крытэрый патрэбнасці павялічыўся са 100% да 115% велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (з 246,78 да 283,80 рубля). Сем'і, дзе сярэднедушавы даход недацягвае да гэтай планкі, атрымаюць даплату сумай розніцы.

На думку дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандра Чубрыка, «важнай мерай было б устанавіць суму дапамогі сумай 50% ад бюджэту пражытачнага мінімуму».

Ён звярнуў увагу на яшчэ адзін вельмі важны момант: цяпер у якасці крытэрыю патрэбнасці лічыцца агульны даход сям'і за апошнія 12 месяцаў.

- Атрымліваецца, калі цяпер ты сутыкнуўся з цяжкай сітуацыяй: страціў працу, страціў даходы - то за апошнія 12 месяцаў можаш адчуваць сябе, увогуле, нядрэнна, - растлумачыў Аляксандр Чубрык.

На ягоную думку, было б правільна знізіць перыяд, за які вырабляецца разлік супольнага даходу сям'і.

Экспэрт: Дапамогу з прычыны беспрацоўя трэба павысіць для ўсіх

Самай важнай мерай у цяперашняй сітуацыі экспэрт назваў дапамогу з прычыны беспрацоўя. Яе збіраюцца павысіць разумна: пакуль толькі для беспрацоўных перадпенсійнага ўзросту, і якія пражываюць на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

Аляксандр Чубрык адзначыў, што «тэрыторыя з напружанай сітуацыяй на рынку працы цяпер завецца Рэспубліка Беларусь».

- Дапамогу з прычыны беспрацоўя важна павысіць да ўзроўню пражытачнага мінімуму для ўсіх, хто будзе зарэгістраваны. Дадаткова мы б прапанавалі ўстанавіць суму дапамогі ў першы месяц яго выплаты на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту (513,77 рубля). Ён значна вышэйшы, чым БПМ (246,78 рубля). Першы месяц пасля страты працы - гэта самы вялікі ўдар, таму што ты нічога не паспеў знайсці, не паспеў звярнуцца па ДАСД, ды і не пройдзеш па крытэры патрэбнасці, - растлумачыў эканаміст.

У той жа час, як адзначыла Кацярына Барнукова, захады на рынку працы не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў беларусаў як добрая падтрымка з боку дзяржавы.

- Магчыма, таму, што пакуль насельніцтва не бачыла такіх захадаў падтрымкі з боку дзяржавы і не разумее, наколькі яны могуць быць эфектыўнымі, - сказала экспэртка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках