19 красавiка 2024, Пятніца, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жыхар Капыля з каранавірусам месяц правёў на ШВЛ

Як жыхар Капыля з каранавірусам месяц правёў на ШВЛ
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Усё пачалося з тэмпературы 37,5.

Гэтая вясна для сям'і Цвірко з Капыля выдалася няпростай. У красавіку ў Валера Цвірко паднялася тэмпература, пазней здымак паказаў у яго двухбаковую пнеўманію, а тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік, піша tut.by.

Стан пагаршаўся, і лекары прынялі пастанову падключыць мужчыну да ШВЛ. «На апараце я правёў 32 дні», - кажа Валер Люцыяновіч. Увесь гэты час яго блізкія маліліся і верылі: здароўе вернецца.

ВАЛЕРЫЙ ЛЮЦЫЯНОВІЧ З ЖОНКАЙ ВЕРАЮ ЛЕАНІДАЎНАЙ. ФОТА СА СТАРОНКІ ВАЛЕРЫ ЦВІРКО «УКАНТАКЦЕ»

У пятніцу Валера Цвірко перавялі з Жодзінскай гарадской бальніцы, дзе ён лячыўся, у Менскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е». Тут мужчына павінен прайсці рэабілітацыю, але пакуль, кажа, заняткаў у яго няма.

- Мяне прывезлі сюды на інвалідным вазку, і, здаецца, гэтак жа адсюль і павязуць, - распавядае праз тэлефон Валер Люцыяновіч у панядзелак, бліжэй да 11 дня. - Каб аднаўляцца, мне трэба рабіць практыкаванні, займацца на трэнажорах. Дзеля таго мяне сюды і перавялі. Але ў пятніцу лекар мне сказаў: у нас карантын, мы вам нічым не дапаможам. Толькі апрацоўваюць рану, якая ўтварылася праз тое, што я доўга ляжаў.

- Як вы сябе адчуваеце?

- Як чалавек, які 40 дзён правёў у рэанімацыі, 32 з іх - на ШВЛ, - адказвае суразмоўца. - Задышка, слабасць у руках і нагах. Складана хадзіць, трэба займацца. Лекар параіў займацца ў пакоі. Пакой тры на чатыры, дзе тут займацца? Спрабую хадзіць, прысядаць. Калі ў Жодзіна ў шпіталі мне дапамагалі, падтрымлівалі, то тут пакуль нейкая абыякавасць.

Цяпер у Валера Цвірко няма ні пнеўманіі, ні COVID-19. Дзе і як ён мог падчапіць вірус, ён нават не здагадваецца. Ва ўсіх родных і знаёмых, з якімі кантактаваў, тэст на «Кавід» быў адмоўным.

- Усё пачалося 9 красавіка. Тэмпература ў мяне была 37,5, і я пайшоў да лекара. Мне зрабілі здымак, узялі аналіз крыві, вынікі паказалі: усё ў парадку. Адкрылі бальнічны, і я пайшоў дадому лячыцца, - успамінае Валерый. - Праз два дні тэмпература стала падымацца. Я дачакаўся, 15 красавіка, калі мне трэба было на прыём, і зноў пайшоў да лекара.

Паўторны здымак паказаў, што ў Валера Люцыяновіча двухбаковая пнеўманія. Пазней прыйшоў станоўчы тэст на «Кавід». Плюс, дапаўняе жонка Вера Леанідаўна, у мужа цукровы дыябет. Хвароба стала прагрэсаваць. Мужчыну паклалі ў рэанімацыю ў Капылі, а праз два дні перавялі ў Жодзінскую гарадскую бальніцу. Тут, распавядае пацыент, яму ўжо і ратавалі жыццё.

З тых дзён, што быў на ШВЛ, Валерый Цвірко зусім нічога не памятае. Для яго сям'і гэтыя тыдні былі асабліва цяжкімі.

- Да апарату Валера падключылі 19 красавіка. Складаней за ўсё было першыя два тыдні, - вяртаецца да тых падзей яго жонка Вера Леанідаўна. - Два тыдні ў яго трымалася высокая тэмпература. Кожны дзень я тэлефанавала лекарам, яны адказвалі: «Мы не можам прагназаваць будучыню. Усё будзе залежаць ад таго, як спрацуе арганізм». На трэцім тыдні з'явіліся добрыя навіны: стан стаў патроху паляпшацца - і нам палягчэла. А потым, я ўжо дакладна не памятаю калі, нам паведамілі: паказчыкі дазваляюць і мужа пачнуць паступова выводзіць з комы.

Увесь гэты час, працягвае Вера Леанідаўна, яны маліліся Богу і верылі: лекары дапамогуць Валеру Люцыяновічу.

«Калі пачула яго голас, расхвалявалася»

Дзень, калі прыйшоў у сябе, Валерый Цвірко памятае ўрыўкамі.

- Я расплюшчыў вочы, убачыў лекараў, - распавядае ён. – Дзесьці праз дзень-два стаў прыходзіць у сябе, спрабаваў падымацца. Адразу было складана, не мог нават на ложку падняцца. Прасіў медсясцёр і санітарак падстрахаваць. Яны ніколі не адмаўлялі: вадзілі мяне за рукі па палаце. А потым лекар даў мне тэлефон патэлефанаваць родным. Першы чалавек, якога я набраў, была жонка.

- Калі пачула яго голас, расхвалявалася, - з цяжкасцю стрымлівае слёзы Вера Леанідаўна. - Што ён мне сказаў? Ды што праз тэлефон можна сказаць? «Добры дзень». А яшчэ спытаў, як справы ў нашай унучкі.

У канцы траўня Вера Леанідаўна і сын Ілля бачыліся з Валерам Люцыяновічам. Абняцца ім пакуль не атрымалася, затое памахаць адзін аднаму ў бальнічнае акенца атрымалася.

- Гэтыя месяцы - цяжкі для нашай сям'і час, - працягвае жонка. - У цяжкія хвіліны нас вельмі падтрымалі родныя, сябры і калегі Валера. Муж - электрамеханік у Капыльскім вузле электрасувязі. Людміла Аляксандраўна - іх інжынер па ахове працы - пастаянна тэлефанавала і нам, і лекарам, цікавілася, як Валерый. Перадавала яму прывітанні, казала: калектыў перажывае за яго.

- А яшчэ хочацца сказаць вялікі дзякуй медыкам з Жодзіна: гэта спецыялісты на сваім месцы, - гэта ўжо Валер Люцыяновіч кажа. - У іх залатыя рукі.

Шостага чэрвеня ў Валера Цвірко дзень нараджэння. Яму споўніцца 53 гады. Хутчэй за ўсё, сваё свята ён правядзе ў рэабілітацыйным цэнтры.

- Пра выпіску мне пакуль не гавораць. Цяпер важна - нармальна пачаць хадзіць, - агучвае сваю галоўную мэту мужчына. - Калі пабачуся з лекарам, буду прасіць, каб мне дазволілі займацца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках