19 красавiка 2024, Пятніца, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліна Шарэнда: Сітуацыя развіваецца з шакавальнай хуткасцю

50
Паліна Шарэнда: Сітуацыя развіваецца з шакавальнай хуткасцю
ФОТА: T.ME/BELAMOVA

Людзі прагнуць аднаго.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіла берасцейская актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк, каментуючы падзеі апошніх дзён у краіне.

- Падчас парламенцкай кампаніі ў канцы мінулага года вы ўразілі шмат каго сваёй адвагай, выразна сказаўшы праз цэнтральную тэлевізію: Лукашэнка павінен сысці. Наколькі цяпер мы сталі бліжэй да гэтай мэты?

- Настроі, якія мы бачым цяпер, наспявалі ў народзе ўжо даўно. Нават калі мы збіралі ў 2010 годзе подпісы за Андрэя Саннікава, людзі падыходзілі да пікетаў са словамі, што Лукашэнка павінен сысці і хай будзе «хто хочаце, толькі не ён».

За дзесяць гадоў сітуацыя настолькі саспела, што гэта ўжо кажуць не сотні тысяч, а мільёны беларусаў. Калі браць шырэй, у гістарычным кантэксце, патрабаванне сыходу Лукашэнкі і нянавісць да яго - гэта гістарычны феномен. Таму што раней у нашай краіне ўсё былі падзеленыя: хтосьці за «белых», хтосьці за «чырвоных», хтосьці каталік, хтосьці пратэстант. Зараз нянавісць да рэжыму аб'яднала ўсіх: багатых і бедных, «левых» і «правых», людзей розных поглядаў.

Адзінае дасягненне Лукашэнкі за ўсё ягонае кіраванне ў тым, што калі ён быў кіраўніком калгасу, яго ненавідзелі дзясяткі чалавек, а цяпер - мільёны.

«Саша 3%» - гэта ягоная заслужаная мянушка. Хоць напраўду гэтая лічба ўжо можа быць бліжэй да 0,3%. Цяпер ужо няма людзей, якія, будучы ў здаровым розуме, падтрымлівалі б ягоную ўладу.

Сітуацыя ў нашай краіне на сённяшні дзень блізкая да рэвалюцыйнай. Усе, каго я ведаю, задаюцца толькі адным пытаннем: калі і куды прыходзіць, каб дасягнуць сваёй мэты - сыходу Лукашэнкі. Людзі спяць і бачаць, калі гэта ўжо ўсё скончыцца.

Сёння мы бачым, як нашы найлепшыя нацыянальныя якасці выходзяць на авансцэну. Як быццам адрадзіўся генафонд нашых продкаў і да людзей вярнулася адвага, актыўнасць і гонар нашай шляхты. Па-мойму, цяпер адбываецца імклівая эвалюцыя беларускага народа, вяртанне да яго якасцяў еўрапейскай нацыі - у першую чаргу, пачуцці справядлівасці.

Людзі ўсвядомілі сваё права на перамены і сваё жаданне раз і назаўжды скончыць з гэтым рэжымам.

- Што кажуць берасцейцы на пікетах за кандыдатаў пратэсту? Чым «настрой вуліцы» адрозніваецца ад мінулых гадоў?

- Усё памянялася кардынальна. Вядома, Берасце было на слыху ва ўсёй краіны і ў 2017 годзе, падчас маршаў «дармаедаў», і пазней, падчас пратэстаў супраць акумулятарнага завода.

Але цяпер сітуацыя развіваецца з дзіўнай хуткасцю. Ужо няма тых асцярожных размоў - маўляў, трэба «дзейнічаць у рамках заканадаўства». Няма наіўных чаканняў, што чыноўнікам на месцах можа «стаць сорамна», што пракуратура ці іншыя органы «адрэагуюць». Людзі ўбачылі, што маюць справу з незаконным рэжымам, з сапраўднай мафіяй: няма ні пракуратуры, ні судоў, а толькі арганізаваная злачынная групоўка на чале з Лукашэнкам.

І ў іх цяпер няма ілюзій, што дапамагчы могуць нейкія касметычныя захады, усе прагнуць толькі аднаго: змены ўлады.

У пачатку 2020 года, я памятаю, былі адчуванні, што гэты год будзе вызначальным для Беларусі. Цяпер яны пацвярджаюцца. Людзі гатовыя змяніць уладу ўжо ў гэтым годзе. Яны ўнутрана паспелі і разумеюць, што далей адцягваць нельга. Пры гэтым для многіх ясна, што мала проста прагаласаваць на «выбарах», што гэта больш складаны працэс. Але людзі гатовыя выходзіць і дамагацца пераменаў.

- І як, на вашу думку, можна дамагчыся пераменаў?

- Як палітык і актывістка, я думаю, што павінен быць нейкі алгарытм. Па-першае, мы павінны дамагацца, што гэтыя выбары прайшлі без удзелу такіх дзяржаўных злачынцаў, як Лукашэнка і Ярмошына. А дамагчыся гэтага можна толькі выставіўшы адзіны зразумелы ім аргумент - пратэсты на вуліцы. Вуліца - гэта наш легальны і законны сродак у сітуацыі, калі ўладу ў краіне захапілі такія нахабныя ўзурпатары.

Людзей усё больш злуюць і абураюць заявы гэтых двух персанажаў. Практычна ўсе ўжо згодныя з тым, што ў нашай сітуацыі вуліца і Плошча - цалкам законныя метады. Гэта не бунт, не «майдан» у тым сэнсе, як пра яго кажа Лукашэнка, а вяртанне справядлівасці.

Па-другое, мы павінны змагацца за вызваленне лідараў пратэстаў - народнага блогера Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча ды іншых. У гісторыі шмат прыкладаў, калі такіх людзей вызвалялі не тыя, хто іх саджаў, а натоўп людзей, якая проста прыходзіла і «разбуры турмы муры», як спяваецца ў вядомай песні, якая стала гімнам сённяшніх пратэстаў. Я не выключаю, што будзе і такі варыянт, калі рэвалюцыйны народ проста вырве дзверы яе камер і на плячах вынесе сваіх лідараў з турмы. Тое, што стала магчымым у гісторыі іншых краін, цалкам рэальна і ў Беларусі.

Па-трэцяе, трэба працаваць на міжнародным узроўні і тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. Еўропа цяпер не павінна заплюшчваць вочы і не рабіць у 550-ы раз адны толькі выказванні аб «уструбаванасці сітуацыяй». Трэба патрабаваць цвёрдасці ад еўрапейскіх урадаў у дачыненні да беларускага рэжыму.

- У абласных цэнтрах сацыяльная дыстанцыя карацейшая, чым у Менску, і актывістам часта становіцца вядома пра настроі сярод мясцовых уладаў. Ці даходзяць да вас звесткі аб тым, што дзеецца па той бок барыкад?

- Ведаеце, ёсць пэўная, вельмі невялікая, група людзей, якая будзе ісці за Лукашэнку да канца. Яны ўжо проста павязаныя з дыктатарам сур'ёзнымі злачынствамі.

А вось сярэдняе звяно ўжо цяпер заняло чакальную пазіцыю. Чыноўнікі сярэдняй рукі будуць зыходзіць з сітуацыі. Яны будуць назіраць, на чый бок кіўнецца ківач. Пры гэтым важнае значэнне мае тое, што яны сапраўды могуць сабатаваць нейкія самыя вар'яцкія і адыёзныя загады зверху.

Тут, у Берасці, мы часта бачым, як прадстаўнікі сярэдняга і ніжэйшага звяна ўлады, не афішуючы гэтага, прыходзяць на сустрэчы з ініцыятыўнымі групамі і ставяць подпісы за кандыдатаў пратэсту.

- Гэта значыць, яны сапраўды прыходзяць на пікеты Святланы Ціханоўскай, праз якія так нярвуецца Лукашэнка?

- Сапраўды, так і ёсць. Я не кажу, што яны прыходзяць туды масава, але збіраюцца на пікетах сваімі групкамі, стаяць, абмяркоўваюць, прыглядаюцца і некаторыя падпісваюцца.

Нам вядома, што ў іх галовах ўжо адбываецца «блуканне і хістанне», а ў кулуарах вядуцца размовы, як будзе развівацца сітуацыя і што ім рабіць. Калі за імі няма нейкіх сур'ёзных злачынстваў і ёсць нейкая легальная ўласнасць, то яны таксама зацікаўлены ў сыходзе Лукашэнкі.

Думаю, што многія з іх гатовыя выслухаць прапановы: калі вы станеце на бок народа, не будзеце выконваць злачынныя загады, то не будзеце і сядзець у турме разам з Лукашэнкам. Па-мойму, мае сэнс рабіць ім такія прапановы і яны да іх ужо гатовыя.

Не будзем забываць, што Лукашэнка - верхавод і па прызначэнні, і па сваім светапоглядзе. Ён пабудаваў у Беларусі напалову турму, напалову калгас. Усе яго заявы і дзеянні - гэта прыкметы паводзінаў верхавода, які адчувае блізкасць канца - свайго і сваіх злачынстваў.

У сусветнай гісторыі ёсць мноства прыкладаў, калі такія зласлівыя верхаводы былі загнаныя ў кут і пры гэтым хацелі пацягнуць за сабой у прорву і сваё асяроддзе - а атачэнне проста абязбройвала іх і выдавала людзям. І гэтага «таракана» можа скруціць і выдаць народу ягонае ж атачэнне.

У гэтай сувязі хачу нагадаць, што ўжо былі першыя «званочкі» з Берасцейскай вобласці аб тым, што афіцэры ў войску гатовыя быць на баку народа. Пра гэта заявілі вайскоўцы на пікеце за Святлану Ціханоўскую ў Лунінцы.

Гэта сімптаматычна, бо людзі бачаць, што сітуацыя ў краіне падыходзіць да краю, да развязкі. Беларусь - не такая вялікая дзяржава, у нас жыве не так ужо і шмат людзей і многія адзін аднаго ведаюць. І ўсіх тых жа вайскоўцаў - шмат чыіх братоў, сыноў, мужоў. Іх ведаюць суседзі ў родных вёсках і гарадах, яны на воку і будуць арыентавацца на меркаванне сваякоў і землякоў.

Цяпер ва ўсіх нармальных людзей у Беларусі адна ідэя - пазбавіцца ад гэтага нават не таракана, а энцэфалітнага кляшча, які упіўся ў цела нашай краіны.

Усе разумеюць, што гэта працэс не аднаго дня. Нам трэба набрацца мужнасці, сіл і зразумець, што гэтым летам нам трэба «даціснуць» уладу Лукашэнкі і пераламаць сітуацыю. Чымсьці ахвяраваць: не паехаць на адпачынак, не паехаць на лецішча, бо калі мы дамо слабіну, то гэтыя тараканы і глянцаваныя бандыты зноў расплодзяцца па ўсёй Беларусі.

Мы павінны правільна распарадзіцца сваім часам, выйсці на Плошчу і стаяць столькі, колькі будзе трэба, пакуль не здабудзем свабоду. Мы павінны разумець, што свабода, як і каханне - Божы дар. І атрымаць гэты дар свабоды.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках