19 красавiка 2024, Пятніца, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк увёў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю

92
Нацбанк увёў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю
НАДЗЕЯ ЕРМАКОВА
ФОТА: KP.BY

Яе кіраўніком стала Ермакова.

Пастановай управы Нацбанка Беларусі ад 14 чэрвеня 2020 года № 192 прынятая пастанова аб увядзенні з 15 чэрвеня 2020 года ў Белгазпрамбанку часовай адміністрацыі для кіравання банкам. Як паведамляе прэс-служба НББ, пастанова прынятая «у мэтах абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў Белгазпрамбанка, недапушчэння пагаршэння яго фінансавага стану».

Больш за 99% акцый Белгазпрамбанка належаць расейскім кампаніям, Газпраму і Газпрамбанк. Белгазпрамбанк паводле сумы актываў і капіталу на пачатак гэтага года размяшчаўся на трэцім месцы - пасля Беларусбанка і Белаграпрамбанка. Паводле прыбытку за 2019 год - на чацвёртым месцы - пасля Беларусбанка, Прыёрбанка і БПС-Сбербанка. Белгазпрамбанк, у якім працуюць 1 640 чалавек, зарабіў 96,6 млн руб.

Кiраўнiцай часовай адміністрацыі для кіравання Белгазпрамбанкам прызначаная Надзея Ермакова. Паўнамоцтвы ўправы ААТ «Белгазпрамбанк» на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі для кіравання банкам прыпыненыя.

«З улікам прынятага Управай Нацыянальнага банка пастановы будзе забяспечана ўстойлівае функцыянаванне ААТ «Белгазпрамбанка», бесперапыннасць яго дзейнасці ў выкананні банкаўскіх паслуг і выкананне ім абавязкаў перад укладчыкамі і крэдыторамі. Пры патрэбе банку будзе нададзеная адпаведная падтрымка з боку Нацыянальнага банка», - гаворыцца ў паведамленні.

12 чэрвеня расейскія акцыянеры Белгазпрамбанка - Газпрамбанк і «Газпрам» - выпусцілі супольную заяву, у якой абвінавацілі Нацбанк Беларусі ў «незаконных дзеяннях аб прызначэнні выканаўцы абавязкаў старшыні ўправы і намесніка старшыні ўправы» ў Белгазпрамбанку. «Названыя дзеянні зробленыя з грубым парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе», - гаворыцца ў заяве.

У паведамленні ўказана, што 11 чэрвеня «ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь управай Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь былі выкананыя незаконныя дзеянні аб прызначэнні выканаўцы абавязкаў старшыні ўправы і выканаўцы абавязкаў намесніка старшыні ўправы ААТ «Белгазпрамбанк». «Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных чальцоў управы Белгазпрамбанка праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паказаныя дзеянні «учыненыя з грубым парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе і непасрэдна закранаюць правы і законныя інтарэсы расейскіх акцыянераў Белгазпрамбанка, а таксама інтарэсы кліентаў і ўкладчыкаў».

Акцыянеры Белгазпрамбанка маюць намер «дамагацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі, а таксама прымаюць усе магчымыя захады для аховы інтарэсаў кліентаў і забеспячэння фінансавай стабільнасці банка», гаворыцца ў супольнай заяве Газпрамбанка і «Газпрама».

Нагадаем, 11 чэрвеня ў галаўны офіс Белгазпрамбанка прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю для ажыццяўлення працэсуальных дзеянняў у дачыненні да шэрагу юрыдычных і фізічных асоб, паведаміла прэс-служба банка. Сілавікі правяралі банк да позняй ночы.

12 чэрвеня, кіраўнік КДК Іван Церцяль паведаміў аб затрыманні 15 чалавек: топ-мэнэджары Белгазпрамбанка з ліку кіраўнікоў першага звяна, а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія цяпер працуюць у разнастайных камерцыйных структурах. Распачатыя дзве крымінальныя справы: паводле арт. 235 КК (Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва вялікай суме) і арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва вялікай суме). Акрамя таго, у ходзе следчых мерапрыемстваў канфіскаваныя звыш 4 мільёнаў даляраў, а таксама каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч даляраў.

У траўні з пасады старшыні ўправы Белгазпрамбанка пайшоў Віктар Бабарыка. Ён заявіў, што збіраецца стаць кандыдатам у прэзідэнты.

Бабарыка кіраваў банкам 20 гадоў.

Банк крэдытуе вядучыя прадпрыемствы розных галін эканомікі. «Банк арыентаваны ў асноўным на абслугоўванне прадпрыемстваў паліўна-энэргетычнага комплексу, а таксама прадпрыемстваў сярэдняга і малога бізнэсу. Агульная колькасць кліентаў (юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў) на 1 кастрычніка 2019 года склала 41 211», - гаворыцца ў адным з апошніх праспектаў эмісіі аблігацый банка.

Газпрамбанк і «Газпраму» належыць па 49,818% акцый Белгазпрамбанка, Дзяржкаммаёмасці Беларусі - 0,097% акцый.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках