28 лютага 2021, Нядзеля, 22:40
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Арсень Чыгір: У дзейнай улады вельмі нізкія рэйтынгі

13
Арсень Чыгір: У дзейнай улады вельмі нізкія рэйтынгі
ФОТА: SVABODA.ORG

Да перамен можа прычыніцца самая нязначная падзея.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Бабруйска Арсень Чыгір, які быў актыўным удзельнікам кампаніі пратэсту падчас «парламенцкіх выбараў» ў канцы мінулага года. Днямі ў Бабруйску прайшла сустрэча з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Віктарам Бабарыкам.

- Што змянілася ў краіне і ў вашым горадзе за гэты час?

- Думаю, што людзей у нашай краіне проста даняло, што іхняе меркаванне перасталі браць пад увагу. Паглядзіце: стрымы з гарадоў Беларусі паказваюць, што жыхары рэгіёнаў ужо настроеныя нават больш радыкальна, чым менчукі. Такога не было ў папярэднія выбарчыя кампаніі.

Магу нават сказаць, што рэакцыя жыхароў нашага места, Бабруйска, яшчэ даволі мяккая і стрыманая на фоне таго, як усё віруе ў краіне. Жыхары Лунінца, напрыклад, вельмі жорстка адказалі Лукашэнку, і мясцовыя СМІ паказалі гэта на відэа.

Грэблю прарвала: беларусы ўжо не вераць дзейным уладам, таму пачынаюць публічна абурацца, выказваць сваё меркаванне. Людзі вельмі ўзлаваліся на Лукашэнку і ягоных чыноўнікаў. Гэтая ўлада ніякім чынам не адпавядае уяўленням беларусаў аб тым, як усё мае быць упарадкавана ў нашай краіне.

Возьмем тую ж сітуацыю з каранавірусам: людзі абсалютна не давяраюць інфармацыі, якую дае дзяржава ў сувязі з эпідэміяй. Ні для каго ўжо не сакрэт, што сапраўдная статыстыка аб каранавірусе замоўчваецца. А гэта ж не проста лічбы: за кожнай фальшывай весткай стаяць няўлічаныя смерці чыіхсьці сваякоў і знаёмых.

У нейкі момант надышоў пералом у свядомасці. Мы як быццам «адталі». У Бабруйску стала значна больш людзей, якія не баяцца выказвацца, даюць хвосткія інтэрв'ю незалежным СМІ на пікетах для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Так было, напрыклад, на пікеце Віктара Бабарыкі 15 чэрвеня. Там выказваліся і пенсіянеры, і прадпрымальнікі, і моладзь. Упершыню ў горадзе так шмат людзей у адным месцы публічна завілі аб сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Усё гэта выспявала спакваля, у людзей ужо даўно назапашваўся магутны патэнцыял незадаволенасці.

- Што канкрэтна ў вашым горадзе спрыяла росту такіх настрояў?

- Адной з яскравых падзей гэтай вясны стала спроба правесці «антыпарад» у Бабруйску. Тады прыехала шмат бабруйцаў, а таксама людзей з іншых местаў.

Падлілі алею ў агонь і медыкі бабруйскай лякарні хуткай дапамогі. Яны першымі ўзнялі сапраўдны бунт супраць улад, выклікаўшы ланцуговую рэакцыю лекараў ва ўсёй краіне. Гэта стала чарговай кропляй, якая перапоўніла чару трывання гараджан. Тое, як лекары прагналі здымачную групу БТ, натхніла шмат каго.

Цяпер усякія згадкі пра беззаконне ў дачыненні да медработнікаў выклікаюць вострую рэакцыю ў грамадстве, бо гэта людзі, якія знаходзяцца на перадавой лініі. Улады ім абяцалі, што будуць даплаты, а потым нахабным чынам гэтага не выканалі - натуральна, што народ падтрымаў медыкаў, а давер да ўлады пачаў яшчэ больш размывацца.

Гэта адбывалася неўпрыкмет, пакрысе, а цяпер - усё, часіна прыйшла, сітуацыю назад адкруціць немагчыма. Людзі катэгарычна заяўляюць, што хочуць толькі аднаго - змены ўлады. Гэта адбываецца і ў Бабруйску, і ў іншых гарадах - па-рознаму, але ўсюды выяўна і яскрава.

- Не раз даводзілася чуць: перамены надыдуць тады, калі на вуліцы масава выйдуць простыя рабочыя, як гэта было напярэдадні 1990-х. Бабруйск - буйны прамысловы цэнтр. Ці ёсць сёння нейкія сігналы ад рабочых?

- Магу расказаць, як гэта выглядае на прыкладзе прадпрыемства «Чырвоны харчавік», на якім я і сам працую.

Рабочыя не горш за іншых бачаць і разумеюць, што адбываецца ў краіне. Людзі працы на сваёй шкуры адчуваюць, што большасць прадпрыемстваў у краіне стратныя і пракарміць сям'ю становіцца ўсё цяжэй. Але нават не гэта ўжо абурае больш за ўсё: ужо і простых працоўных раздражняе беззаконне, якое чыніць улада. Гэта значыць, людзям стала важна, каб іх паважалі, уважалі за народ, слухалі іх меркаванне. А што яны бачаць замест гэтага? Дрэнна адрэпетаваныя правакацыі, хлусня, паказуху... гэта ўжо не ўспрымаецца проста, як карцінка ў тэлевізары, а як асабістая абраза.

Глядзіце: працоўныя мікашэвіцкага «Граніту» заявілі нядаўна, што гатовыя выйсці на плошчу ў выпадку фальсіфікацыі выбараў. Разумееце? Не праз заробкі, а праз выбары.

Салігорскія шахцёры таксама праз выбары і нежаданне аднаго чалавека сыходзіць правялі папераджальны пікет пад зямлёй

Што да Бабруйска, то так, у нас на прадпрыемствах ёсць працоўныя, якія настроены даволі радыкальна, якія вельмі моцна абураныя, што ў выпадку чаго іх не ўтрымаюць нават «наседжаныя» працоўныя месцы. І такіх людзей становіцца значна больш, чым у папярэднія гады.

У нас сапраўды з'явіўся шанец на перамены.

- Адзін з жыхароў вашага горада заявіў на пікеце: калі Лукашэнка не сыдзе, то народ падымецца. Што можа падштурхнуць людзей не проста выказвацца на пікетах альтэрнатыўных кандыдатаў, а рэальна выходзіць і змагацца за перамены?

- Думаю, што нешта зусім нязначнае, на першы погляд нават малазаўважнае. Любая нечаканая падзея можа стаць каталізатарам які «падарве» незадаволеныя масы. Тады ў рэгіёнах пачнецца ланцуговая рэакцыя, на вуліцы супраць Лукашэнкі выйдзе лавіна людзей.

Тады ўжо ўсе зразумеюць, што міліцыі нас не стрымаць, што мы - рэальная большасць. Тады гэты працэс ужо будзе не спыніць, бо сітуацыя ў рэгіёнах напалена да мяжы.

З іншага боку, мы, актывісты, павінны памятаць: каб пераканаць астатніх, трэба каб нехта падаў прыклад і выйшаў першым. Гэтым мы і займаемся на працягу доўгага перыяду часу: даносім да людзей нашы ідэі.

За час сваёй дзейнасці я зразумеў важны момант: у нашым грамадстве запаліць людзей можа самая нязначная падзея. Але галоўнае: нам на руку гуляе той факт, што ў дзейнай улады цяпер максімальна нізкія рэйтынгі.

Правадыр сапраўды ператварыўся ў «Сашу 3%». Людзі не вераць, што нават шляхам усіх сваіх махінацый ён змог сабраць патрэбную для ўдзелу ў выбарах колькасць подпісаў і патрабуюць, каб ён наогул не ўдзельнічаў у гэтых выбарах. Цяжка знайсці чалавека, які б лічыў яго легітымным «кандыдатам».