19 красавiка 2024, Пятніца, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Болдзін: Беларускія гарады цяпер вельмі наэлектрызаваныя

15
Віктар Болдзін: Беларускія гарады цяпер вельмі наэлектрызаваныя
ФОТА: RIA.RU

Людзям ужо няма чаго страчваць.

Цягам месяца сотні тысячаў беларусаў выстройваліся ў кіламетровыя чэргі, каб пакінуць свае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Геаграфія актыўнасці людзей таксама дзівіць: без перабольшання прачнулася ўся Беларусь. У чым жа феномен гэтай з'явы?

Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з Віктарам Болдзіным, актывістам з Магілёва, сябрам ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

– Калі параўноўваць тое, што адбываецца з іншымі кампаніямі, то стала значна больш людзей, якія ставяць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Напэўна, калі меркаваць з Магілёва, разы ў чатыры.

Па-другое, публіка стала больш разнамаснай: больш і моладзі, і людзей сталага веку. Свежы прыклад: днямі два дальнабойнікі спецыяльна прыйшлі на пікет, каб падпісацца за Віктара Бабарыку. Раней такія людзі былі вельмі далёкія ад палітыкі.

Таксама ставяць свае подпісы спартоўцы, якія трэніруюцца побач з пікетам. Калісьці яны ў наш бок нават не глядзелі.

Хачу сказаць, што з'явіўся моцны запыт грамадства на перамены. Віктар Бабарыка апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Беларусь саспела для новай улады.

На пікетах збіраецца вельмі шмат людзей, магілёўцы самі спыняюцца пагаварыць, цікавяцца, хто гэта. Літаральна ў аўторак сабралася чалавек 20, і кожны меў час пагутарыць, ніхто не спяшаўся.

– Многія адзначаюць, што беларусы не баяцца выказваць сваю думку на пікетах і расказваць пра набалелае. Пра што кажуць людзі, якія пакідаюць свае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў?

– Мне вельмі ў гэтым плане спадабаўся бабруйскі пікет. Пасля яго я заўважыў, якая нязломная рэакцыя была ў людзей, як яны слухаюць.

Кожны ідзе на пікеты са сваімі праблемамі, са сваімі пытаннямі. Шмат скаргаў, людзям цяпер вельмі цяжка жыць. Падчас сустрэчы Бабарыкі з ініцыятыўнай групай у Магілёве я асабіста ўздымаў пытанне людзей з інваліднасцю, хай і праграма кандыдата абмежаваная ў знаках. Ён сказаў, што калі эканоміка будзе развівацца, то абавязкова гэтаму будуць аддаваць увагу. Таксама вернуць жанчынам у пенсійны ўзрост вучобу ў інстытутах. У людзей ёсць запыт на справядлівасць і гэты кандыдат гатовы яго задаволіць.

– Яшчэ адным адкрыццём кампаніі стаў блогер Сяргей Ціханоўскі і ягоная жонка Святлана. Вашы каманды ўзаемадзейнічаюць?

– Актывісты каманды Святланы Ціханоўскай праяўляюць салідарнасць. Нашы каманды адна адной сімпатызуюць.

За Ціханоўскую падпісваецца шмат моладзі, ды і ўвогуле, яна вялікая малайчына.

Яшчэ адзначу, што калі б не было такога парыву і энтузіязму людзей, было б вельмі цяжка сабраць патрэбную колькасць подпісаў. Народ ужо саспеў, гэта відаць няўзброеным вокам.

Я адмыслова ў дажджлівы дзень прабегся па пад'ездах, дзе збіраў подпісы на іншых выбарчых кампаніях. Там добры пад'езд, без п'яніцаў, 36 кватэраў. Дык вось, 10 гадоў таму атрымалася сабраць подпісы ад паловы пад'езда, а цяпер толькі дзве пенсіянеркі сказалі, што будуць за Лукашэнку падпісвацца.

І гэта быў толькі пачатак збору подпісаў, не трэба нават тлумачыць, хто такі Віктар Бабарыка, шмат хто проста падпісваліся за яго ў піку Лукашэнку.

– Магілёўшчына – радзіма Лукашэнкі, паводле вашых назіранняў, які ў яго рэйтынг сярод землякоў?

– У Магілёве, думаю, больш за 80% супраць Лукашэнкі. За тры тыдні мы нічога добрага пра яго не чулі. Была толькі істэрыка ў некаторых бабулек, якія хвалілі, маўляў, масты адрамантаваў і дарогі будуе. Гэта адзінае, што я добрага на ягоны адрас пачуў за тры тыдні. У цэлым хай дзякуй скажа, што народ культурны і шмат не лаяўся.

У суботу мы былі яшчэ на пікеце ў Крычаве, там людзі вельмі актыўна падпісваліся. Прычым там жа заводы, працоўны клас, гэта было вельмі паказальна.

– Віктар Бабарыка заявіў, што калі людзі будуць вымушаныя выйсці на вуліцы, то ён будзе з беларускім народам. Ці гатовыя беларусы абараняць свой выбар?

– Скажу за сябе: я дакладна пайду на Плошчу. Думаю, што такіх людзей вельмі шмат. Зраблю асцярожны прагноз пасля паездкі ў Крычаў, таму што пасля расказаў іх моладзі відаць, што беларусы вельмі катэгарычна настроеныя.

Людзі кажуць, што ім усё адно няма чаго страчваць. Раённыя гарады цяпер вельмі наэлектрызаваныя, у гэтым вялікае адрозненне ад сітуацыі 2015 года, калі ўсё ціха было. Цяпер відаць, што нерв аголены. Мужчыны ў веку 30–40 гадоў з Магілёўскай вобласці ездзілі ў Расею, добра зараблялі, неяк спраўляліся. Сёння ім дзявацца няма куды і не толькі праз каранавірус.

У Расеі заробкі ўпалі, ды і людзі стаміліся ад яе таксама. Многія засталіся ўбаку, беспрацоўе, сядзяць, п'юць піва і гутараць міжсобку. На гэтым узроўні ў іх утварыўся вакуум: заняцца няма чым, заробкі ўжо не тыя, і куражу ўжо няма зарабляць. Думаю, праз гэтую безвыходнасць яны гатовыя зрабіць крок да пераменаў, ім хочацца чагосьці новага.

– У «Фэйсбуку» вы пішыце, што ёсць шанец перамагчы Лукашэнку сёлета. Што надае вам такую ўпэўненасць?

– Скажу шчыра, у мяне ўжо даўно была ўпэўненасць, што Беларусь гатовая да пераменаў. Беручы да ўвагі досвед папярэдніх гадоў, асабліва 2019 года і «выбараў» у «палатку», убачыў, што Беларусь памянялася.

Гэта не быў ні сон, ні відзежа, проста аналіз. Акрамя таго, сам вельмі моцна хачу, каб Беларусь пайшла ў цывілізаваны свет. Можна меркаваць, што ў мяне інтуіцыя спрацавала. Мне здаецца, што ўжо ў 2020 годзе ўсё павінна змяніцца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках