14 лiпеня 2020, aўторак, 4:24
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Мы бачым неадэкватнага і спалоханага старога

68
Яўген Афнагель: Мы бачым неадэкватнага і спалоханага старога
Фота: РІА «Новости»

Большасць усвядоміла сябе большасцю.

31 траўня ва ўсіх буйных гарадах Беларусі прайшлі масавыя пікеты для збору подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Людзі прыйшлі, каб пакінуць свае подпісы за перамены і падтрымаць блогера Сяргея Ціханоўскага, арыштаванага ўладамі пасля правакацыі падчас легальнага пікету для збору подпісаў у Гародні.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель расказаў сайту Charter97.org, у чым феномен нядзельных падзей і ці гатовая Беларусь да перамен.

- З аднаго боку, беларусы сапраўды здзівілі. Але з іншага боку, мы яшчэ паўгода-год таму казалі пра тое, што такая сітуацыя складзецца. Апазіцыя казала пра тое, што ў Лукашэнкі ўжо няма рэйтынгу, няма падтрымкі. Мы казалі пра тое, што людзі гатовыя да перамен, гатовыя змагацца за перамены. Цяпер гэта адбылося.

У нядзелю выйшлі людзі ў дзясятках гарадах, нават у тых, дзе не было пікетаў, напрыклад - у Ваўкавыску і Мастах. Людзі збіраліся на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў проста, каб абмеркаваць праблемы і сітуацыю ў краіне. Для мяне гэта не было сюрпрызам, бо ўсе, хто жыве ў Беларусі, бачаць, якая склалася сітуацыя, бачаць, што нездарма Лукашэнка атрымаў новую мянушку «Саша 3 адсоткі». Гэта і ёсць ягоны рэальны рэйтынг.

Гэта феномен для тых, хто не верыў у беларусаў. Але сама сітуацыя незвычайная у тым, што дзясяткі тысяч людзей, якія далёкія ад палітыкі, якія не моцна арыентуюцца ў палітычнай сітуацыі, якія жылі да гэтага сваім звычайным жыццём, прыйшлі на пікеты за Святлану Ціханоўскую, каб падтрымаць яе, каб запатрабаваць вызвалення ейнага мужа.

Хацеў бы сказаць, што сама ўлада стварыла гэтую сітуацыю. Нахабны арышт Сяргея Ціханоўскага, правакацыя, якую ўсе ўбачылі ў жывым эфіры, проста вывела з сябе многіх людзей, якія да гэтага не асабліва цікавіліся палітыкай.

У нядзелю я прайшоў міма адной з чэргаў на Камароўцы. Я бачыў, што ўздоўж яе адбывалася штук дзесяць стыхійны мітынгаў. Атрымліваецца, што людзі паўсюль абмяркоўвалі сітуацыю, абменьваліся думкамі, знаёміліся, падтрымлівалі адзін аднаго, скандавалі лозунгі, патрабавалі вызвалення Сяргея. Гэта было ўздоўж усёй чаргі.

Феномен у тым, што цяпер людзі самі арганізуюцца. Таксама з'явілася шмат лідараў, блогераў, стрымераў, якія вялі жывыя эфіры, размаўлялі з людзьмі. Гэтая сітуацыя незвычайная для нас. Менавіта яна дае ўпэўненасць у тым, што, калі Лукашэнка спрабуе дзейнічаць старымі метадамі, арыштоўваючы вядомых лідараў, гэта больш не працуе. Замест аднаго затрыманага з'явіцца мноства іншых лідараў, якія будуць гатовыя павесці за сабой.

- Раней пратэстнай актыўнасцю адрознівалася беларуская сталіца, а апошнім часам мы бачым сотні і тысячы беларусаў з рэгіёнаў, якія не баяцца паказаць сваё стаўленне да ўлады.

- Напраўду, гэта не першым разам. Узгадайце, падчас пратэстаў «дармаедаў» было тое ж самае. У многіх райцэнтрах у адсоткавых суадносінах выходзіла значна больш людзей, чым у Менску. Цяпер сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, таму што калі ў Менску хоць бы ў часткі насельніцтва была нармальная праца і, у параўнанні з астатнімі беларусамі, нармальны заробак, то ў рэгіёнах людзі атрымліваюць па 150-200 рублёў. Жыць на такія грошы немагчыма. Беларусы бачаць, што зараз з'явіўся шанец на перамены. Галоўнае - большасць беларусаў ўсвядоміла, што яны большасць.

Гэта яшчэ адзін складнік таго феномена, які мы ўбачылі ў нядзелю. Людзі ўбачылі, што не толькі ў іх невялікім горадзе ці райцэнтры дрэнная сітуацыя. Яны ўбачылі, што гэта праблема ўсёй краіны, што такіх, як яны - тысячы. Гэта сведчыць аб тым, што перамены непазбежныя, перамены блізкія.

- Чым бы вы растлумачылі поспех блогера Ціханоўскага, які стаў народным героем? Чаму яго так любяць простыя людзі і так баяцца ўлады?

- Сяргей проста звычайны хлопец з Гомеля. Ён такі ж, як большасць беларусаў. Пераважная большасць атаясаміла сябе з ім і яго з сабой. Ён размаўляе на зразумелай мове аб праблемах людзей, у яго харызма і прыродная прывабнасць. Усё гэта разам вельмі хутка зрабіла з яго народнага лідара.

Людзі так ненавідзяць дыктатара, што цяпер кожны чалавек, які смела выступае супраць яго, крытыкуе, кажа «я гатовы замяніць Лукашэнку і ведаю, як гэта зрабіць», атрымае каласальную падтрымку народа.

- Якіх вынікаў варта чакаць ад гэтай выбарчай кампаніі?

- Я чакаю змены ўлады. Ніколі ў Беларусі не было такой сітуацыі, як цяпер. Не было такой нянавісці да рэжыму, не было такой жудаснай эканамічнай сітуацыі, не было такога натхнення і надзеі ў людзей - склаліся тры чыннікі, якія прывядуць да паразы Лукашэнкі.

У дыктатара няма прыхільнікаў, няма рэйтынгу, няма ніякіх козыраў, і ён выглядае неадэкватным, спалоханым старым. Мы нават бачым гэта з учорашніх выказванняў. У яго самога ўжо няма ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Таму я ўпэўнены, што перамены будуць у гэтым годзе. У гэтым годзе Лукашэнка сыдзе.