16 красавiка 2024, aўторак, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускім дыпламатам: Сыходзьце ад ганьбы!

15
Беларускім дыпламатам: Сыходзьце ад ганьбы!
Андрэй Саннікаў

Беларусы мабілізуюцца супраць рэжыму.

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў даў ацэнку сітуацыі ў Беларусі, расказаў, каму з патэнцыйных кандыдатаў больш за ўсё сімпатызуе, і звярнуўся да сваіх былых калегаў з МЗС Беларусі.

Што адрознівае цяперашнюю палітычную кампанію ад кампаніі 2010 года? Андрэй Саннікаў мяркуе, што галоўная асаблівасць – гэта незвычайная актыўнасць беларусаў:

– Калі браць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, то гэта, можна сказаць, неафіты. У папярэдніх палітычных кампаніях удзельнічалі больш-менш вядомыя ў Беларусі людзі. Аднак тры сённяшнія лідары зрабілі неверагоднае, справакавалі гэтую актыўнасць – і беларусы адгукнуліся. Таму можна сказаць, што адметнасць гэтай кампаніі – людзі, якія ў ёй удзельнічаюць.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» адзначае, што ў кожнага з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты з'явілася сваё кола прыхільнікаў, але сёння яны ўсе аб'ядноўваюцца для таго, каб у краіне адбыліся перамены:

– Мяркую, што прыхільнікі Ціханоўскага – гэта не неафіты, гэта пратэставы электарат, людзі, якія ўжо былі на вуліцах, а таксама моладзь, якая да іх далучылася. Электарат іншых лідараў – людзі, якія думалі, што ў Беларусі нічога не будзе адбывацца, і хацелі паназіраць з боку. У 2010 годзе таксама адбываліся падобныя падзеі: людзі выходзілі з «капсулы назірання» і далучаліся да працэсаў.

Сёння дзве часткі беларускага грамадства аб'ядналіся ў падтрымку пераменаў і гэта самае цікавае. Таксама відавочна, што ва ўладаў да гэтага часу захаваўся страх менавіта пасля пратэстаў 2010 года. Адзначу, што ў 2015 годзе «выбары» ўвогуле не адбыліся. Адбылося гэта не таму, што не было кандыдатаў, а таму, што апазіцыя свядома адмовілася ад удзелу ў іх, бо ў турме знаходзіўся Мікола Статкевіч і іншыя палітзняволеныя. Удзел быў бы амаральным, і адбыўся паўнавартасны байкот.

Андрэй Саннікаў мяркуе, што адной з галоўных задачаў штабоў магчымых кандыдатаў у прэзідэнты з'яўляецца мабілізацыя людзей для абароны сваіх лідараў:

– Хацеў бы сказаць Cветлане Ціханоўскай, родным Эдуарда Бабарыкі і Віктара Бабарыкі, каб яны звярталіся да людзей. Беларусы вельмі моцныя ў сваёй салідарнасці, пакажыце, што вы падтрымліваеце ўсіх палітвязняў, гэта вельмі важна цяпер. Нельга неяк дзяліць «нашы» і «не нашы» палітвязні. Калі чалавек апынуўся за кратамі паводле палітычных матываў, то мы павінны яго падтрымліваць.

Віктар Бабарыка сам сказаў, што калі яго не зарэгіструюць, то 300 тысячаў чалавек прыйдуць абараняць выбар. Пра гэта сёння трэба казаць і думаць у камандзе.

Павінна быць падтрымка ўсім палітвязням: Міколу Статкевічу, які не ўдзельнічае ў «выбарах», але ягоная роля проста велізарная, Паўлу Севярынцу, які таксама не ўдзельнічае, але і ён вельмі важны ў тых працэсах, якія адбываюцца, Максіму Вінярскаму, Вользе Нікалайчык, іншым актывістам, якія знаходзяцца ў турме.

Таксама трэба мабілізаваць людзей на падтрымку іх лідараў, каб дамагацца іх вызвалення. Мы ўсё гэта павінны рабіць, мы гэта ўжо робім праз нашы замежныя каналы. Усё, што накіравана на вызваленне людзей, павінна быць выкарыстана.

Чаму былыя прадстаўнікі наменклатуры прымаюць пастанову ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі? Андрэй Саннікаў мяркуе, што гэта відавочны паказнік нязгоды людзей з тым, што адбываецца ў краіне:

– Мы хочам вярнуць сабе нашу Беларусь, гэта ніяк не Беларусь Лукашэнкі, гэта не ягоны калгас. Расце не толькі нянавісць да яго, але і падтрымка кандыдатаў, якія зусім нядаўна не былі вядомыя ў беларускім грамадстве. Тое, што адбываецца, паказвае, што гэты рэжым не будзе ўвесь час кіраваць Беларуссю, што краіна не будзе такой, якой мы бачым яе пры Лукашэнку. Будуць з'яўляцца новыя лідары.

Былы намеснік кіраўніка МЗС Беларусі звярнуўся да сваіх экс-калегаў і заклікаў іх падтрымаць перамены:

– Кожны раз, калі бачыш, на жаль, былых супрацоўнікаў дзяржСМІ, спартоўцаў і актораў, якія выказваюцца за перамены, то радуешся, што яны засталіся людзьмі. Нават калі ты ўдзельнічаў у злачынствах улады, але знойдзеш у сабе сілы і звольнішся, то гэта будзе вялікая перамога для тваіх сваякоў, дзяцей.

У мяне сёння няма ніякіх кантактаў у МЗС Беларусі, але я ведаю некалькіх чалавек, якія працуюць у амбасадах, нават рознымі шляхамі прызначаныя амбасадарамі. Сыходзьце з гэтых пасадаў, сыходзьце ад гэтага ганьбы, рабіце заявы, мы ўсе праз гэта праходзілі, Праходзілі ў Савецкім Саюзе, калі сыходзілі амбасадары. Безумоўна, гэта было надзвычайным здарэннем для МЗС, але гэтыя людзі адразу ж станавіліся ўплывовымі не толькі на Захадзе, але і сярод сваіх суграмадзянаў. Так што я зьвярнуся да сваіх былых калегаў: «Сыходзьце!» Будзеце нармальна спаць, сумленне ў вас будзе іншае, лёс будзе іншы. Калі не хочаце вяртацца – можаце трохі пажыць за мяжой. Я ўпэўнены, што гэтаму рэжыму не так доўга засталося існаваць.

Таксама Андрэй Саннікаў расказаў, каму з удзельнікаў цяперашняй палітычнай кампаніі ён сімпатызуе больш за ўсё:

– Тое, што робіць Cергей Ціханоўскі і як ён гэта робіць, запушчаны ім звышпапулярны лозунг «Стоп прусак!», за якім падцягнуўся «Саша тры адсоткі», – гэта тое, што робім мы, што робіць «Еўрапейская Беларусь» – мабілізацыя людзей супраць гэтай улады, гэтага рэжыму. Дзеянні ўладаў, якія кінулі яго за краты, азначаюць, што ён быў і застаецца вельмі небяспечным для Лукашэнкі.

Адзначу Cвятлану Ціханоўскую, якая смела абараняе свайго мужа і прадаўжае палітычную кампанію. Мы бачылі, як яна вагалася, але пастанавіла ісці далей, гэта вельмі смелы крок. Я хацеў бы, каб яна перамагла на сумленных выбарах, але сёння гэта немагчыма. Вельмі рады, што яна вытрымлівае ў гэтай бруднай кампаніі, якую развязаў Лукашэнка супраць яе мужа.

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі заклікае Захад падтрымаць перамены ў нашай краіне, бо толькі дэмакратычная Беларусь можа стаць гарантам бяспекі ў рэгіёне:

– Безумоўна, ніхто не можа быць задаволены «выказваннямі занепакоенасці», якія сёння робіць Захад. Я падтрымліваю некаторых дэпутатаў Еўрапарламента, напрыклад Пятраса Аўштравічуса, які прапанаваў ужо цяпер уводзіць санкцыі супраць беларускіх уладаў.

Мы павінны ратаваць людзей. Я заўсёды тлумачу, што санкцыі – гэта не стратэгія і ніколі ёю не былі, але гэта ўратуе людзей. Нельга пакідаць злачынцаў непакаранымі. Таму я кажу, што павінны ўжывацца больш жорсткія захады, не трэба чакаць больш складанай сітуацыі ў Беларусі.

Захад памыліўся, мы ўвесь час казалі пра тое, што Лукашэнка не зменіцца, не зменіцца гэты рэжым, ён на самай справе антынародны. Сёння гэта стала відавочным з ягоных дзеянняў падчас эпідэміі COVID-19, з таго, што ён рабіў увесь гэты час з апазіцыяй. Рэжым ніколі не стане іншым, навошта з ім гуляць у гульні, ніякай бяспекі з ім не будзе, бяспека будзе толькі пры дэмакратычнай Беларусі.

Нам не трэба разважанні на тэму, што будзе рабіць Масква, а што не будзе, вы дапамажыце нам. Не трэба ўмешвацца, дапамажыце хоць бы тымі санкцыямі, якія вы ўжо ўводзілі – кропкавымі, візавымі, а потым можна іх пашыраць.

Еўрапейскія палітыкі моцна памыляліся наконт таго, што Лукашэнка зацікаўлены ў пашырэнні стасункаў з Захадам. Ён ні ў чым не зацікаўлены, акрамя захавання свайго рэжыму і дыктатуры.

Я ўвесь час тлумачу, што Лукашэнка – гэта пагроза не толькі для Беларусі, але і для Захаду. Ні адзін беларускі палітык не рызыкнуў бы так упускаць Расею ў Беларусь, як гэта зрабіў Лукашэнка. Ні адзін беларускі палітык не рызыкнуў бы праводзіць у краіне вайсковыя вучэнні, якія пагражаюць Еўропе. Усё гэта з'яўляецца падрыхтоўкай не да абарончых, а да наступальных аперацыяў, якія могуць пачацца пасля таго, як Крэмль прыме такую пастанову. Не трэба гуляць у іх гульні, таму што гэта ваша бяспека.

У Польшчы павінны зразумець, што Сувалкскі калідор – гэта вельмі небяспечнае месца, дзе можа адбыцца прарыў і наступ аж да Калінінграда.

Таму вельмі дзіўна чуць, што Лукашэнка з'яўляецца гарантам. Ніякі ён не гарант, а быў, ёсць і будзе пагрозай для незалежнасці Беларусі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках