15 лiпеня 2020, Серада, 21:13
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі лекар: Народ паставіў Лукашэнку ўльтыматум

29
Беларускі лекар: Народ паставіў Лукашэнку ўльтыматум
Фотa: tut.by

Гук рондаляў чуваць ужо ў Драздах.

Тысячы беларусаў па ўсім свеце выходзяць у падтрымку пераменаў у нашай краіне. Такой хвалі салідарнасці яшчэ ніколі не было. Самыя масавыя акцыі прайшлі ў Тэль-Авіве, Лондане, Варшаве, Вільні, Берліне.

Геаграфія мітынгаў таксама дзівіць – салідарнасць з беларускімі палітвязнямі выказваюць у самых экзатычных краінах, да прыкладу – у ААЭ, на Балі і Коста-Рыцы.

Лекар з Менска Аляксей Носаў, які жыве ў гішпанскай Валенсіі, актыўна сочыць за падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі. Ён рэзка крытыкаваў дзеянні ўладаў падчас эпідэміі COVID-19, а таксама падтрымлівае беларусаў, якія змагаюцца за перамены.

Сайт сharter97.org пагутарыў з лекарам Аляксеем Носавым пра сітуацыю ў Беларусі.

– Аляксей, раскажыце, ці здзівілі Вас беларусы?

– Сказаць «о, так» – гэта нічога не сказаць. Я здзіўлены, у кожнага беларуса ў душы сёння з'явіўся зародак волі. Людзям абсалютна ўсё роўна, ці ёсць у іх лідар, ці ёсць у іх месца для збору, калі ў іх час збору. Яны пратэстуюць там, дзе знаходзяцца. Нас шмат і мы паказваем сваю салідарнасць.

Кожны беларус прыўносіць нешта новае ў гэтыя падзеі. Адбываецца нешта неверагоднае, суперкрэатыўны рух, якога ў свеце яшчэ не было. Калі-небудзь палітолагі звернуць на гэтыя працэсы ўвагу, бо тое, што адбываецца, проста беспрэцэдэнтнае.

– Вы вельмі жорстка крытыкавалі беларускія ўлады за бяздзейнасць падчас эпідэміі каранавірусу. Як COVID-19 паўплываў на сітуацыю ў краіне?

– Эпідэміялагічная сітуацыя – гэта даволі сур'ёзная рэч. Падобныя моманты паказваюць слабыя кропкі дзяржавы. Калі ўлада не можа адрэагаваць адэкватна, пачынае рабіць памылку за памылкай, – гэта толькі азлабляе людзей.

Пачнем з таго, што не было ўжыта ніякіх сур'ёзных захадаў, якія павінны былі быць ўжытыя падчас эпідэміі – увядзенне надзвычайнага становішча, узяцце на сябе выдаткаў насельніцтва, выплата дапамог, дапамога прадпрымальнікам.

Рэч у тым, што дзейная ўлада ў Беларусі засталася без нармальнай каманды. Калісьці былі эканамісты, мэнэджары, а сёння іх замянілі на «зручных» людзей, якія не ўмеюць рабіць «нязручна», не ўмеюць крэатывіць. Сэнс 21-га стагоддзя, стагоддзя тэхналогій, – умець рабіць тое, чаго няма ў іншых, тады ты будзеш найлепшым.

Калі мы памяняем дзейную ўладу, усе прапановы будуць узятыя да ўвагі. Можна будзе ствараць цэлыя платформы для паляпшэння краіны.

Больш за тое, беларусы паказалі, што яны здольныя існаваць без падтрымкі ўрада. Валанцёрская ініцыятыва – сапраўдная канцэнтраваная салідарнасць, якая паказвае, што мы можам самаарганізавацца. Праблемы з сродкамі індывідуальнай абароны? Даставілі сродкі. Нават цяпер, калі адбылася праблема з вадой, раней за ўсіх адрэагавалі валанцёры. Менавіта яны даставілі ваду тым, хто жыве ў нястачы. Урад спрабаваў нешта трактарам паліць, цыстэрны паставіць, але ў параўнанні з тым, што адбываецца з боку народа, гэта дзіцячае лепятанне. Што параўноўваць?

Беларусы вельмі крэатыўныя і салідарныя. Некага несправядліва звольнілі? Яму ўжо сабралі cтолькі грошай, што ён можа спакойна шукаць новую працу. Людзям далі штрафы ні за што? На гэтыя штрафы збіраюць грошы. Народ функцыянуе без гэтага ўрада.

– Што кажуць пра сітуацыю ў краіне Вашыя сябры, знаёмыя, сваякі, якія жывуць у Беларусі?

– Людзей, якія выказваюць падтрымку дзейнай уладзе і Лукашэнку, за апошнія некалькі месяцаў увогуле не сустракаў. Бачыў ботаў, якія вяла адбіваюцца і адразу пераходзяць на асобы. Зразумела, што гэта іхняя праца, ім плацяць за пасты. Усе цяпер думаюць аднолькава, думаюць у нашым кірунку. Прыхільнікі Лукашэнкі ўжо як выкапні. Я хачу пагутарыць з гэтымі трохпрацэнтнымі людзьмі проста для таго, каб высветліць, чаму яны падтрымліваюць гэтую ўладу, але не магу іх знайсці.

Не ведаю ні аднаго чалавека, які падтрымлівае дзейную ўладу. Дадам, што сярод маіх знаёмых і пацыентаў ёсць супрацоўнікі сілавых структураў, міліцыі і вайскоўцы.

– Вы падтрымалі беларусаў, якія ўдзельнічаюць у флэшмобах салідарнасці з медыкамі і палітвязнямі. Падобная практыка была і ў Гішпаніі. Раскажыце, як гэта адбывалася ў вас?

– Мы яшчэ з самага пачатку эпідэміі каранавірусу прапаноўвалі падтрымаць воплескамі лекараў. Так і адбылося.

У Гішпаніі незадаволеныя дзеяннямі ўрада запусцілі яшчэ адзін флэшмоб, якім хацелі паказаць уладам, што рондалі – пустыя. Гішпанцы падхапілі ідэю не адразу. Спачатку нехта адзін грукаў, потым тры чалавекі. Потым грукатала ўся краіна.

Калі б'юць металам па метале – атрымліваецца вельмі насычаны гук. Я выходзіў на гаўбец, і ў мяне мурашкі беглі па ўсім целе. Адчувалася салідарнасць. Звон рондаляў сімвалізаваў тое, што ў нас адбываецца дома, у нашых сэрцах і душах.

Калі гэты шум будзе чуваць па ўсёй Беларусі, калі ён будзе чуваць у Драздах, тады да нашага меркавання прыслухаюцца. Бо не абавязкова ісці супраць сілавых структураў. Наша Плошча і салідарнасць – тут і цяпер. Пратэставаць мы можам там, дзе знаходзімся. Дзве хвіліны на дзень – гэта не так шмат, але яны могуць дапамагчы нам перамагчы.

– Беларуская дыяспара таксама выявіла вялікую салідарнасць. Чаму падзеі ў Беларусі знайшлі такі водгук у беларусаў, якія жывуць у іншых краінах?

– Таму што дзе б мы ні былі, мы застаемся беларусамі. Пару дзён таму наша дыяспара ў Гішпаніі таксама пачала пікеты. Атрыманы дазвол на акцыі 3 ліпеня ў Барселоне і Валенсіі, Мадрыд і ўсе астатнія гарады таксама рыхтуюцца. Абавязкова вызначымся з днём і збяромся ўсе разам каля амбасады Беларусі ў Гішпаніі. Пастаім, пашумім.

На маёй памяці беларусы першы раз так аб'ядналіся ў Гішпаніі. Многія нават не ведалі адно аднаго, але цяпер усе пазнаёміліся. Мы пасябравалі, сустракаемся і абмяркоўваем праекты для Беларусі.

Ужо цяпер я звязаўся з гішпанскімі сацыялістамі, якія знаходзяцца ва ўладзе. Якраз чакаю адказу ад прэс-сакратара партыі, каб яны падтрымалі нашу краіну ў барацьбе з дыктатурай.

– Вы звярнуліся з даволі эмацыйнай заявай, дзе казалі, што ў беларусаў ёсць шанец змяніць усё сёлета. Як не выпусціць гэты шанец?

– Не ўпусціць гэты шанец – гэта спакойна, даходліва, мірна растлумачыць ўладзе, што нас большасць. Нашы шанцы на перамогу – 97%. Яны гэта павінны зразумець да 9 жніўня 2020 года. Няхай правядуць сацапытанні (хоць і забаранілі), даведаюцца самі, ім прасцей будзе. Мы аб'яднаемся і скажам, што нас 97%. Калі да нашага меркавання не прыслухаюцца, то трэба выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў, збірацца ўсім, хто не згодны.

Не думаю, што атрымаецца ў сілавікоў заткнуць гэтую здаровую дзірку, якая ўтворыцца, таму што няма ў іх сродкаў і магчымасцяў для гэтага. Яны не паспеюць зрэагаваць і не будзе ў іх ніякага шанцу.

Пакуль да 9 жніўня ў Лукашэнкі ёсць час, народ Беларусі паставіў яму ўльтыматум. Улады не разумеюць, што сваімі дзеяннямі толькі азлабляюць людзей. Гэта такі феномен «добрай беларускай гідры», у якой няма атруты. Так, яна нарадзілася такой, вылезла з балота на сонейку пагрэцца, а тут выбягае «слаўны асілак» і пачынае сячы галаву. А гідра ж такая: ёй адсякаеш адну, вырастае тры. Ён сячэ, а мы нікога не чапаем, затое з'яўляюцца сотні галоваў. Так што нас ужо не спыніць.