19 красавiка 2024, Пятніца, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вірусолаг расказаў, ці можна прадэзынфекаваць маскі ад COVID-19 сонечным святлом

7
Вірусолаг расказаў, ці можна прадэзынфекаваць маскі ад COVID-19 сонечным святлом

Меркаванне эксперта.

Сонечны ультрафіялет памяркоўна стрымлівае ўздзеянне на ўзбуджальніка COVID-19.

«Прамыя сонечныя прамяні могуць забіць каранавірус у сярэднім за 34 хвіліны», – з такой заявай выступілі на днях амерыканскія навукоўцы. Да гэтага прыводзіліся звесткі, што пры тэмпературы плюс 76 градусаў Цэльсія сонечнае святло абясшкоджвае вірус за 15 хвілінаў, а пры 79 градусах – усяго толькі за нейкія 5 хвілінаў. Наколькі пэўныя такія высновы і ці можна прымаць іх як кіраўніцтва да дзеяння, напрыклад, выкладваючы на санцапёк крамныя маскі або рэспіратары для “абеззаражання”? Пра гэта выданне kp.by паразмаўляла з дырэктарам Навуковага інфармацыйнага цэнтра прафілактыкі і лекаванні вірусных інфекцый Георгіем Вікулавым.

– Першае ж пытанне, якое ўзнікае ў многіх: наколькі моцна насамрэч сонца ўплывае на каранавірус на практыцы? І чаму ў паўднёвых краінах, Іране, Індыі, Бразіліі эпідэмія лютуе на ўсю моц?

– Сонечны ультрафіялет памяркоўна стрымлівае ўздзеянне на ўзбуджальніка COVID-19, але не можа спыніць пандэмію. Найбольш пераканальна цяпер гэта паказвае Бразілія, якая выйшла на другое месца ў свеце ў захворванні і ліку смерцяў ад каранавіруснай інфекцыі (у краіне паводле апошніх звестак 1 млн 233 тысячы 147 выпадкаў каранавірусу, ужо загінулі 55 054 чалавекі. – Рэд.).

– Што значыць тады «памяркоўна стрымлівае»? У чым гэта выяўляецца?

– Сонца хутчэй высушвае кроплі сліны і слізі, у якіх захоўваецца каранавірус у навакольным асяроддзі. Плюс ультрафіялет пашкоджвае абалонку вірусу. Але наколькі менавіта можа знізіцца распаўсюджванне інфекцыі і захворванне на COVID, сказаць нельга. Такіх даследаванняў і дакладных звестак проста няма. Любыя заявы пра гэта – проста спекуляцыі.

Калі ў распаўсюд інфекцыі ўключана вельмі шмат людзей, то ультрафіялет папросту не можа быць вызначальным чыннікам, тлумачыць эксперт.

– Вельмі шмат людзей ужо інфікавана. На вірус унутры арганізма ні сонца, ні тэмпература навакольнага асяроддзя не ўплываюць.

– Але раз звонку, на інфіцыраваных прадметах вірус пад дзеяннем сонечных прамянёў гіне хутчэй, то, магчыма, знізіцца заражэнне людзей кантактным шляхам?

– Адназначна сцвярджаць гэтага нельга. Так, з аднаго боку кантактная перадача вірусу памяншаецца. Але, з іншага боку, пры цеснаце людзей узбуджальнік усё роўна будзе перадавацца, калі ідзе ягонае актыўнае вылучэнне. І заразіцца рызыкуе вялікая колькасць навакольных.

Плюс трэба браць да ўвагі часавы чыннік. Калі кантакт з заражаным кароткачасовы, то гэта менш небяспечна. Калі кантакты доўгачасовы і неаднаразовы, гэта больш небяспечна незалежна ад часу года і ўмоваў надвор'я.

Таксама маюць ролю індывідуальныя асаблівасці арганізма канкрэтнага чалавека. Вядома нямала выпадкаў, калі хто-небудзь з чальцоў сям'і хварэе, астатнія праводзяць побач з ім шмат часу, але нехта захворвае, а нехта не.

Ці можна абеззаразіць набыткі, выстаўляючы іх на сонца

– Эпідэміёлагі раяць нам прадаўжаць выконваць правілы санітарнай апрацоўкі прадметаў, на якіх могуць захоўвацца вірусныя часціцы. У тым ліку дэзынфекаваць крамныя набыткі. Некаторыя людзі замест працірання і мыцця пакідаюць іх «на карантыне». Калі выкладаць тавары, што не псуюцца на сонцы, напрыклад на гаўбцы, – можна быць пэўным, што сонца абеззаразіць іх?

– Як лекар я давяраю толькі доказнай медыцыне. Даследаванняў, якія пацвярджалі б, што на практыцы каранавірус цалкам страціць актыўнасць пры выстаўленні прадметаў на сонца, на сёння няма. Таму разумным і апраўданым выглядае санітарная апрацоўка паверхняў і прадметаў, на якіх патэнцыйна могуць быць вірусныя часціцы.

– Гэта значыць, выкладваць на сонца рэспіратар, у якім прахадзіў нейкі час, таксама ненадзейна?

– Для кожнага рэспіратара ёсць інструкцыя. Выраб будзе гарантавана даваць абарону толькі ў тым выпадку, калі вы выконваеце гэтую інструкцыю, а не займаецеся самадзейнасцю. Эксперыменты ў сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй дакладна неапраўданыя.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках