29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Усе актыўныя ўдзельнікі беларускай рэвалюцыі будуць узнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі

55
Зміцер Бандарэнка: Усе актыўныя ўдзельнікі беларускай рэвалюцыі будуць узнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі

Справядлівасць пераможа.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка расказаў сайту Charter97.org, як, на ягоную думку, будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі найбліжэйшым часам.

- Шмат хто кажа, што сітуацыя ў Беларусі сёння ўнікальная, бо такой нянавісці да Лукашэнкі ніколі не было.

- Так, гэта так. Хоць я і не згодзен з тэзісам Віктара Бабарыкі пра тое, што Лукашэнка да 2020 года заўсёды меў электаральную большасць. Не, ён не меў электаральнай большасці нават у 2001 годзе, калі адзіным кандыдатам быў Уладзімір Ганчарык і меўся адбыцца другі тур. Гэта не проста мае перакананні або здагадкі, я ведаю, што тады праводзіліся рэгулярныя сацыялагічныя апытанні. І напрыклад, паводле амэрыканскага інстытута IRI, Лукашэнка не набіраў у першым туры 50%. Напэўна, тады не было такой нянавісці да Лукашэнкі, але сярэдні заробак быў меншым за 100 даляраў. Людзі тады ўжо яго не захацелі, але вынікі выбараў былі груба сфальшаваныя.

У 2010 годзе ў Беларусі таксама меўся адбыцца другі тур, у які выходзіў Андрэй Саннікаў. Паводле вынікаў апытанняў на выхадзе і звестак міжнародных назіральнікаў, міністры замежных спраў чатырох еўрапейскіх краін напісалі артыкул «Лукашэнка - лузэр» і заявілі, што ў Беларусі меўся прайсці другі тур прэзідэнцкіх выбараў.

Лукашэнка - гэта Гёбэльс у хлусні. Мы гэта таксама бачым у афіцыйных лічбах памерлых ад каранавірусу ў Беларусі, якія ў дзясяткі разоў меншыя за рэальныя і ў дзясяткі разоў меншыя, чым у краінах з падобнай сітуацыяй.

Вядома, цяпер значна больш людзей актыўна пратэстуе, але гэта не значыць, што перамога ў нас гарантавана ў кішэні. Ужо былі сітуацыі, калі большая частка грамадзян выступала супраць дыктатара, але тыя вокны магчымасцяў былі беларусамі змарнаваныя. Як трапна сказаў Юрый Хашчавацкі, «хоць бы нам не прасерці чарговы раз такую магчымасць».

- Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка з 18 чэрвеня знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Вы самі былі вязнем гэтай турмы. Якія варункі ствараюцца для затрыманых у ізалятары?

- Варункі могуць быць самыя цяжкія. Могуць быць створаны спецыяльныя варункі для групы зняволеных, напрыклад, палітычных, а могуць быць уведзеныя спецыяльныя варункі для асобных вязняў.

Я ня веру ў бравурныя заявы адвакатаў Бабарыкі, што ён здаровы і пачуваецца выдатна. Толькі спачатку ён не меў спальнага месца, а цяпер паведамляюць, што ён вельмі бадзёры, але ёсць праблемы з пітной вадой. Думаю, што ён знаходзіцца ў камеры без прыбіральні, у прыбіральню выводзяць два разы на дзень. Цяпер у камерах сярэдняя тэмпература 30-40 градусаў, вентыляцыйныя каналы зачыняюцца, каб чыніць на вязняў дадатковы ціск. Турма "амэрыканка" мае купал, які моцна награваецца. Я знаходзіўся ў ізалятары КДБ з 20 снежня 2010 года да 11 траўня 2011 года. Было толькі некалькі цёплых дзён, і тое было цяжка. Зараз жа там варункі проста пякельныя.

Хацеў бы адзначыць, што не трэба нам усім трапляць у залежнасць ад адвакатаў, на якіх таксама чыніцца моцны ціск. Адна рэч працаваць адвакатам багатага банкіра, а іншая - мець стасункі з сістэмай КДБ, калі адразу папярэджваюць, што пры няправільных паводзінах будзе страчаная ліцэнзія. Я меў адвакатку, якой я падчас кароткіх сустрэч паспеў расказаць, што да нас у турму ўвайшлі «маскі», якія пагражалі «палітычным» забойствамі і згвалтаваннямі, што зняволеных збіваюць ды катуюць і прасіў паведаміць пра гэта на волю, каб людзі ведалі. Натуральна, яна нічога гэтага не пераказала. Мяркую, што на спадара Віктара праз ціск на ягонага сына Эдуарда чыніцца грубы націск, каб ён «самохаць» зняўся з выбараў. На гэта ківала Лідзія Ярмошына. Улады тады скажуць, што «мы яго зарэгістравалі, а ён сам адмовіўся». Гэта яшчэ адзін з магчымых сцэнараў.

Ужо больш за 20 дзён знаходзіцца ў карцары на вуліцы Акрэсціна Павел Севярынец. Толькі што выйшаў з карцэру Сяргей Ціханоўскі, але яго маглі перавесці ў спецыяльную камеру, якіх на Валадарцы - некалькі, дзе чыніцца ціск на вязняў рукамі падоння, якое працуе на адміністрацыю. Мы маем інфармацыю, што ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна быў збіты лідэр "Народнай грамады" Мікола Статкевіч.

Мы маем зрабіць усё, каб вызваліць нашых лідэраў. Мы не зможам перамагчы, калі не даможамся волі для іх. Ці будзем чакаць дня «выбараў» 9 жніўня?

- Як Вы ацэньваеце дзеянні выбарчага штаба Бабарыкі, пакуль ён сядзіць у турме? Можа быць, Вы маглі б нешта параіць як чалавек з вялікім досведам правядзення кампаній салідарнасці з палітычнымі вязнямі?

- Я размаўляў і з самім сп.Віктарам, і з некаторымі сябрамі ягонага штаба. Мне шмат што няясна ў іхняй стратэгіі. Яны маюць гэтакую павярхоўнасць, нібыта яны лепш ведаюць сітуацыю, апазіцыя ўсё рабіла не так, а яны перамогуць дыктатуру з дапамогай нейкіх хітрых планаў і юрыдычных штук. Але дабор людзей у выбарчыя камісіі, на якія вельмі спадзявалася суполка Бабарыкі, паказаў, што колькасць альтэрнатыўных прадстаўнікоў стала ў пяць разоў меншая, чым у 2015 годзе.

Таксама як не існуе ў эканоміцы асаблівага беларускага шляху, таксама і беларуская рэвалюцыя не можа быць асаблівай. Яна можа мець нейкія нюансы, але формы і сродкі барацьбы маюць адпавядаць тым, якія выкарыстоўваліся краінамі, дзе перамаглі негвалтоўныя рэвалюцыі.

Апазіцыйныя лідэры Статкевіч, Севярынец і шмат хто казаў, што трэба рыхтавацца да шматдзённых масавым пратэстаў і ўсеагульнай страйку, што толькі так мы можам змяніць уладу. Пра гэта ж казаў Сяргей Ціханоўскі і заклікаў людзей быць актыўнымі. Суполкі жа Цапкалы і Бабарыкі не называлі сябе апазіцыянерамі, не выказвалі салідарнасць з палітычнымі вязнямі і заяўлялі, што яны не парушаюць ніякіх законаў, і таму ўлады нібыта не маюць ніякіх магчымасцяў даць ім рады. Проста сабраць подпісы за вылучэнне кандыдата - гэта вельмі мала і відавочна недастаткова, каб змяніць уладу ў краіне і перамагчы дыктатуру.

Але гэта не мяняе нашага стаўлення да суполкі Бабарыкі і тых людзей, якія былі арыштаваныя разам з ім. Яны сёння нашы баявыя таварышы. Мы павінны быць з імі салідарнымі і дамагчыся іхняга вызвалення, таксама як і ўсіх іншых незаконна арыштаваных.

- Да выбараў у Беларусі засталося больш за месяц. Як дзейнічаць, каб не змарнаваць шанц на перамогу?

- Мне здаецца, што момант развязкі акурат будзе звязаны з момантам рэгістрацыі або нерэгістрацыі Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. У выпадку іхняй нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь беларусы павінны масава і цвёрда выйсці на вуліцы сваіх гарадоў - выйсці даслоўна ў гэты ж дзень, што б ні казалі штабы кандыдатаў і так званыя незалежныя медыі.

Мы ўжо сутыкнуліся з тым, што ў апошні дзень легальнага збору подпісаў 19 чэрвеня 2020 года Мікалай Казлоў і Наталля Радзіна праз сайт «Хартыя-97» заклікаюць беларусаў выкарыстоўваць легальную магчымасць, каб паставіць подпісы і выказаць салідарнасць з арыштаванымі лідэрамі. Аднак, напрыклад, «Радыё Свабода» апублікавала матэрыял з заклікам «дзяўчыны Эдуарда Бабарыкі» і ягонага штаба не выходзіць на вуліцы, бо «гэта можа перашкодзіць Эдзіку». На шчасце, беларусы заўсёды былі моцныя здаровым сэнсам, і ў гэты дзень па ўсёй краіне выйшлі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Пра тое, што рэдакцыі сайтаў у Беларусі знаходзяцца пад неймаверным ціскам з боку ўлад, сведчыць поўнае ігнараванне з іх боку флэш-мобу салідарнасці, у якім узялі ўдзел сотні тысяч беларусаў.

Трэба дзейнічаць метадамі, адпаведнымі развіццю рэвалюцыйнай сітуацыі. Калі нашых кандыдатаў, за якіх мы падпісаліся, за якіх мы выходзілі і стаялі ў чэргах, якіх мы падтрымлівалі ў сацыяльных сетках, не зарэгіструюць, то трэба пераходзіць да іншых метадаў барацьбы. На вуліцы трэба выходзіць не таму, што Віктар Бабарыка такі цудоўны або Святлана Ціханоўская гатовая да кіравання краінай, а таму, што нам нахабна плюнулі ў твар, адкінуўшы ўсякую заслону для бясчынства. Мы павінны змаўчаць? Не, трэба выходзіць на вуліцу.

Калі сотні тысяч людзей паставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, а ў самыя масавыя дні па ўсёй краіне ўдзельнічалі ў зборы подпісаў, у акцыях пратэсту дзесьці 70-80 тысяч чалавек, то нам трэба зрабіць усё, каб па ўсёй краіне на вуліцы выйшаў мільён чалавек. 300 тысяч у Менску і 700 тысяч у іншых гарадах краіны. Гэта абсалютна рэальна, бо нас 97 адсоткаў.

Цяпер жа ёсць выдатная легальная і бяспечная магчымасць папрактыкавацца ў нашых калектыўных дзеяннях - удзельнічаць у флэш-мобах салідарнасці. Штодзень а 19.00 кожны беларус мае магчымасць выказаць сваю пазіцыю, пачуць сваіх суседзяў, пачуць сваіх сяброў і пашумець на знак салідарнасці, паказаўшы, што нас большасць.

- Вы ўжо думаеце пра тое, што будзе ў першыя дні і месяцы пасля адыходу Лукашэнкі?

- У выпадку нашай перамогі адбудзецца поўнае пераладоўванне ўлады на ўсіх узроўнях праз свабодныя выбары. Спачатку будзе створаны кааліцыйны ўрад, у які ўвойдуць прадстаўнікі розных палітычных сіл. Потым пройдуць свабодныя выбары прэзідэнта, парламента і мэраў гарадоў. Мы павінны разумець, што цяпер сапраўды гістарычны момант. Пра такія моманты мараць.

Калісьці я быў у Кангрэсе ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі. Да мяне падыходзілі маладыя амэрыканскія дыпламаты ды палітыкі і казалі, што мы, беларусы - шчаслівы народ, бо маем магчымасць змагацца за сваю свабоду і незалежнасць. Сапраўды, беларусы цяпер могуць увайсці ў гісторыю, бо фундаментальна зменяць жыццё ў сваёй краіне ў лепшы бок. Я ўпэўнены, што прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, якую я таксама прэзэнтую, увойдуць у кіраўніцтва краінай і будуць займаць лідэрскія пазіцыі ў розных органах улады.

Усе ўдзельнікі нашай беларускай рэвалюцыі, якія выявяць мужнасць і гераізм, будуць узнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі. Магчыма, тымі, якія ўжо існуюць, а магчыма і новымі, якія будуць заснаваныя новай уладай. Усе людзі, якія пацярпелі або пацярпяць ад дзеянняў рэжыму падчас Рэвалюцыі Надзеі, таксама атрымаюць спецыяльныя дзяржаўныя ўзнагароды і дзяржаўную дапамогу. Гэта непазбежна адбудзецца, бо гэта важна.

Цяпер фармуецца новая эліта краіны. Людзі, якія выявяць мужнасць і арганізацыйныя здольнасці, стануць часткай новай сістэмы ўлады.

Якім бы ні быў першы кааліцыйны ўрад Беларусі, першыя ролі пры новай уладзе будуць граць людзі, якія шмат гадоў былі ў апазіцыі, супрацьстаялі дыктатуры і прайшлі катоўні рэжыму. Таксама ў новым ўрадзе будуць кандыдаты ў прэзідэнты і сябры суполак, якія ў розныя гады таксама падпалі пад рэпрэсіі. Гэта і Аляксандр Казулін, і Андрэй Саннікаў, і Мікалай Статкевіч, і Віктар Бабарыка, і Сяргей Ціханоўскі ды іншыя годныя кандыдаты. Гэтыя людзі будуць ва ўладзе.

Упэўнены, што знойдуць сваё месца праз новыя выбары і абновяць палітычную сістэму тыя чыноўнікі і бізнэсоўцы, якія супрацьстаялі рэжыму Лукашэнкі, можа быць, не публічна, але якія за гэта пацярпелі. Я ўпэўнены, што ўсе гэтыя палітычныя сілы, якія я назваў і якія стануць падмуркам новай улады, апрыёры будуць імкнуцца да таго, каб у новай Беларусі панаваў закон.

Крымінальныя злачынствы, якія ўчыніў рэжым Лукашэнкі супраць сваіх палітычных спаборнікаў - выкраданні і забойствы лідэраў апазіцыі і журналістаў, катаванні, здзекі, грубыя парушэнні заканадаўства ў дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты ў розныя гады, беззаконне, якое чыніцца да арыштаваных герояў беларускай рэвалюцыі - усе гэтыя справы будуць прыярытэтнымі для новых улад.

Мы пастараемся адлавіць усіх гэтых злачынцаў, якія ўдзельнічалі ў «эскадронах смерці», забойствах людзей, у катаваннях кандыдатаў у прэзідэнты і сябраў іхніх штабоў, у здзеках з вязняў. Мы знойдзем усіх гэтых злачынцаў, і яны адкажуць паводле закону. Мы задзейнічаем усе міжнародныя і беларускія прававыя механізмы для іхняга пошуку і пакарання. Напраўду такіх людзей не так ужо і шмат - не больш за, чым 3%. 97% працэнтаў у праваахоўных структурах, таксама як і ва ўсім беларускім грамадстве, гэта сумленныя і нармальныя людзі.

Не хочуць думаць сёння «героі» з ОМОН і далей плююць на закон, значыць, заўтра яны стануць насельнікамі папраўчай калоніі №3 «Віцьба». Асаблівыя беззаконнікі, якія не лічаць сябе звязанымі заканадаўствам, могуць апынуцца адразу ў калоніях строгага рэжыму ў Івацэвічах або Глыбокім. Калі яны не ўважаюць сябе за афіцэраў, абавязаных выконваць прысягу, Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, значыць, будуць сядзець ня як афіцэры, а як асабліва цяжкія злачынцы ў калоніях строгага рэжыму. Магчыма, для кагосьці будуць праведзены спецыяльныя пасяджэння ў Гаажскім судзе.

Хачу яшчэ раз паўтарыць, што гэта будзе падмуркам палітыкі новай улады. Калі мы не асудзім гэтыя злачынствы, то не зможам стаць нармальнай цывілізаванай дзяржавай. Думаю, будзе кансэнсус усіх новых палітычных эліт у гэтым пытанні. Справядлівасць пераможа.

Адзінае, што можа палегчыць долю сённяшніх злачынцаў у форме - гэта пакаянне перад беларускім народам, спыненне дапамогі злачыннай групоўцы Лукашэнкі, Макея, Шэймана, звальненне з карных органаў. Гэта будзе залічана як змякчальная акалічнасць для будучага дэмакратычнага суда.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках