29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: Ціханоўскі, Бабарыка, іх паплечнікі і блогеры - вязні сумлення

5
Amnesty International: Ціханоўскі, Бабарыка, іх паплечнікі і блогеры - вязні сумлення

Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць улады неадкладна і безумоўна вызваліць палітвязняў.

Беларускія ўлады павінны спыніць крымінальны пераслед, запалохванне і рэпрэсіі супраць апанентаў Лукашэнкі і іх прыхільнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве Amnesty International, піша праваабарончы цэнтр "Вясна".

Amnesty International заяўляе, што ўважае Сяргея Ціханоўскага і восем чалавек, арыштаваных разам з ім (Яўгена Рэзнічэнку, Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Навуміка, Вяргілія Вушакова, Аляксандра Арановіча, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага і Арцёма Сакава), вязнямі сумлення, паколькі яны патрапілі за краты выключна ў сувязі з мірным ажыццяўленнем сваіх правоў. Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць улады неадкладна і безумоўна вызваліць зняволеных.

Акрамя таго, у заяве адзначаецца, што вязнямі сумлення сталі Віктар і Эдуард Бабарыкі, якіх пераследуюць выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных поглядаў.

Amnesty International таксама асуджае масавы пераслед блогераў і журналістаў, зрэшты Сяргея Багрова, Сяргея Лацінскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Неронскага, Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Цыгановіча.

«Усе яны - вязні сумлення і павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя», - гаворыцца ў заяве.

У дакуменце падкрэсліваецца, што ўзмацненне рэпрэсій супраць права на свабоду выказвання меркаванняў, правоў на мірныя сходы і асацыяцыі ў кантэксце будучых выбараў выявіла шматлікія іншыя праблемы з правамі чалавека, у тым ліку дыскрымінацыю жанчын, якая часам набывае форму відавочнай мізагініі, якая шырока транслюецца найбуйнейшымі дзяржаўнымі СМІ.

«Улады павінны аператыўна, грунтоўна, аб'ектыўна, эфектыўна і празрыста расследаваць усе паведамленні аб празмерным выкарыстанні фізічнай сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і жорсткім абыходжанні з затрыманымі, а таксама ўсе выпадкі пагроз, нападаў і абраз», - сказана ў звароце.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках