19 красавiка 2024, Пятніца, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны эпідэміёлаг Швэцыі прызнаў памылкі ў супрацьдзеянні каранавірусу

7
Галоўны эпідэміёлаг Швэцыі прызнаў памылкі ў супрацьдзеянні каранавірусу
ФОТА: ALI LORESTANI / REUTERS

«Мяккі карантын» знёс занадта шмат жыццяў.

Дзяржаўны эпідэміёлаг Швэцыі і архітэктар стратэгіі "мяккага карантыну" Андэрс Тэгнэл прызнаў, што пандэмія каранавірусу забрала жыцці занадта многіх людзей у краіне і што ўлады маглі зрабіць больш, каб прадухіліць страты.

Як паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на The Local, пра гэта Тэгнэл расказаў у інтэрв'ю грамадскаму радыё Швэцыі ў сераду раніцай.

"Калі б мы зноў сутыкнуліся з той самай хваробай, дакладна ведаючы, што мы ведаем пра яе сёння, я думаю, мы б спыніліся на нечым сярэднім паміж тым, што зрабіла Швэцыя, і тым, што зрабіў астатні свет", – сказаў Тэгнэл, адзін з адказных чыноўнікаў Агенцтва грамадскай аховы здароўя Швэцыі, які стаяў за стратэгіяй барацьбы з пандэміяй.

Падчас пандэміі Швэцыя прытрымлівалася больш мяккага карантыннага падыходу, чым большасць еўрапейскіх краінаў. Яна забараніла публічныя мерапрыемствы для больш чым 50 чалавек і наведванні дамоў састарэлых, зачыніла ўніверсітэты і частку школаў. Але пры гэтым Швэцыя паклалася на добрую волю грамадзянаў для ўтаймавання каранавірусу.

Да захадаў, якія не былі абавязковыя, але меркавалася, што людзі прыслухоўваюцца да рэкамендацый уладаў, адносіліся просьбы да асобаў, старэйшых за 70 гадоў, і іншых групаў рызыкі ўнікаць прамых сацыяльных кантактаў, заклікі рэгулярна мыць рукі, унікаць непатрэбных паездак і практыкаваць сацыяльнае дыстанцыяванне.

Гэтыя захады мелі пэўны ўплыў. Напрыклад, сезон грыпу, як мяркуецца, скончыўся хутчэй, і крывая каранавірусу пачала выраўноўвацца. Аднак захады не прадухілілі смерці больш як 4400 чалавек, што нашмат больш, чым у скандынаўскіх суседзяў Швэцыі, якія ўвялі строгія карантынныя правілы.

Тэгнэл і ягоныя калегі з Агенцтва грамадскай аховы здароўя паслядоўна сцвярджалі, што іх стратэгія можа быць больш устойлівай у доўгатэрміновай перспектыве, чым поўны жорсткі карантын. Але ў гутарцы на радыё Тэгнэл прызнаў памылкі такой стратэгіі.

На пытанне, ці не занадта шмат людзей памерла ў Швэцыі, ён адказаў: "Так, абсалютна", дадаўшы, што ў будучыні краіна павінна будзе разгледзець пытанне, ці магчыма было прадухіліць такія вялікія страты.

"Я думаю, што ёсць пэўная прастора для паляпшэння таго, што мы зрабілі ў Швэцыі. Было б добра ведаць, што менавіта трэба зрабіць, каб лепш стрымаць распаўсюд інфекцыі. У будучыні мы павінны падумаць, ці быў спосаб паменшыць (колькасць смерцяў)", – сказала Тэгнэл.

Паказнікі сведчаць, што ўзровень смяротнасці ў Швэцыі на душу насельніцтва быў самым высокім у свеце за сем дзён да 2 чэрвеня. На патрабаванне апазіцыйных партый у Швэцыі правядуць расследаванне рэакцыі ўрада на пандэмію каранавірусу.

1 чэрвеня ў Швэцыі за суткі не зафіксавалі ніводнага смяротнага выпадку сярод інфіцыраваных каранавірусам – упершыню пасля 13 сакавіка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках