13 лiпеня 2020, панядзелак, 5:21
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбар ужо зроблены

19
Выбар ужо зроблены
Андрэй Саннікаў

Менавіта змены ўлады патрабуе пераважная большасць грамадзянаў Беларусі.

У спрэчках, удзельнічаць ці не ўдзельнічаць, мы, падобна, прапусцілі той характэрны факт, што выбары ўжо адбыліся.

Сапраўдныя выбары, без умяшання Ярмошынай, якая рыхтуецца памерці.

Былы «электарат» далучыўся да народа, і ўсе разам прагаласавалі, падтрымаўшы сваімі галасамі і актыўны пратэст, і кабінетна-інтэрнэтную палітыку. На самай справе гэты выбар ахоплівае практычна ўсіх выбарнікаў у краіне.

Адначасова з падтрымкай альтэрнатывы людзі беспамылкова вызначылі таго, хто прайграў, і забяспечылі яго смяротна дакладным таўром «Саша 3 адсоткі».

Выбарнікі ўжо прагаласавалі, прадэманстраваўшы масавасць, дысцыплінаванасць і актыўнасць і на вуліцах, і падчас інтэрнэт-апытанняў на розных платформах.

На заключным этапе ў гэтым галасаванні самы актыўны ўдзел узяў Лукашэнка. Забараніўшы інтэрнэт-апытанні, ён зацвердзіў атрыманыя на іх свае 3%, зрабіўшы гэтую досыць высокую для яго лічбу сваім афіцыйным рэйтынгам.

Далей – болей: арганізаваўшы правакацыю супраць гомельскага блогера і аддаўшы незаконны загад пра ягоны арышт, Лукашэнка публічна прызнаўся, што на «выбарах», якія ён сам і прыдумаў, ён жа атрымаў паразу з трэскам.

Раней ён саджаў у турму сваіх апанентаў пасля выбараў, а на гэты раз нервы здалі ўжо на этапе збору подпісаў.

Арыштаваўшы Сяргея Ціханоўскага і зняволіўшы Міколу Статкевіча, Лукашэнка зноў выявіў свой панічны страх нават перад цалкам мірнай вуліцай.

Распісаўшыся ў сваім поўным краху, Лукашэнка абвастрыў палітычную сітуацыю ў краіне.

Калі раней мы думалі пра тое, як абараняць свой выбар пасля «выбараў», то на гэты момант мы абавязаны абараніць яго ўжо сёння, зараз.

Любымі сродкамі неабходна дамагацца вызвалення Сяргея Ціханоўскага і ўсіх незаконна арыштаваных і затрыманых актывістаў. І тут ужо не павінна быць падзелу на прыхільнікаў або праціўнікаў таго ці іншага альтэрнатыўнага кандыдата. Больш за тое, тут не павінна быць падзелу на «яны» і «мы». Ёсць выбар народа, які за апошні тыдзень ўбачылі ўсе беларусы і ўвесь свет, і гэты выбар неабходна адстаяць.

Як гэта зрабіць?

Часам варта прыслухацца да Лукашэнкі. Ён хлусіць увесь час і паўсюль, але, калі яго трасе ад страху, ён адкрыта кажа пра тое, чаго і каго ён рэальна баіцца.

Вось і на гэты раз ён акрэсліў свае страхі: вулічныя пратэсты, альтэрнатыўныя лідары, блогеры, незалежныя медыя, грамадскае меркаванне. І самая вялікая небяспека для яго – народ, у якога ён выклікае толькі нянавісць.

Лукашэнка выдатна разумее, што гаворка ідзе пра змену ўлады і дзейнічае зыходзячы з гэтага свайго разумення, спрабуючы яе ўтрымаць.

Менавіта змены ўлады патрабуе пераважная большасць грамадзянаў Беларусі.

Не варта спадзявацца, што Ярмошына пакіне недавараны боршч у бюро рытуальных паслуг, прызнаецца ў фальсіфікацыі і выключыць Лукашэнку са спісу прэтэндэнтаў. Не варта спадзявацца, што цудоўным чынам палічацца галасы і складуцца да ног нелукашэнкі.

Выбар ужо зроблены, і яго трэба абараняць.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»