23 красавiка 2024, aўторак, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Ціханоўская: Першым маім крокам у выпадку перамогі будзе вызваленне ўсіх палітвязняў

33
Святлана Ціханоўская: Першым маім крокам у выпадку перамогі будзе вызваленне ўсіх палітвязняў
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі дала інтэрв'ю «Голосу Америки».

Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская чакае вынікаў праверкі здадзеных подпісаў. Для многіх у Беларусі яе вылучэнне было нечаканым, а адбылося гэта пасля таго, як мужа Святланы - гомельскага блогера, аўтара канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання пасля яго ўдзелу ў перадвыбарчай акцыі.

Карэспандэнтка Рускай службы «Голоса Америки» запісала інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай.

- Рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Беларусі, пасля таго, як вашаму мужу было адмоўлена ў рэгістрацыі, было спантанным, або загадзя прадуманым?

- Рашэнне было абсалютна спантанным. На яго ўсведамленне ў мяне пайшло пару гадзін. Сяргея не зарэгістравалі, і я захацела яго падтрымаць, таму што рэальна дапамагчы я яму нічым не магла ў той момант. І я не знайшла іншага выйсця, акрамя як пайсці самой і падаць заяву на рэгістрацыю, каб спакойна сказаць мужу: «Я зрабіла ўсё, што магла, дарагі».

Я не чакала, што мяне зарэгіструюць, але атрымалася так, як атрымалася.

- А пра што вы думалі ў гэтую пару гадзін перад прыняццем рашэння? Ці былі ў вас сумневы на гэты конт?

- Вядома, сумневы былі. Прычым сумневы былі не ў тым, ці ісці мне падаваць заяву на рэгістрацыю, ці не. Я думала пра тое, ці дапаможа гэта Сяргею якім-небудзь чынам, альбо гэта бессэнсоўна?

- Лічыцца, што вас падтрымлівае, у асноўным, так званая «прасунутая моладзь», або, як кажуць у Расеі - «крэатыўны клас»? Ці так гэта напраўду, і што вы можаце прапанаваць традыцыйным выбарцам Лукашэнкі, каб яны пранікліся цікавасцю да вас?

- Магу сказаць, што наш электарат - гэта не толькі прасунутая моладзь, хоць і іх нямала. Гэта і людзі сталага ўзросту, да нас прыходзілі ставіць свае подпісы бабулі і дзядулі, пачынаючы з 1924 года нараджэння. Таму нас падтрымліваюць зусім розныя людзі.

Вядома, сярод тых людзей, якія пакінулі подпісы ў нашых пікетах, былі і тыя, хто хацеў падтрымаць персанальна мяне, а калі больш дакладна, то, вядома, Сяргея Ціханоўскага. Але былі і тыя, хто таксама падпісваўся за двух іншых альтэрнатыўных кандыдатаў. І гэта зразумела, бо на гэтым этапе не ўсе выбарцы гатовыя свядома зрабіць канчатковы выбар. Але для іх важна, каб на чале краіны быў нехта іншы. Яны стаміліся ад Лукашэнкі, яны хочуць перамен у краіне. І ў кожным з альтэрнатыўных кандыдатаў беларусы бачаць надзею на выхад з застою.

- Ці ёсць нейкія зрухі ў расследаванні атрыманых Вамі тэлефонных званкоў з пагрозамі? І ці зноў пачаліся падобныя званкі?

- Не, быў усяго адзін такі званок. І так як у той момант у нас былі іншыя прыярытэты - нам трэба было здаваць подпісы, то я гэтай справай не занялася, і не падала заявы пра расследаванне.

І пасля таго, як прайшоў першы шок ад гэтага званка, я наважыла для сябе, што, напэўна, гэта не былі нейкія рэальныя пагрозы. Што, хутчэй за ўсё, гэта быў нечый непрыгожы і непрыемны жарт ці спроба мяне запалохаць. Памеркаваўшы, я падумала, што калі б на мяне хацелі націснуць усур'ёз, то людзі не дзейнічалі б так груба, праз тэлефон, а прыдумалі б што-небудзь больш дасканалае. Таму я не дала ход гэтаму інцыдэнту.

- А калі вы павінны атрымаць звесткі аб тым, ці зарэгістраваныя вы ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі, ці не? Колькі часу ў Цэнтральнай выбарчай камісіі на праверку подпісаў?

- Рашэнне павінна быць прынятае да 14 ліпеня. Мы здалі блізу ста дзесяці тысяч подпісаў і блізу сарака тысяч мы здаць не змаглі - у сілу недахопу людзей для праверкі сапраўднасці подпісаў, у сілу недахопу часу і тых перашкод, якія нам чынілі.

- У тым выпадку, калі вам удасца перамагчы, якімі будуць вашы першыя крокі на пасадзе кіраўніка Рэспублікі Беларусь? Ці будзеце Вы пераследаваць (паводле закона!) прадстаўнікоў ранейшага рэжыму?

- Ну, мая перамога на прэзідэнцкіх выбарах - гэта пакуль вельмі гіпатэтычны варыянт. Але калі датуль усе нашы арыштаваныя бацькі, браты, мужы не будуць вызваленыя, то, натуральна, першым маім крокам будзе дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў паводле гэтай справы.

Што тычыцца пераследу прадстаўнікоў ранейшага рэжыму, то гэта занадта шырокае паняцце. І тут трэба аддзяляць тых, хто аддаваў злачынныя загады, ад тых, хто іх выконваў. Гэта - дзве зусім розныя катэгорыі людзей. Вядома, прэзідэнт не павінен вырашаць іх лёс, бо гэта прэрагатыва суда. Адказнасць павінны панесці і тыя, хто аддаваў злачынныя загады, і тыя, хто іх выконваў.

- Акрамя вас двума іншымі альтэрнатыўнымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Беларусі з'яўляюцца Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Ці ўважаеце вы іх сваімі тактычнымі хаўруснікамі і, на якіх умовах гатовыя аб'яднаць з імі свае высілкі?

- Мы зараз гаворым пра перадвыбарную гонку?

- Так, і пра становішча спраў перад 9 жніўня, а таксама аб сітуацыі, пры якой усіх вас зарэгіструюць, а потым хтосьці адзін выходзіць у другі тур на пару з Аляксандрам Лукашэнкам. Вы падтрымаеце таго, хто будзе ў другім туры, ці таго чалавека, хто будзе зарэгістраваны перад 9 жніўня?

- Абодва кандыдаты, пра якіх вы казалі, набіралі падчас народнага галасавання на розных інтэрнэт-рэсурсах высокі працэнт падтрымкі выбарцаў. Усіх нас траіх аб'ядноўвае тое, што людзі, якія за нас падпісваюцца, хочуць аднаго і таго ж - перамен да лепшага ў нашай краіне. Таму вядома, мы можам лічыць двух іншых альтэрнатыўных кандыдатаў нашымі тактычнымі хаўруснікамі.

Акрамя таго, адзін з іх - Віктар Бабарыка - ужо знаходзіцца пад арыштам, як і мой муж, а ў панядзелак 29 чэрвеня паступілі звесткі, што і да спадара Цапкалы ўлада выстаўляе прэтэнзіі. Гэта азначае тое, што абодва яны з'яўляюцца моцнымі канкурэнтамі для цяперашняй улады.

І наогул, ідэальным варыянтам выбараў я бачу такі: на фінальнай стадыі адбываецца барацьба паміж двума людзьмі. Адзін - гэта Лукашэнка, таму што ён, вядома, нікуды не дзенецца, і хто-небудзь з нас трох. Тады выбары былі б сумленнымі і канкурэнтнымі. А наконт аб'яднання намаганняў - галоўнае, каб было вакол каго аб'ядноўвацца да моманту выбараў. Мы ж бачым, што цяпер усё вельмі хутка мяняецца, і каго зарэгіструюць, а каго не - незразумела. Але аб'ядноўвацца - так, трэба адназначна.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках