24 красавiка 2024, Серада, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы стартавала кампанія перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў

У Польшчы стартавала кампанія перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў
ПРЭЗІДЭНТ ПОЛЬШЧЫ АНДЖЭЙ ДУДА (ЗЛЕВА) І МЭР ВАРШАВЫ РАФАЛ ТШАСКОЎСКІ (СПРАВА)
ФОТА: PAP/RADEK PIETRUSZKA
Калаж: PAP/PAWEŁ SUPERNAK

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы адбудзецца 12 ліпеня.

У Польшчы стартавала перадвыбарчая кампанія перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў, які адбудзецца 12 ліпеня. У ім возьмуць удзел дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда, якога падтрымлівае «Права і справядлівасць», і кандыдат «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі. У аўторак, 30 чэрвеня, штаб прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ініцыяваў акцыю «Нас аб'ядноўвае Польшча». У ёй будуць удзельнічаць парламентарыі, прадстаўнікі мясцовых уладаў і актывісты, звязаныя з кіруючай партыяй «Права і справядлівасць», паведамляе «Радыё Польшча».

«Мы пачынаем серыю сустрэч па ўсёй краіне. У акцыі будзе ўдзельнічаць не толькі прэзідэнт Анджэй Дуда, не толькі ён будзе заклікаць узяць удзел у гэтых выбарах. Гэта галасаванне важна не толькі для лідара краіны, не толькі для сябраў выбарчага штаба, але і для ўсёй дзяржавы», - сказаў прэс-сакратар штаба, еўрадэпутат Адам Бялян.

Адам Бялян таксама звярнуўся да прыхільнікаў Анджэя Дуды з просьбай аб заангажаванасці ў выбарчую кампанію.

Тым часам кандыдат апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі», мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі таксама працягвае сваю перадвыбарчую кампанію. У час сустрэчы з выбарцамі ён заявіў, што, калі ён стане кіраўніком дзяржавы, то падпіша законы аб дапамозе польскім грамадзянам, якія ўзялі крэдыты ў швейцарскіх франках і пацярпелым у выніку росту курсу валюты, і аб павышэнні сумы, свабоднай ад падаткаў.

Мэр Варшавы сказаў, што не варта займацца пытаннямі, якія ўжо вырашаны, або «тым, што ніколі не адбудзецца». Ён запэўніў, што не будзе дамагацца скасавання праграмы 500+, так званай 13. пенсіі або павышэння пенсіённага ўзросту.

«У прэзідэнта трэба спытаць, а што ж будзе з палякамі, якія ўзялі крэдыты ў швейцарскіх франках. Калі ўрад усё ж прыслухаецца да прэзідэнта, бо раней, на жаль, ён не слухаў кіраўніка дзяржавы, які сам з'яўляецца выхадцам кіруючай партыі; калі ўрад прадставіць закон, накіраваны на дапамогу гэтым людзям, то я, вядома ж, яго падпішу. Калі ўрад пагодзіцца з маёй прапановай павысіць суму, свабодную ад падатку, то безумоўна я падтрымаю такую ініцыятыву», - сказаў кандыдат на пасаду кіраўніка дзяржавы Рафал Тшаскоўскі.

У аўторак, 30 чэрвеня, дэпутат Кшыштаф Босак, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, заявіў, што ні ён, ні хто-небудзь з «Канфедэрацыі», якую ён прадстаўляў на гэтым галасаванні, а толькі кіруючы лагер і Анджэй Дуда , а таксама «Грамадзянская кааліцыя» і Рафал Тшаскоўскі павінны схіліць на свой бок 1,3 млн выбарцаў, якія за яго прагаласавалі.

У ходзе прэс-канферэнцыі Кшыштаф Босак падзякаваў сябрам свайго выбарчага штаба за супрацоўніцтва, СМІ за асвятленне яго кампаніі і прыхільнікаў за давер і падтрымку. Ён таксама заклікаў іх узяць удзел у другім туры прэзідэнцкіх выбараў.

Пазасістэмны кандыдат, журналіст Шымон Халоўня, які паводле вынікаў першага тура галасавання апынуўся на трэцім месцы, атрымаўшы 13,87% галасоў, заявіў, што яго рух не падтрымае ні аднаго з кандыдатаў у другім туры галасавання. Ён заявіў, што сам ён пойдзе на выбарчы ўчастак 12 ліпеня і будзе галасаваць супраць «бачання прэзідэнцтва» Анджэя Дуды.

У першым туры перамог Анджэй Дуда, атрымаўшы 43,5% галасоў. За Рафала Тшаскоўскага прагаласавалі 30,46%.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках