2 сакавiка 2021, aўторак, 14:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Пятрухін: Працэс змены ўлады ў Беларусі запушчаны

11
Сяргей Пятрухін: Працэс змены ўлады ў Беларусі запушчаны
Фота: tut.by

Трэба прадаўжаць выходзіць на вуліцы гарадоў.

Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна выпісалі са шпіталя пасля двухтыднёвага лячэння ад каранавіруса.

У інтэрв'ю Charter97.org блогер распавёў, што адбывалася ў лякарні, пра эпідэмічную сітуацыю ў Берасці, а таксама пра пратэстныя настроі беларусаў.

- Сяргей, як вы заразіліся каранавірусам?

- Нават не ведаю. Крыху раней каранавірусная інфекцыя пацвердзілася ў майго калегі з канала «Народны рэпарцёр» Аляксандра Кабанава. Ёсць таксама падазрэнне, што я заразіўся падчас арышту ў ІЧУ.

Першае, што кінулася ў вочы ў лякарні: прыёмнае аддзяленне было проста загачанае людзьмі, вельмі шмат хто трапіў з падазрэннем на каранавірус. Мяне агледзеў лекар, зрабілі КТ і паклалі на трэці паверх. Тэст на COVID-19 быў станоўчым, яго зрабілі хутка, за дзень.

У палаце, дзе я ляжаў, усе былі «лёгкімі». Я не бачыў ніякага болю, ніякіх пакут. Максімальная тэмпература была 37.

Пасля некаторых назіранняў склалася ўражанне, што нам, «лёгкім», хутка робяць тэст і адразу кажуць, што гэта каранавірус - каб нас вылечыць і палепшыць статыстыку. Тым жа, каму кепска, кажуць, што гэта «запаленне лёгкіх». У выніку, калі чалавек памрэ, то ўжо ад «пнеўманіі».

Адзін лекар мне так шчыра і сказаў: гэта ў нас у аддзяленні ўсё «добра і спакойна», а напраўду кожны дзень ад «пнеўманіі» толькі ў Берасці памірае блізу 70 чалавек.

Агулам, лекары імкнуліся на мае пытанні адказваць няпэўна ці адмоўчвацца. Але па драбках удалося сабраць інфармацыю аб маштабах эпідэміі ў Берасцейскай вобласці і ў Беларусі.

- І як выглядае карціна эпідэміі з расказаў лекараў і пацыентаў?

- Усе ведаюць, што Лукашэнка робіць так, каб медыкі хавалі праўдзівую інфармацыю і мы не ведалі сапраўднай карціны пра COVID-19. А яна, без перабольшання, жудасная. Могілкі імкліва растуць практычна ва ўсіх гарадах. У лякарні мне распавядалі, як шмат людзей напраўду памірае. Ніхто ўжо не верыць, што гэтыя людзі паміраюць ад «сезоннай пнеўманіі».

Асабіста я ведаю чалавека, які ў 46 гадоў памёр ад пнеўманіі з пацверджаным каранавірусам. Гэта - Васіль Мацкевіч, журналіст з Пінска.

У Берасці ўжо амаль усе медычныя ўстановы пераабсталяваны пад «кавіднікаў». У сярэдзіне пазамінулага тыдня ў Чыгуначную лякарню ў першы ж дзень паклалі 90 чалавек. Яе запаўняюць «кавіднымі». Імі ж запоўнены тубдыспансер, скурвэндыспарнсэр. Гэтыя звесткі пацвярджаюць і лекары, і гараджане.

- Як адбывалася вашае лячэнне? Што вы можаце сказаць пра ўмовы ў шпіталі?

- Лячылі мяне антыбіётыкамі. Атрымліваецца, «тушылі» інфекцыі, якія, магчыма, былі ў арганізме, каб яны не злучыліся з вірусам. Давалі прэпараты для разрэджвання крыві і для аднаўлення страўніка пасля антыбіётыкаў. Нешта яшчэ ў плячо калолі - таксама, напэўна, для разрэджвання крыві. Я разумею, што гэтыя антыбіётыкі былі беларускімі, магчыма, не вельмі добрай якасці. Але ўсіх лекаў было дастаткова. Нічога звышнатуральнага.

Што тычыцца супрацьвіруснай экіпіроўкі лекараў, то яна была не поўнай. Адзетыя медыкі былі зусім не ў супрацьчумныя касцюмы, хоць і працавалі з «кавіднымі» пацыентамі. Са сродкаў абароны ў іх былі нейкія бахілы і пластыкавыя маскі.

Я звярнуў увагу, што ў першыя дні на агляд прыходзіла шмат лекараў, чалавек па 5-6. А потым - толькі адзін. Цікава, куды дзяваліся астатнія?

Дарэчы, практычна ўсе медыкі мяне пазнавалі, некаторыя казалі, што яны «за нас», глядзяць выпускі «Народнага рэпарцёра».

- Які досвед вы вынеслі з сваёй шпіталізацыі? Што запомнілася больш за ўсё, чым хацелася б падзяліцца?

- Хачу сказаць тым, хто яшчэ гэтага не зразумеў: «кавід» - гэта не звычайны сезонны грып. Гэта 100%. Так, я быў у аддзяленні для «лёгкіх». Але я ведаю, што адбывалася з тым жа Аляксандрам Кабанавым на суседнім паверсе. Ён мне дасылаў відэа, калі яму было дрэнна. У яго была высокая тэмпература, жудасна ламала суставы. Ён апісаў, якія гэта пакуты, і яму я веру.

Мяркуючы з майго знаёмага Васіля Мацкевіча, які памёр у 46 гадоў, гэтая хвароба «косіць» усіх, а не толькі старых.

Тое, што могілкі па ўсёй краіне імкліва растуць - гэта таксама факт. Я ніколі не паверу, што можа быць столькі звычайных «пнеўманій», што пад хворых у звычайнай сітуацыі пераабсталююць столькі лякарняў. Каранавірус - гэта рэальна страшная рэч, да таго ж да канца не вывучаная. То, як да яе ставіцца Лукашэнка - гэта проста злачынства.

Я ўпэўнены, што людзі яму не даруюць смерці сваіх блізкіх. Яму можна было ўсяго-нічога зрабіць: прыслухацца да сусветнай супольнасці і, нават застаючыся пры сваім меркаванні, зрабіць так, як гэта робяць цывілізаваныя краіны. Калі б ён адразу, у сакавіку, хаця б на месяц увёў карантын, карціна была б зусім іншая. Але ён робіць усё наадварот.

А тое, што Лукашэнка кажа, «жэрці не будзе чаго» - гэта проста смешна. Ты «працаваў» 26 гадоў, а цяпер кажаш, што «жэрці няма чаго»? Дзе ж грошы за прададзены лес, дзе нашы падаткі, дзе «скарбніца»?

- Ці стала бяздзейнасць уладаў падчас эпідэміі СOVID-19 каталізатарам да пратэстных дзеянняў беларусаў?

- Безумоўна. Але і не толькі гэта. Па ўсёй краіне людзі масава становяцца ў чэргі па свабоду. Людзі хочуць мірным шляхам выказаць свой пратэст супраць вельмі доўгага панавання Лукашэнкі. Людзі хочуць сумленных выбараў.

Сыграў таксама чыннік Сяргея Ціханоўскага, які аб'яднаў людзей тым, што ездзіў па гарадах, даваў людзям выказацца. Гэтага ніколі не рабілі дзяржаўныя СМІ, а гэта вельмі просты і дзейсны прыём.

Беларусы перасталі баяцца, яны пачалі выказваць тое, чаго раней сабе ніколі не дазвалялі, пачалі казаць пра ўладу і Лукашэнку. Гэта ўсё развівалася ў геаметрычнай прагрэсіі і вылілася ў тое, што мы зараз бачым.

Мне здаецца, пэўную ролю адыграла тое, што паездкі Сяргея супалі з каранавірусам і з тым, што Лукашэнка, як вельмі неразумны і недальнабачны чалавек, адмаўляў наяўнасць праблемы. Людзі паміраюць, інфармацыя ад лекараў не паступае да гэтага часу, Міністэрства аховы здароўя памяншае статыстыку, COVID-19 спісваюць на запаленне лёгкіх - вядома, ад гэтага народ звярэе. Беларусы не даруюць Лукашэнка смерці сваіх блізкіх. Эпідэмія запусціла працэс змены ўлады ў Беларусі.

Лукашэнка абраў вельмі неспрыяльны перыяд для «выбараў». Цяпер можна легальна выходзіць і выказваць сваю незадаволенасць, гэта гуляе не на ягоную карысць.

- Як Сяргею Ціханоўскаму і беларускім блогерам удалося абудзіць народ?

- Смеласць заразлівая, гэтак жа як і страх. Сяргей мяне не здзіўляе - ён нармальны беларус, смелы чалавек, такіх людзей шмат. Але ён малайчына, што прыдумаў такі фармат канала і рэалізаваў яго. Хоць, зноў жа, так павінны паступаць усе нармальныя людзі, якія займаюцца палітыкай. Трэба размаўляць з людзьмі, быць блізкімі да іх.

Ціханоўскі пачаў размаўляць з беларусамі, і яны яму паверылі. Тым больш, што ў яго такі вобраз мужчыны з народу, свайго чалавека. Ён зразумелы і блізкі людзям, пры гэтым камунікабельны, недурны чалавек, займаўся бізнэсам. Я мяркую, што гэтыя чэргі - менавіта ягоная заслуга. Ён ужо ўвайшоў у гісторыю.

Попыт заўсёды нараджае прапанову. У Беларусі з'явіўся попыт на блогераў. Ёсць шмат выпадкаў у краіне, калі, напрыклад, людзей падманвае дзяржава. Беларусы спрабуюць у гэтым разабрацца, але не атрымліваюць зваротнай сувязі, справы спускаюць на тармазах. Але ж менавіта галоснасць - самы дзейсны механізм для таго, каб грамадства было нармальным і адэкватным. Так што блогеры ўзялі на сябе ролю чысцільшчыкаў, санітараў. Яны пачалі асвятляць такія справы.

Беларускі народ меў патрэбу ў інфармацыі. Нават калі нейкія справы не перамагаюць, шмат хто хоча, каб пра іх даведалася грамадскасць. Адбываецца эфект бомбы, якая выбухнула. Людзі пачынаюць бачыць, як мы дрэнна жывём. Бо многія думаюць, што дзяржава паводзіць сябе несправядліва толькі з імі, а потым высвятляецца, што з усімі. Людзі пачынаюць разумець, што так жыць нельга. Праўда змяняе свядомасць. Тое, што робяць блогеры, змяняе свядомасць грамадства.

- Што сёння можна зрабіць для вызвалення Ціханоўскага і затрыманых актывістаў?

- Улада сябе цалкам дыскрэдытавала. Яны ўжо выкарыстоўваюць для правакацый прастытутак! Я супраціўнік гвалту, думаю, што трэба мірна выходзіць на вуліцы беларускіх гарадоў. Быць салідарнымі і быць разам - толькі так можна змяніць сітуацыю ў краіне.