25 красавiка 2024, Чацвер, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеры – Лукашэнку: Саша, сыходзь

5
Пенсіянеры – Лукашэнку: Саша, сыходзь

Нават яны не вераць у тое, што паказваюць на БТ.

Яшчэ пару Лукашэнкаўскіх тэрмінаў таму беларускія пенсіянеры шчыльна сядзелі на іголцы веры ў «беларускага Робіна Гуда». 2020 год разбіў гэтую ўтопію, таму што цяпер нават самы адданы некалі электарат ходзіць на пікеты іншых кандыдатаў, піша kyky.org.

«Хачу, каб людзі жылі так, як гавораць з экранаў». Відэазварот Надзеі са Слоніма

У сакавіку сёлета пенсіянерка са Слоніма Надзея Пугаева надумала запісаць троххвілінны зварот да Лукашэнкі (цяпер у яго 250 000 праглядаў). Надзея наракала, што яе лісты, здаецца, да яго не даходзяць – можа, хоць відэа ён паглядзіць. Яна пачала з фразы: «Хутка выбары, вы зноў пойдзеце ў прэзідэнты – дык няўжо вы не бачыце, як мы коцімся у прорву?»

Галоўнымі аргументамі Надзеі былі наступныя: у краіне загінаюцца прадпрыемствы, высякаюцца лясы, у людзей няма працы: «Я б на вашым месцы зрабіла нашу краіну здабыткам. Грошай няма? Дык чаму вы даяце дзяржслужбоўцам павышаныя пенсіі?» Як вынік адсутнасці грошай наваяўленая блогерка паказала на тое, што ў крамах усё дорага: «Зайдзіце – без аховы, не бойцеся нікога, вас народ не кране – у прадуктовыя крамы. <...> Народ павінен набываць прадукты, а не пускаць слінкі, гледзячы на вітрыну».

Надзея таксама расказала, як у краіне ідуць справы з медыцынай: «лекараў не хапае»; «апаратура старая»; «вы кажаце каму-небудзь з Афрыкі, што ў нас медыцына бясплатная – лухта, на 80% усё платнае». Надзея яшчэ шмат казала пра праблемы ў Беларусі, якія яе непакояць – кошты на ваду, электрычнасць і лекі. А ў канцы вынікавала: «Можаце мяне пакараць смерцю, я вам зла не зычу. Але хачу, каб усе жылі годна і так, як вы кажаце з экранаў».

«Саша, мы з табой нарадзіліся ў адзін год». Маналог пенсіянеркі, якая з Лукашэнкам на «ты»

Блогер Сяргей Ціханоўскі ездзіў з камерай па краіне і кантактаваў з беларусамі яшчэ да таго, як пачалася перадвыбарчая кампанія ягонай жонкі (Святлана Ціханоўская – кандыдатка ў кандыдаты ў прэзідэнты). У сакавіку ён запісаў зварот пенсіянеркі Алы Захаравай да Лукашэнкі: «Буду называць цябе на “ты”, Саша, бо мы з табой нарадзіліся ў адзін год, вучыліся ў адной савецкай школе паводле адной праграмы. Калі памятаеш, у 10-м класе была ў нас тэма “ёсць у рэвалюцыі пачатак, няма ў рэвалюцыі канца”. Я ў свой час пісала пра савецкую жанчыну, мне на гэта было адведзена толькі два ўрокі. Табе лёс даў 26 гадоў, каб напісаць сачыненне. Ты яго пісаў, перапісваў – у выніку народ табе ставіць двойку. Часу на працу над памылкамі ў цябе няма, просьба – сысці. Ці як Ельцын, ці як афіцэр».

«Ягоная асноўная задача – каб народ у страху жыў». Тролінг ад пенсіянера на гомельскім пікеце

На пікет у Гомелі 31 траўня падышоў пенсіянер, які трымаў у руках партрэт Лукашэнкі. Мужчына прыдумаў арыгінальны ход: «Я з ім [партрэтам] прыйшоў, каб мяне не забралі». Нагадаем, у той дзень на гомельскім пікеце былі і міліцыянты, якія настойвалі, што «мерапрыемства ператвараецца ў мітынг».

Герой роліка сказаў на камеру: «Быў калгаснік, конюх, а стаў “прэзідэнтам”. Яму захацелася злётаць на алімпійскія гульні ў Токіа – лепш бы ён гэтую салярку выкарыстаў для пасеву сваёй роднай краіны, вось гэта была б эканомія. У Беларусі больш генералаў, чым дзе заўгодна. Ён ім вешае зоркі і кажа: “Галасуйце за мяне”. І каб народ у страху жыў – гэта ягоная асноўная задача». У мужчыны спыталі імя, але ён адказаў, што клічуць яго – чалавек. За гэта натоўп узнагародзіў яго авацыяй.

«Калі памру, буду ведаць, што нарэшце ўдыхнула глыток свабоды». Лэдзі з Гародні

29 траўня ў Гародні прайшоў пікет для збору подпісаў за кандыдатку ў кандыдаты ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую. Мерапрыемства скончылася брутальным разгонам, падчас якога кінематаграфічна пацярпеў міліцыянт і быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі. Але яшчэ да з'яўлення міліцыі на пікеце заўважылі 81-гадовую Галіну Філіпаўну Андрэйчык. Як пазней высветлілася, Галіна даўно сочыць за блогерам і ехала на пікет, каб асабіста з ім пагутарыць: «Я памятаю 94-ы, калі вось у гэтым будынку на прыступках было адведзенае месца для Лукашэнкі, калі ён абіраўся на пасаду прэзідэнта. Я са студэнтамі прыйшла паглядзець на будучага прэзідэнта – ён тады прапанаваў лозунг “барацьба за карупцыю”. Мяне гэта не абурыла, а здзівіла: такі малады чалавек і замахнуўся на карупцыю. <...> Ён ехаў з Менска ў Гародню на старым “Масквічы”. <...> Ягоная першая фраза: “Я здзейсніў гераічны подзвіг – прыехаў да вас, хоць у мяне стралялі”.

Сёння мне думаецца: калі б у яго шалёная куля трапіла б, наша Беларусь знаходзілася б у ліку перадавых краінаў Заходняй Еўропы і наш народ не адчуваў бы такую несправядлівасць, беззаконне, здзек. <...> Некалі ўсё роўна прыйдзе суддзя і вынесе ім [цяперашнім уладам] страшны прысуд. <...> Яны павінны адказаць за развал Беларусі. <...> Калі я памру, я буду ведаць, што нарэшце ўдыхнула глыток свабоды ».

Пасля такой прамовы людзі доўга пляскалі Галіне. А пазней стала вядома, што Галіна – кандыдатка эканамічных навук, педагог. Сама жанчына расказала журналістам, што ў 94-м галасавала за Лукашэнку: «Але калі тады кандыдат Лукашэнка казаў: “Мой народ”, то цяпер рыторыка змянілася. Ад выбараў да выбараў расло маё расчараванне».

«Колькі ён нас будзе мучыць?» Пенсіянерка на пікеце ў Лідзе

На пікет у Лідзе прыйшла і 78-гадовая мясцовая жыхарка – яна трапіла ў камеру «Радыё Свабоды»: «Колькі будзе мучыць нас Лукашэнка? Хопіць, 26 гадоў, няхай ідзе ў адстаўку <...> Як быццам, калі ён памрэ, мы іншага не знойдзем». Следам дама расказала, што краіна знаходзіцца ў гаротным становішчы і што яе сын з вышэйшай адукацыяй не можа знайсці працу. «Я проста не магу ўжо, мне хочацца, каб людзі жылі годна <...> Няхай мяне арыштоўваюць, я не баюся <...> Вось кажуць, п'яных шмат – дык а што людзям рабіць, калі грошай няма?»

«Я пры ім усё страціла». Што яшчэ пенсіянеры кажуць пра ўладу

Сапраўды, цяпер многія людзі старэйшага пакалення прыходзяць на пікеты, дзе скардзяцца журналістам, што жыццё ў іх – не цукар, і віной усяму тое, што яны паверылі ў лозунгі некалі маладога кандыдата з пасёлка Копысь. Многія пенсіянеры кажуць пра надзею на новы ўрад. Падборку такіх выказванняў сабралі на YouTube-канале «Стоп, прусак».

На першым відэа з Гародні ў камеру патрапіла жанчына, якая расказала, што ў 94-м яна была задаволеная: у школах, ВНУ была беларуская мова, а потым прыйшоў Лукашэнка: «Тут цяпер Расея сапраўдная, а я хачу жыць у Беларусі», – заявіла пенсіянерка. На другім відэа іншая жанчына называе свае галоўныя прэтэнзіі да Лукашэнкі: «Казаў, калі народ будзе супраць, ён сыду. Сышоў? Казаў, што будзе “папіццот” – і дзе яны?»

Да яе далучаецца яшчэ адна жанчына з Гомеля, якая просіць выратаваць беларусаў і Беларусь: «Мы трывалі, мы памяркоўныя, але сілаў больш няма». За ёй – таксама пенсіянерка з Гомеля, якая расказвае пра грошы: «Дачка працуе ў дзіцячым садзе, на рукі выдаюць 270 рублёў, а ў яе 10-гадовая дачка. Як жыць? Я ў адной куртцы хаджу 10 гадоў. Мы жабракі галадранцы». Яшчэ адна пенсіянерка кажа: «Вельмі цяжка пры Лукашэнку. Ён шмат абяцае, але нічога не робіць. Надакучыла ягоная балбатня». Таксама ў падборку трапіла жанчына, у якой дзявочае прозвішча Лукашэнка: «Але я галасую супраць Лукашэнкі – колькі можна на гэта ўсё глядзець?»

Мяркуючы з усяго гэтага відэа, нават пенсіянеры ўжо наўрад ці вераць у тое, што ім паказваюць на БТ і іншым дзяржтэлеканалах. Людзі відавочна стаміліся ад маленькіх пенсій і абяцанняў уладаў, якім не наканавана стаць рэальнасцю. Стары «Робін Гуд» праявіў сябе не найлепшым чынам, і цяпер яны хочуць новага.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках