24 красавiка 2024, Серада, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ прадоўжыў забарону на ўезд для замежнікаў да 1 ліпеня

ЕЗ прадоўжыў забарону на ўезд для замежнікаў да 1 ліпеня

Унутраныя межы Еўразвязу могуць адкрыцца раней.

Міністры ўнутраных спраў краін-чальцоў Еўрапейскага Звязу прынялі пастанову падоўжыць забарону на ўезд замежнікаў у ЕЗ да 1 ліпеня.

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі паведаміла еўракамісарка ва ўнутраных справах Юлва Ёгансан, перадае hromadske.ua.

«Падаўжэнне забароны на ўезд з-за межаў ЕЗ працягнулі да канца месяца (чэрвеня - рэд.), каб стварыць належныя ўмовы для паступовага адкрыцця межаў пасля гэтага», - адзначыла яна.

Таксама яна дадала, што такія крокі павінны быць скаардынаванымі і ажыццяўляцца на недыскрымiнацыйнай аснове.

У той жа час, забарона не закране Вялікую Брытаніі (якая ўжо не з'яўляецца чальцом ЕЗ), але яе грамадзяне павінны прайсці абавязковую 14-дзённую абсервацыю пры ўездзе ў Еўразвяз.

Што тычыцца адкрыцця межаў унутры ЕЗ, то профільныя міністры дамовіліся дасягнуць гэтага ўжо да 15 чэрвеня. Раней еўракамісарка Ёгансан выказала надзею, што гэтага ўдасца дасягнуць да канца месяца.

Нагадаем, забарону на ўезд у ЕЗ праз эпідэмію каранавіруса ўвялі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. Яна павінна была доўжыцца 30 дзён, пасля чаго яе некалькі разоў падаўжалі.

Пры гэтым пад забарону не трапляюць людзі, якія ўвесь час пражываюць у ЕЗ, грамадзяне краін-чальцоў ЕЗ, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, іх сямейнікі і дыпламаты. Акрамя таго, уезд у Еўразвяз дазваляюць медыкам і даследчыкам, а таксама людзям, якія перавозяць тавары, і памежнікам.

У той жа час асобныя краіны ЕЗ ужо пачалі абвяшчаць пра адкрыццё межаў для замежнікаў. Так, Італія зрабіла гэта адной з першых - 3 чэрвеня. А Грэцыя гатовая прымаць турыстаў ужо з 15 чэрвеня.

Нагадаем таксама, што яшчэ 13 траўня Еўрапейская камісія падрыхтавала праект пастановы аб паступовым зняцці ўнутраных абмежаванняў на перамяшчэнне, уведзеных у сувязі з пандэміяй каранавіруса. Так у ЕЗ плануюць ажывіць сектар перавозак і турызму, якія панеслі значныя страты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках