19 красавiка 2024, Пятніца, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: У Лукашэнкі зямля гарыць пад нагамі

22
Таццяна Севярынец: У Лукашэнкі зямля гарыць пад нагамі
ФОТА: TUT.BY

У наменклатуры таксама назіраюцца зрухі.

Масавыя пікеты для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў прайшлі 7 чэрвеня ў 37 гарадах Беларусі. Дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб падтрымаць свабоду і перамены. Улады спужаліся такой актыўнасці і на легальным пікеце ў Менску быў затрыманы сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Cайт Charter97.org пагаварыў з маці апазіцыйнага палітыка, вядомай актывісткай з Віцебска Таццянай Севярынец.

- Пасля таго, як я ўбачыла, што адбылося, што момант затрымання бачыў сын Паўла Францішак і ягоная жонка Вольга, я толькі дзякавала Богу, што дзіця яшчэ маленькае, яно не магло зразумець, што адбылося, куды падзеўся тата. Калі ты ўсё гэта бачыш, то адключаецца пачуццё самазахавання, хочацца проста ісці і ў шыю гнаць гэтую ўладу.

Я бачыла, як людзі абаранялі і спрабавалі спыніць аўто, у якое запіхнулі Паўла, беларусы проста перастаюць баяцца. Большасць у нашым грамадстве разумее, што далей так жыць немагчыма. Лукашэнка ўжо да такой ступені дабалбатаўся, што ягоныя словы цягнуць на крымiнальны артыкул, у яго няма ніякага законнага права далей удзельнічаць у выбарах.

Грамадства так жыць не можа, людзі павінны жыць паводле законаў, якія выконваюць усе. Лукашэнка казаў усім не разводзіць карупцыю і тут жа прызначыў сваіх сыноў найбліжэйшымі паплечнікамі. Калі камісія ЦВК адказвае прэтэндэнту на пост прэзідэнта Віктару Бабарыка, што можна хаміць, то гэта хіба норма закона?

- У Віцебску збіраюцца подпісы не толькі за альтэрнатыўных кандыдатаў, але і за тое, каб зняць Лукашэнку з выбараў?

- Так, мы проста паклалі лісты паперы і да іх з'явілася чарга. Людзі падпісваліся, потым адзін аднаму перадавалі. Ніхто нікога не падганяў, не тыкаў носам. Жыхары Віцебска самі іх убачылі, праявілі ініцыятыву, яшчэ і сваіх знаёмых клікалі.

За гадзіну мы назбіралі 83 подпісы. Гэта вельмі добры вынік, які паказвае, што не толькі ёсць кандыдат Бабарыка, які выказаў сваю незадаволенасць і запатрабаваў зняць Лукашэнку з выбараў, але і іншыя людзі.

- Дзесяткі тысяч людзей выходзяць на пікеты не толькі ў Менску, але і рэгіёнах. Якія праблемы хвалююць жыхароў Віцебска?

- 7 чэрвеня ў нас не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Людзі збіраліся ў невялікія групкі і размаўлялі. Абавязкова знаходзіўся чалавек, у якога было што сказаць. Людзі выказвалі тое, што іх абурае. У іх такі груз за плячыма, столькі ўсяго назапасілася за гэтыя гады, што шмат хто прамаўляў і 10 хвілін, і больш. Атрымаўся стыхійны мітынг.

Удзельнікі пікету для збору подпісаў распавядалі свае асабістыя гісторыі: як не знайшлі праўду ў судзе, як атрымалі дом або кватэру, у якіх немагчыма жыць і ўсё даводзілася перарабляць за свае сродкі. Людзі распавядалі пра свае прыгоды на працах. Мне і цяпер тэлефануюць знаёмыя, пытаюцца, што рабіць, маўляў, тэлефануюць з працы, кажуць прыйсці з пашпартамі і паставіць подпісы за самі ведаеце каго. Гэта людзей таксама абурае, але не ўсе разумеюць, што калі яны першымі скажуць «я не буду падпісвацца», той, хто побач стаіць, таксама так зробіць. Такія выпадкі былі і неаднаразова.

- Ці стаў каранавірус, ад якога так пацярпеў Віцебск, своеасаблівым паскаральнікам пратэстных настрояў?

- Абсалютна, вельмі шмат гора прыйшло праз гэты вірус. Нават на пікеце людзі распавядалі, хто як лячыўся, аб немагчымасці зрабіць тэсты ў Віцебску, як іх не ўзялі ў лякарню, як нехта пахаваў маму, сястру. Гэтыя труны не паспявалі выносіць з морга, не паспявалі капаць магілы на могілках.

Людзі зразумелі, што для Лукашэнкі чалавек - гэта ніхто. Гэтая палітыка выяўляецца ўсюды. Я бачу гэта з адказаў, якія даюць чыноўнікі на мае заявы. Калі раней былі спробы супакоіць, пастарацца нешта зрабіць, то цяпер «мы прынялі да ведама» і ўсё. Гэтая ўпэўненасць, што ў іх ёсць «дах», робіць з улады арганізаваную злачынную арганізацыю.

Усе казалі, што міністр Каранік такі добры лекар, анколаг... Але калі ты лекар, то ў цябе самая галоўная каштоўнасць - гэта чалавек і ягонае здароўе, але не. Для яго самая вялікая каштоўнасць - гэта пасада і заробак. А людзі - так, пыл.

Пратэстныя настроі сёння вельмі моцныя. Паглядзіце, беларусы гатовы ставіць подпісы за каго хочаце, абы не за Лукашэнку.

Па-другое, як народ заступіўся за Сяргея Ціханоўскага ў Гародні, а ў нядзелю - за Паўла! З аднаго боку, мне балюча і крыўдна, а з другога - я так удзячная гэтым людзям.

- Вам неаднаразова даводзілася ўдзельнічаць у розных кампаніях для вызвалення палітвязняў. Як дзейнічаць сёння, калі столькі людзей знаходзіцца пад арыштам?

- Грамадства павінна патрабаваць вызвалення сваіх лідараў. Зараз столькі працы для юрыстаў і праваабаронцаў, што яны павінны 24 гадзіны на дзень гэтым займацца. Абарваць тэлефоны ААН, Рады Еўропы, усіх амбасад, каб паставіць на вушы ўсіх і ўсё.

Падчас гэтай кампанію людзі масава пайшлі ў чальцы камісій, збіраць подпісы. Патрэбна ж таксама ведаць, як правільна дакументы запаўняць. Таксама трэба ведаць, як паводзіць сябе падчас збору подпісаў, якія ёсць правілы і законы. Трэба ўмець абараняць інтарэсы вашага кандыдата і ва ўчастковых камісіях. У гэтым таксама павінны дапамагаць праваабаронцы.

Я ў 2011 годзе перамагла ў судзе ААН з дапамогай праваабаронцы Паўла Левіна, які пісаў лісты, падрыхтоўваў матэрыялы. А многія гэтыя справы кідаюць! Трэба дамагацца, каб Беларусь выконвала пастановы ААН і Вярхоўнага суда ў правах чалавека. Прабачце, праваабаронцы, але патрэбная праца з міжнароднымі арганізацыямі.

Добра, што хоць Сяргея Ціханоўскага зараз прызналі палітычным зняволеным.

- Мяркуючы з пікетаў, на якіх вы прысутнічалі, ці гатовыя беларусы змяніць уладу ў краіне?

- Вельмі хачу ў гэта верыць, бо людзей ужо дапякло. Прыйшоў час беларускаму народу сказаць сваё слова. Я шмат чаго пачула на пікетах. У мяне ўнутры ўсё адгукаецца з іх словамі. Ужо не магу думаць пра ўласную бяспеку на сёмым дзясятку гадоў. Унутры ўсё кіпіць і баліць, хачу верыць, што нашы слёзы і бітвы нездарма. Гэта гейзер можа пакіпець і супакоіцца, а мы ўжо не можам.

У наменклатуры таксама назіраюцца зрухі. У Лукашэнкі гарыць зямля пад нагамі і яго асяроддзе гэта бачыць. Паказчык гэтага - прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Цапкала і Бабарыка. Так, цяжка сказаць, наколькі яны шчырыя. Час пакажа, але пасля слоў Лукашэнкі на іх адрас, ён павінен стаць ворагам нумар адзін і для Бабарыкі, і для Цапкалы.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках