28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ён максімальна блізкі да паразы»: тры памылкі Лукашэнкі, якія прыводзяць да падзення рэжыму

30
«Ён максімальна блізкі да паразы»: тры памылкі Лукашэнкі, якія прыводзяць да падзення рэжыму
ФОТА: SVABODA.ORG

У сённяшніх умовах у Беларусі дастаткова здзейсніць хаця б адну.

Выданне Open Democracy апублікавала артыкул «Памылкі Лукашэнкі вядуць Беларусь да дэмакратызацыі», дзе спасылаюцца на даследаванне Дэніэла Трэйсмана «Дэмакратыя праз памылку: як хібы аўтакратаў прыводзяць да свабоднага кіравання». The Village Беларусь абраў самыя цікавыя моманты публікацый.

Трэйсман разгледзеў усе працэсы пераходу да дэмакратыі, пачынаючы з 1800 года, і прыйшоў да высновы, што толькі адна траціна з іх адбылася праз наўмысны выбар улады. Дзве траціны, сцвярджае ён, былі вынікам памылковых стратэгій, якія самадзяржаўныя лідары прымалі ў сваіх спробах захаваць уладу.

Рэзкі паварот

Лукашэнка відавочна робіць памылкі.

Ранейшыя выпадкі сур'ёзнага супраціву рэжыму Лукашэнкі прыпадалі на 2006 і 2010 год, калі тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы з заклікамі да дэмакратычных перамен. Гэтыя пратэсты былі сустрэты рэпрэсіямі і затрыманнямі як простых удзельнікаў, так і кандыдатаў у прэзідэнты.

Пасля даволі яркіх кампаніяў 2006 і 2010 гадоў у 2015 годзе прайшлі «прэсныя» выбары: грамадзянская супольнасць не жадала падтрымліваць «тэхнічных» апазіцыйных кандыдатаў і таму заставалася абыякавай. У гэтым годзе павінна было быць тое ж самае, але ў апошнюю хвіліну адбыўся рэзкі паварот.

1. Выбары не ў той час

Першая і самая фундаментальная памылка - гэта тое, што Трэйсман называе «няправільным падыходам да выбараў». Лукашэнка надумаў правесці прэзідэнцкія выбары менавіта ў той момант, калі яго рэйтынг знізіўся да небывала нізкага ўзроўню ў святле вельмі непапулярнай рэакцыі на пандэмію COVID-19. Напраўду Лукашэнка мог бы правесці гэтыя выбары ў 2019 годзе, але замест гэтага аддаў перавагу правесці традыцыйна больш спакойныя і менш значныя «парламенцкія выбары».

Няўдалае правядзенне выбараў, на думку Трэйсмана, з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных памылак, якія прыводзяць да дэмакратызацыі - на гэты чыннік прыпадае блізу 22% вывучаных выпадкаў.

2. Грамадская незадаволенасць

Другой памылкай было «прымус да контрпрадуктыўнага гвалту» - прычына яшчэ 22% змен рэжыму. Лукашэнка асабіста ініцыяваў арышт Сяргея Ціханоўскага, пасля чаго міліцыя выявіла ў яго дома за канапай 900 тысяч даляраў гатоўкі - але, што падазрона, толькі падчас трэцяга ператрусу дома (які адбыўся ўначы).

Многія беларусы не вераць, што гэтыя грошы сапраўды належалі Ціханоўскаму або ягонай сям'і. Справа супраць Віктара Бабарыкі таксама выклікала грамадскую незадаволенасць, бо яго прыхільнікі пачалі хадайнічаць аб яго неадкладным вызваленні. Акрамя таго, пдчас расследавання была праведзеная вельмі спрэчная канфіскацыя каштоўных твораў мастацтва з калекцыі ягонага былога банка - карцін Марка Шагала, Хаіма Суціна і іншых вядомых мастакоў, звязаных з Беларуссю. Агульны кошт калекцыі ацэньваецца прыкладна на 20 мільёнаў даляраў. Як і ў выпадку з Ціханоўскім, Amnesty International уважае арышт Бабарыкі за палітычна матываваны.

Таксама былі арыштаваныя і вядомыя блогеры, але важна і тое, што сярод затрыманых ёсць не толькі грамадскія актывісты і палітыкі. Выпадковыя мінакі на акцыях пратэсту таксама былі арыштаваныя і аштрафаваныя. Напрыклад, выпадак, які прыцягнуў увагу грамадскасці, датычыўся хірурга-анколага, які атрымаў штраф за «удзел у масавых акцыях пратэсту», калі ён проста балбатаў з сябрам. Многія людзі былі затрыманыя ў чарзе ў краму, дзе прадаецца адзенне і тавары з нацыянальнай беларускай сімволікай - Symbal.by. Гэтыя падзеі заахвоцілі многіх вядомых дзеячаў, у тым ліку вядоўцаў дзяржаўных тэлеканалаў, выступіць супраць міліцэйскага самавольства і палітычных рэпрэсій.

3. Крах на замежнай арэне

Выпадак з Бабарыкам таксама патэнцыйна падштурхнуў Лукашэнку да трэцяй памылкі - «буйнога замежнапалітычнага краху», на долю якога, на думку Трэйсмана, прыпадае 17% пераходаў да дэмакратыі, якія здарыліся праз пралікі ўладаў. На працягу 20 гадоў Бабарыка ўзначальваў Белгазпрамбанк - больш за 99% ягоных акцый належыць расейскаму энэргетычнаму гіганту «Газпраму» і яго асацыяванага банку Газпрамбанку. Адразу ж пасля пачатку расследавання ў дачыненні да кіраўніцтва Белгазпрамбанка беларускі ўрад прызначыў выканаўцай абавязкаў старшыні ўправы былую кіраўніцу беларускага Нацбанка Надзею Ермакову. Пакуль ідзе дыскусія пра тое, ці законная гэтая акцыя, і «Газпрам», і Газпрамбанк выразна пазначылі сваю пазіцыю: дзеянні беларускіх чыноўнікаў незаконныя, бо толькі акцыянеры могуць прызначыць кіраўніка Белгазпрамбанка. Таму апошнія «маюць намер дабівацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі сродкамі прававой абароны».

Ці будзе гэтая блытаніна вакол расейскіх актываў абвастраць стасункі Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, застаецца незразумелым. Кіраўнікі сустрэліся адзін з адным

на Парадзе Перамогі ў Маскве ў канцы чэрвеня, але, як паведамляецца, гэтая сустрэча была халоднай, і Лукашэнка адразу пасля параду з'ехаў у Менск. Надоечы Пуцін і Лукашэнка разам адкрылі помнік часоў Другой Сусветнай вайны недалёка ад расейскага горада Ржэў. Зноў жа, нават афіцыйныя справаздачы сцвярджаюць, што яны не размаўлялі доўга.

Агулам Расея, відавочна, дыстанцыявалася ад беларускіх выбараў і публічна не падтрымала Лукашэнку (як і кожнага іншага кандыдата). Еўрапейскі Звяз, магчыма, стане на шлях увядзення новых санкцый супраць Лукашэнкі ва ўмовах абвастрэння рэпрэсій - і гэта можа пазбавіць беларускага правадыра замежнаэканамічнай падтрымкі, патрэбнай для працягу ягонага кіравання.

Дастаткова адной памылкі

Самае галоўнае, што памылкі звязаныя не з іх колькасцю, а з якасцю. Як высветліў Дэніэл Трэйсман, большасці рэжымаў дастаткова было адной памылкі, каб пацярпець няўдачу, - а дзве, тры ці чатыры памылкі здараліся значна радзей.

Тым не менш, зробленыя памылкі, відавочна, нясуць самую сур'ёзную пагрозу для ўлады Лукашэнкі. Становіцца ўсё больш відавочным, што сродкі, якія выкарыстоўваюцца для стрымлівання мірнага супраціву, непрадукцыйныя і толькі выклікаюць яшчэ большую ўстурбаванасць сярод грамадскасці. Усё больш людзей становяцца палітычна актыўнымі: яны не ўхваляюць арышты патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і ціск на тых, хто гатовы легальна ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях. Усё больш людзей адчуваюць сябе асабіста залучанымі, бо іх подпісы адхіляюцца, бо яны, іх сябры і сямейнікі штрафуюцца або затрымліваюцца за тое, што не здаецца ім незаконным. Усё больш людзей хочуць, каб іх галасы былі сапраўды пачутыя пры свабодным і справядлівым галасаванні. Як ні дзіўна, а таму і дзіўна, грамадзянская супольнасць не слабее, а наадварот, узмацняецца.

Аўтар рэзюмуе, што яшчэ ніколі дзеянні Лукашэнкі не падводзілі яго так блізка да паразы, як гэтым разам.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках