12 жнiўня 2020, Серада, 21:21
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Незадаволенасць на дзяржаўных прадпрыемствах расце з кожным днём

5
Генадзь Фядыніч: Незадаволенасць на дзяржаўных прадпрыемствах расце з кожным днём
ФОТО: praca-by.info

Народ ужо не той, што быў учора.

Сітуацыя ў Беларусі напружаная і складаная. Гэта выклікана нежаданнем большасці беларусаў бачыць на чале дзяржавы Лукашэнку. Пра гэта «Радыё Рацыя» заявіў лідар прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

- Вы казалі, што ў простага чалавека прачнуліся не толькі незадаволенасць, але і пачуццё годнасці, адказнасці за сябе, сваіх дзяцей і Радзіму. Вы падтрымліваеце цяпер ваша ранейшае меркаванне?

- Безумоўна. І з кожным днём гэта ўражанне ўсё большае.

- А ці гатовыя беларусы да страйку?

- Забастоўку трэба рыхтаваць. Можна колькі заўгодна казаць пра страйк, але яго трэба рыхтаваць. Скажу адно, што незадаволенасць на дзяржаўных прадпрыемствах эканамічнай сітуацыяй і наогул тым, што робіцца ў грамадстве, недавер да ўлады расце з кожным днём. Яны разумеюць, што не толькі наймальнік у гэтым вінаваты, але вінаватая сістэма. Я памятаю 90-ы год, як гэта адбывалася. Гэта была крышку іншая сітуацыя. Але напружанасць у грамадстве расце. Усё можа быць.

- Якім вы бачыце далейшы сцэнар?

- Хачу сказаць, што цяпер больш брутальна будзе праходзіць гэтая выбарчая кампанія. Народ ужо не той, які быў учора. Ён разумее сутнасць. Я думаю, што разумее і сам Лукашэнка.

- Вы згодны з тым, што людзей 9-га трэба зваць на плошчу?

- Я думаю, што людзі самі ведаюць, што рабіць. Яны ўжо цяпер у чэргах кажуць, што рабіць. Яны самі вырашаць у залежнасці ад сітуацыі, якая яшчэ будзе пасля 14 ліпеня, што рабіць 9 жніўня. Я думаю, што і заклікаць не трэба будзе нікога, бо людзі самі зробяць свой выбар. Не трэба недаацэньваць наша грамадства.

- Як вы ставіцеся да міжнароднай падтрымкі, калі беларусы за мяжой выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі падтрымаць землякоў?

- Гэта вельмі добра, але мне не зусім зразумелая пазіцыя Еўразвязу, ЗША. Сёння вельмі жорстка парушаецца перадвыбарчая кампанія, правы простых людзей, якіх садзяць у турмы. Калі вы лічыце сябе дэмакратамі, то і рабіць захады да ўладаў Беларусі дэмакратычныя і жорсткія. Бо грамадства хоча змен. А вы хочаце ці не, каб Беларусь развівалася па дэмакратычным шляху? Вось такое пытанне ім трэба задаць, а не нашым беларусам. Дзякуй, што яны выходзяць ад Аўстраліі да Амерыкі і Еўропы. Гэта ўпершыню такое. Галоўнае, каб гэта працягвалася і далей.

- Дэпутаты Еўрапарламента падпісалі ліст кіраўніцтву Еўракамісіі з просьбай разгледзець магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі. Вы падтрымліваеце такую ідэю?

- Я ўважаю, што гэта павінна быць не просьба, а патрабаванне. Не можа быць дэмакратыі ў розных колерах. Яна ці ёсць ці яе няма. Я гэта падтрымліваю цалкам. Калі сёння не вызваляюць палітвязняў, калі сёння няма дэмакратычных рухаў у Беларусі, калі ўвесь час ідзе валтузня паміж Еўропай і Расеяй, на гэтым ужо пара ставіць кропку.