23 красавiка 2024, aўторак, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бялград Паднябеснай: Як Кітай у Пуціна Сербію адабраў

2
Бялград Паднябеснай: Як Кітай у Пуціна Сербію адабраў

Лідары дзвюх краінаў заключылі ўзаемавыгадны звяз, пакінуўшы Крэмль на збочыне.

Вук Велебіт, сербскі аналітык, які спецыялізуецца на стасунках паміж Расеяй, заходнімі Балканамі і Захадам, у сваёй калонцы для BalkanInsight звярнуў увагу на тое, як Пекін са згоды Белграда аслабіў уплыў Расеі на Сербію, піша dsnews.ua.

Эпідэмія каранавірусу магла распаўсюдзіцца з Кітая праз безадказнасць ягоных палітычных элітаў і ўтойванне імі ўсіх звестак, аднак крызіс у сферы аховы здароўя не перашкодзіў зараджэнню новага "жалезнага" сяброўства паміж Кітаем і Сербіяй.

Бялград быў адным з першых у Еўропе, хто атрымаў дапамогу Кітая і з якім той падзяліўся сваім досведам у барацьбе з пандэміяй. І гэтае супрацоўніцтва паглыбляецца.

І паколькі сербскія ўлады кантралююць усе цэнтральныя тэлеканалы і ўсе штодзённыя газеты, акрамя Danas, яны з лёгкасцю ствараюць новыя наратывы і маніпулююць інфармацыяй.

Практычна за адну ноч Кітай ператварыўся ў найлепшага сябра Сербіі і яго прэзентавалі ў ролі выратавальніка падчас крызісу, выкліканага пандэміяй.

Хоць Еўрапейскі Звяз, магчыма, накіраваў значна больш дапамогі, чым Кітай.

Мы кажам "магчыма", таму што інфармацыя пра дапамогу, якую Сербія атрымала ад Кітая, трымаецца ў таямніцы, і таму грамадзяне Сербіі ніколі не даведаюцца праўду: колькі было абсталявання, якое Сербія набыла і якое, як сцвярджалася, прапанаванае ў якасці дапамогі.

У гэтай сітуацыі інтарэсы прэзідэнтаў Сербіі і Кітая супадаюць. Сербскі лідар Аляксандр Вучыч паказаў грамадскасці, што ў Сербіі ёсць сябар з ліку найбуйнейшых сусветных дзяржаваў, які ўмацоўвае свае пазіцыі ў свеце; у той час як старшыня Кітая палепшыў рэпутацыю і імідж КНР, выступаючы ў ролі гуманітарнага выратавальніка, а не краіны, якая ёсць месца паходжання віруса.

Што асабліва цікава ў гэтай сітуацыі, калі гаворка заходзіць пра дачыненне Сербіі з буйнымі дзяржавамі, і ў асаблівасці з тымі, хто яе падтрымлівае, дык гэта тое, што пра Расею як пра найлепшую сяброўку сербаў забыліся.

Вучыч зразумеў, што Захад ставіцца да Кітая значна больш сур'ёзна, чым да Расеі, таму стратэгічна для яго гэта можа быць слушнай ідэяй, калі ён плануе ўзмацніць свае пазіцыі на міжнародным узроўні.

Сербскія таблоіды і дзяржаўныя чыноўнікі калісьці ўзносілі Расею да нябёсаў, і сёння яны дакладна гэтак сама ставяцца да Кітая, які замяніў Расею ў гэтай ролі.

Патэнцыйным чыннікам такога стаўлення з'яўляецца падтрымка Кітаем Сербіі ў пытанні Косава, але паміж Сербіяй і Кітаем існуе значна больш адчувальнае матэрыяльнае супрацоўніцтва, чым калі-небудзь з Расеяй.

І хоць аб'ёмы кітайскіх інвестыцый у Сербію растуць, растуць і сумы пазык з вельмі нявыгаднымі ўмовамі, якія ў Кітая ўзяла Сербія і якія ёй давядзецца вяртаць. У кароткатэрміновай перспектыве гэта ўжо не праблема кіроўнай эліты, але стане такой, калі наступіць тэрмін выплаты крэдыту.

За апошнія некалькі месяцаў Кітай стаў найбольш прыкметнай краінай у знешняй палітыцы Сербіі. З эканамічнага пункту гледжання для Вучыча выгадна прасоўваць сяброўства з Кітаем, таму што ён можа пазіцыянаваць сябе ў якасці чалавека, які забяспечыў прыток кітайскага капіталу ў Сербію.

Таксама адбыліся змены і ў знешняй палітыцы Сербіі: кіроўныя эліты больш не вагаюцца ў пытанні падтрымкі Кітая ў такіх далікатных пытаннях, як стасункі Пекіна з Ганконгам.

Прэзідэнт Сербіі пайшоў нават далей і накіраваў ліст у падтрымку дзеянняў Кітая для абароны ягонага суверэнітэту і бяспекі. Хоць для Кітая такая падтрымка асаблівага значэння не мае, яна ўсё ж яму карысная, паколькі дазваляе выглядаць звышдзяржавай.

Калі разабрацца, чаму Кітай вельмі зацікаўлены паказваць такую непрапарцыйную, у параўнанні з астатняй Еўропай, увагу да Сербіі, то адказам будзе тое, што Сербія для Кітая з'яўляецца акном у гэтую самую астатнюю Еўропу.

Будучы краінай-кандыдаткай на ўступленне ў ЕЗ, Сербія апынулася ва ўнікальным становішчы, паколькі да яе ў адрозненне ад дзяржаваў-чальцоў, не ўжываюцца пэўныя правілы, і пры гэтым у яе ёсць доступ да еўрапейскага рынку. Становішча Сербіі дазваляе Кітаю вывучыць і зразумець, як далёка ён можа прабрацца на еўрапейскія рынкі.

І нягледзячы на тое, што прысутнасць Кітая ў эканоміцы Сербіі дзякуючы дзяржаўным СМІ добра заўважная, большасць грамадзянаў усё яшчэ падтрымлівае заходнюю мадэль.

Таму Кітаю пакуль яшчэ складана культурна ўплываць або дзейнічаць з пазіцыі "мяккай сілы". Аднак у цяперашні час у Бялградзе будуецца найбуйнейшы ў гэтай частцы Еўропы кітайскі культурны цэнтр, што з'яўляецца пацвярджэннем ягонага імкнення бачыць Сербію ў якасці плацдарма для Еўропы. У цяперашні час падыходы Кітая і ягоная адкрытасць у дачыненні да Сербіі задавальняюць кіроўную партыю Сербіі, але ў будучыні яна дорага заплаціць за палітыку "некалькіх крэслаў".

Дапамога Кітая – новыя інфраструктурныя праекты і фабрыкі ў Сербіі – была часткай перадвыбарчай кампаніі Вучыча на нядаўніх парламенцкіх выбарах. У чэрвені нават было некалькі дзён, калі сербы папросту не маглі не даведацца з навінаў пра тое, як чыноўнікі і кітайскі амбасадар наведваюць некаторыя інфраструктурныя праекты або заводы.

І калі замежныя інвестыцыі з'яўляюцца галоўным элементам палітыкі Вучыча ў падтрыманні эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці, то Кітай, безумоўна, займае тут адно з першых месцаў. Зварот Вучыча да замежных інвестараў цалкам можа гучаць так: "Калі вы хочаце асвятлення ў сербскіх СМІ, лепш за ўсё інвеставаць перад выбарамі".

Апошнія 20 гадоў Еўрапейскі Звяз і заходнія краіны былі найбуйнейшымі замежнымі донарамі і інвестарамі ў Сербіі, але грамадзянам Сербіі ніколі пра гэта не расказвалі і не прыводзілі рэальныя звесткі пра аб'ёмы такой дапамогі.

Замест гэтага ўлады заўсёды называлі Расею найлепшай сяброўкай Сербіі, а грамадзяне падчас сацапытанняў Расею – найбуйнейшай донаркай.

Сітуацыя змянілася падчас эпідэміі, таму сёння грамадзяне Сербіі мяркуюць, што найбуйнейшым донарам і інвестарам краіны з'яўляецца Кітай. Паводле звестак Інстытута еўрапейскіх справаў, сёння найбуйнейшым донарам Кітай мяркуюць 40% сербаў, за ім ідуць ЕЗ – 17,6% і Расея – 14,6%.

Гэтыя звесткі пацвярджаюць тое, што менавіта ўрад мае вялікі ўплыў і нясе адказнасць за фармаванне грамадскай думкі і стаўлення грамадзянаў. Ні адзін сербскі ўрад нават не спрабаваў стварыць станоўчы вобраз Захаду, які ўвогуле і з'яўляецца найбуйнейшым донарам і інвестарам.

У нядаўнім інтэрв'ю "Радыё Свабода" прэзідэнт Сербіі сказаў, што галоўным донарам і інвестарам Сербіі з'яўляецца ЕЗ, нягледзячы на тое, што напярэдадні паступіла дапамога з Кітая. Аднак прэзідэнт ніколі не скажа гэтага ў эфіры цэнтральнага тэлеканала.

Наадварот, у Сербіі Захад выстаўляюць як нешта негатыўнае – сілу, якая адымае ў яе Косава і тармозіць развіццё Сербіі, у той час як Расея і Кітай заўсёды выступаюць у ролі абаронцаў Белграда і ягоных інтарэсаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках