19 красавiка 2024, Пятніца, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі гарыць Сібір

8
У Расеі гарыць Сібір
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Небывалыя пажары ахапілі ўсход краіны.

У самым халодным рэгіёне свету цяпер няма чым дыхаць. Размешчаны на поўначы Якуціі Верхаянск трапіў у канцы чэрвеня на першыя палосы газетаў з тэмпературным рэкордам 38°C. Неймаверны вынік для горада, для якога значна больш звыклыя рэкордныя маразы: -68°C зімой 1933 г., што дазваляе яму спаборнічаць з размешчанай у тым жа рэгіёне вёскай Оймякон за тытул самага халоднага паселішча ў свеце, піша Le Monde (пераклад – inosmi.ru).

З канца чэрвеня слупок тэрмометра тут ўпарта не апускаецца і трымаецца ля адзнакі 30 градусаў. У гэтым пасёлку з драўлянымі дамамі і насельніцтвам крыху больш за 1 000 чалавек паўстала непрыемнае адчуванне таго, што ён апынуўся ў авангардзе кліматычнай катастрофы, як трапічныя выспы.

«Дзеці радыя, што могуць купацца ў рацэ Яме, што бывае не кожны год, – расказвае праз тэлефон мэр Верхаянска Яўген Патапаў. – Але людзі разумеюць, што гэта ненармальна і нават небяспечна. Нават старыя ніколі не бачылі нічога падобнага, а за апошнія гады ў нас з'явілася больш інфармацыі. Акрамя таго, мы бачым, што ўзімку халадней, але менш снегу».

У жыцці звыклага да цяжкага клімату мясцовага насельніцтва (у асноўным гэта аленяводы і шахцёры) мала што змянілася, але скаціне ўжо няпроста: праз спякоту дрэнна расце трава на пашах. «Калі ўсё будзе доўжыцца, цяжка ўявіць, якой стане будучыня», – падкрэслівае мэр.

Ранняе пацяпленне

Апошнія звесткі еўрапейскай службы пацяплення клімату Copernicus кажуць, што зафіксаваны ў Верхаянску рэкорд (яго яшчэ павінна пацвердзіць Сусветная метэаралагічная арганізацыя) – зусім не выпадковая або ізаляваная з'ява. Хоць у глабальных маштабах чэрвеньскія тэмпературы параўнальныя з рэкордамі 2019 года, самыя высокія лічбы былі зарэгістраваныя ў арктычных рэгіёнах Сібіры: сярэдняя тэмпература ў чэрвені больш чым на 5 градусаў перавышала норму, у той час як у некаторых месцах даходзіла да +10°C. Снежнае покрыва і вільготнасць глебы дэманструюць самыя нізкія паказнікі для чэрвеня на поўначы Сібіры за ўсю гісторыю назіранняў.

Акрамя рэкордаў трывогу выклікае і тое, як рана надыходзіць пацяпленне. Тэмпература была вышэйшая за норму, асабліва ў заходняй частцы Сібіры, са снежня 2019 года і цягам ўсёй вясны. З красавіка слупок тэрмометра падымаўся вышэй за адзнаку 30°C. Гідраметцэнтр назваў зіму 2019–2020 года ў Сібіры самай цёплай за ўсю гісторыю вядзення назіранняў з 1930 года. «Такія высокія тэмпературы цягам такога доўгага часу – нязвыклая справа для Сібіры, – кажа Фрэя Вамборг з Copernicus. – Тым не менш ва ўмовах пацяплення клімату будуць фіксавацца ўсе новыя рэкорды».

Пацяпленне ў Арктыцы ідзе ўдвая хутчэй, чым у астатнім свеце, праз з'яву пад назвай арктычнае ўзмацненне: павышэнне тэмпературы паветра вядзе да раставання снегу і лёду, што замяняе белую паверхню, якая адлюстроўвае святло, больш цёмным акіянам або расліннасцю, якія паглынаюць больш сонечных прамянёў. Узнікае заганнае кола: рост тэмпературы вядзе да раставання лёду, якое яшчэ больш паскарае пацяпленне.

У выніку ў Расеі арктычныя і сібірскія тэрыторыі мацней за ўсё закранутыя экстрэмальнымі кліматычнымі з'явамі. Разам са спякотай прыходзяць паводкі і лясныя пажары. Пра апошнія раней амаль не чулі на гэтых шыротах, але цяпер яны сталі ледзь не звычайнай справай цягам лета.

У гэтым плане 2019 год стаў трывожным званком для ўсёй краіны. Толькі за жнівень тады згарэлі 4 мільёны гектараў лесу, прымусіўшы дыхаць дымам мільёны расейцаў (галоўным чынам у Сібіры). За дзесяць гадоў плошча пажараў падвоілася. Акрамя высокай тэмпературы прычынай таму з'яўляецца раставанне снегу, праз якое летам расліннасць становіцца сушэйшай.

Павольнае ўсведамленне

2020 год абяцае яшчэ большыя цяжкасці: з наяўных звестак, з пачатку года ўжо згарэла 3,7 мільёна гектараў у тых жа зонах, якія пацярпелі ў 2019 годзе. У Copernicus адзначаюць, што ў выніку ў чэрвені ў атмасферу трапіла 59 мільёнаў тонаў СО2 (53 мільёны ў чэрвені 2019 года), што больш за выкіды ўсёй Партугаліі цягам цэлага года. Прадстаўнік экстранных службаў запэўнівае, што барацьба з пажарамі таксама стала больш эфектыўнай і ўключае ў сябе больш хуткае і сістэматычнае разгортванне паветраных сродкаў у самых аддаленых рэгіёнах, дзе раней улады меркавалі, што тушыць агонь не мае сэнсу.

Акрамя таго, на поўдні Сібіры асцерагаюцца паўтарэння катастрафічнай сітуацыі 2019 года ў плане паводак. Навукоўцы таксама адзначаюць бурны рост папуляцыі віду незвычайна пражэрлівых вусеняў, якія паглынаюць велізарную колькасць ігліцы.

Як бы там ні было, самая дакладная прыкмета пацяплення клімату і, напэўна, крыніца галоўнай небяспекі збольшага застаецца незаўважнай. Раставанне вечнай мерзлаты, якая можа сыходзіць на глыбіню да кіламетра, было пацверджанае, а ягоныя тэмпы нарастаюць. «Падчас раставання ў выніку пацяплення вечная мерзлата вылучае самыя розныя ўтрыманыя ў ёй арганічныя рэчывы, сярод іншага СО2 і метан, яшчэ больш небяспечны парніковы газ», – кажа гідролаг Антуан Сежурнэ з Універсітэта Парыж-Сакле, які вывучае раставанне вечнай мерзлаты ў Якуціі.

Раставанне мерзлаты ўзмацняе пацяпленне клімату, якое ў сваю чаргу спрыяе раставанню (асабліва на фоне пажараў). Усё гэта выводзіць з раўнавагі клімат Арктыкі, а разам з ім – і ўсяго свету, паколькі Паўночны полюс уважаецца сусветным кандыцыянерам.

«Усведамленне небяспекі змены клімату ідзе вельмі павольна ў Расеі, асабліва сярод эканамічнай і палітычнай эліты, – мяркуе Іван Блокаў з расейскага Greenpeace. – Тым не менш пытанне вечнай мерзлаты прымушае задумацца перш за ўсё пра тое, да якіх стратаў можа прывесці раставанне».

Пагроза для інфраструктуры

У такіх гарадах, як Якуцк, многія будынкі стаяць на палях праз цвёрдасць глебы і цяпер могуць абрынуцца. Старыя драўляныя дамы развальваюцца. Існуе пагроза і для інфраструктуры, перш за ўсё нафтагазавай, 80% якой знаходзіцца ў зонах вечнай мерзлаты. У пачатку чэрвеня падзенне цыстэрны і разліў паліва ў раку непадалёк ад Нарыльска пацвердзілі гэтыя асцярогі, хоць дакладная прычына інцыдэнту яшчэ не вызначаная.

Паводле словаў Уладзіміра Пуціна, ніхто не ведае, з чым звязанае пацяпленне клімату, але Расея ўсё ж ратыфікавала Парыжскае пагадненне ў клімаце ў верасні 2019 года. Урад разумее, што патэнцыйная выгада ад пацяплення (сярод іншага адкрыццё Паўночнага марскога шляху) можа быць значна ніжэйшая за магчымыя страты. Пэўнай ілюстрацыяй гэтай пазіцыі стаў прапанаваны прэзідэнтам у студзені нацыянальны план адаптацыі краіны да змены клімату, які павінен дапамагчы паменшыць шкоду і скарыстацца «магчымасцямі».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках