19 красавiка 2024, Пятніца, 18:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Гнеў беларусаў нарастае з кожным днём

22
Генадзь Фядыніч: Гнеў беларусаў нарастае з кожным днём
ФОТА: BELSAT.EU

Лукашэнка ўжо збаяўся.

Салігорскія шахцёры і супрацоўнікі ААТ «Беларуськалій» у гутарцы з незалежнымі журналістамі заявілі, што гатовыя да страйку. Чаму нават гарнякі, якія заўсёды ўважаліся за эліту працоўнага класа, так незадаволеныя сітуацыяй у краіне? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з лідарам прафзвязу РЭП Генадзем Фядынічам.

- Я ўпэўнены, што ў Салігорску ёсць касцяк людзей, якія працуюць у цяжкіх умовах і хочуць годнага ўзроўню жыцця і зарабляць больш, чым яны сёння маюць. Гледзячы на заробкі і на людзей, якія гатовыя да пэўных дзеянняў, я ўсёй душой іх падтрымліваю.

- Ці ёсць у жаданні абвясціць страйк палітычны аспект?

- Безумоўна, найперш на людзей уплываюць не іх заробкі, а тое, што адбываецца ў нашай краіне. Сёння ўлада не мае ніякай павагі да працоўнага класу. Нейкія рэверансы ў бок народа маюць месца, калі набліжаецца час ісці на выбарчыя ўчасткі.

Тое, што адбываецца ў краіне бударажыць людзей незалежна ад месца працы: у бюджэтнай сферы ці на прыватным прадпрыемстве. Думаю, што беларусы выраслі і гатовыя патрабаваць не толькі падвышэння ўзроўню жыцця, але і палітычнай волі.

- Наколькі моцнае ў працоўнага класа жаданне перамен? Ці стаміліся беларускія працоўныя ад улады Лукашэнкі?

- Трэба аддаць належнае нашым людзям, яны вельмі цярплівыя. Як гаворыцца, беларус павольна запрагае і хутка едзе. Магу сказаць, што гэта тычыцца і нашых рабочых, але ўладзе дараваць яны не збіраюцца.

Хто можа дараваць кантрактную сістэму? Як можна забыць закон аб «дармаедах»? Ці можна проста так пакінуць гэтыя пенсійныя рэформы, калі бацькі многіх беларусаў трапілі ў пастку страхавога стажу? Атрымліваецца, што «народная ўлада» робіць дрэнна самому народу?

Беларусы маральна стаміліся ад гэтай пастаяннай балбатні на тэлевізіі, у якую ніхто не верыць. Да гэтага дадаецца сітуацыя, калі людзі зусім не валодаюць інфармацыяй, звязанай з каранавірусам. Мы, высвятляецца, яго ўжо перамаглі! Не вераць у гэта людзі і верыць не будуць. Калі ўлада схлусіла адзін раз, будзе хлусіць і далей.

- Лукашэнка апошнім часам стаў часта бываць на прадпрыемствах. Як вы думаеце, што б напраўду сказалі яму рабочыя, калі б мелі магчымасць адкрыта выказацца?

- Ягоныя паездкі - гэта перадвыбарчы ход. Ён карыстаецца сваім службовым становішчам і з'яўляецца на буйных прадпрыемствах.

Калі б працоўныя мелі магчымасць шчыра казаць, магчыма, хтосьці б падзякаваў яму за нешта, але іншыя б сказалі: «Вам пара сыходзіць. Мы хочам новае кіраўніцтва». Народ заслугоўвае, каб улада працавала на яго, а не наадварот.

- Якія галоўныя праблемныя галіны Беларусі вы можаце назваць? Дзе працаўнікам цяжэй за ўсё?

- Усе буйныя дзяржпрадпрыемствы атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы: і МАЗ, і «Гомсельмаш», і МТЗ. Што тычыцца сярэдніх прадпрыемстваў, яны таксама ўсе праблемныя.

Паказалі нядаўна «Атлант», маўляў, добра прадаюцца лядоўні. Дык заўсёды так было, асабліва летам.

Я не кажу пра тое, што заўтра ўсе прадпрыемствы павінны перайсці ў прыватныя рукі. Трэба іх мадэрнізаваць, укараняць новыя тэхналогіі, ствараць працоўныя месцы. Да прыватызацыі трэба пераходзіць не адразу, хоць бы пакрокава, каб народ мог дакладна разумець, што з кожным днём яму будзе толькі лепш.

Можа, сёння трэба нешта ператрываць, нейкія праблемы, але быць упэўненым, што ўлада будзе рабіць для працоўнага, настаўніка ці лекара ўсё, каб ён нікуды не з'язджаў, адчуваў сябе грамадзянінам у сваёй краіне.

- Вы - дасведчаны прадстаўнік прафзвязнага руху. Як правільна арганізаваць страйк, каб ён дасягнуў сваёй мэты?

- Калі сёння казаць пра эканамічны страйк, то ён павінен абвяшчацца на кожным прадпрыемстве асобна: ва ўсіх будуць свае патрабаванні да наймальніка. Сёння, на жаль, працадаўца не ў стане адказваць на патрабаванні працоўных у гэтай сістэме. Трэба мяняць саму сістэму. Таму патрабаванні грамадзян павінны насіць палітычны характар, трэба дамагацца змены ўлады.

Сёння працаўнікі павінны дакладна сказаць: «Мы не пойдзем на выбары, калі ў кожнай выбарчай камісіі не будуць прысутнічаць прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў». Лукашэнка ўжо збаяўся і баіцца ўбачыць рэальны вынік волевыяўлення беларусаў.

- Ці магчымы ў Беларусі ўсеагульны страйк?

- Усё будзе залежаць ад масавасці і арганізаванасці людзей. Таму любое мерапрыемства патрабуе патрэбнага падыходу і парадку.

Застаецца галоўнае пытанне, наколькі патрабаванні рабочых нясуць чыста эканамічны характар. Ці гатовыя працоўныя ісці сёння не толькі за сябе, але і за краіну, за сваіх дзяцей і іх будучыню?

Беларусы ў праве вызначаць, як далей краіне развівацца. Улада - гэта толькі наёмныя працаўнікі для сваіх грамадзян. Людзі маюць права дамагацца змен усялякімі шляхамі для развіцця і ўмацавання краіны.

Сёння ў Беларусі няма магчымасці правесці якія-небудзь сацыялагічныя апытанні, мы можам толькі гадаць на кававай гушчы. Аднак можна з упэўненасцю сказаць, што незадаволенасць грамадзянскай супольнасці, гнеў рабочых, даспявае з кожным днём, значна хутчэй, чым мяркуе сама ўлада. У што гэта можа перарасці заўтра? Шмат што ў нашай краіне можа адбыцца і да 9 жніўня, улада гэтым разам не выйдзе сухой з вады.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках