28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў пра словы Лукашэнкі: Мы імкліва ідзем да дэфолту

11
Леанід Злотнікаў пра словы Лукашэнкі: Мы імкліва ідзем да дэфолту
ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ

Мадэль састарэла і імкліва ідзе да краху.

Эканамічныя тэзісы Лукашэнкі для сайта thinktanks.by каментуе вядомы навуковец-эканаміст Леанід Злотнікаў.

Нядобрыя тэндэнцыі для ўсіх нас

«Асэнсаванай праграмы я не бачу, практычнага тут мала. Нічога не мяняць - гэта тэндэнцыя, якая нас цягне ў нядобры бок, - адзначыў Леанід Злотнікаў. - Мы бачым, што даволі імкліва, я б сказаў, з паскарэннем адбываецца нарастанне пазык буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Дрэнных пазык - гэта значыць, праблемных банкаўскіх крэдытаў, выплаты за якія пратэрмінаваныя. Дзель такіх пазык у дзяржаўным банкаўскім сектары складае 9,5% - гэта шмат, і яны растуць. 140 мільярдаў рублёў - гэта ўжо больш за ВУП краіны». На думку эканаміста, менавіта неэфектыўнасць буйных дзяржпрадпрыемстваў, дзяржсектара і вядзе да масавага росту запазычанасці, «заробкі на такіх прадпрыемствах пакрые растуць, а ВУП - не, парадокс беларускай мадэлі». «Значыць, вынікаючы з пасылу Лукашэнкі, мы нічога не мяняем, пакідаем усё, як ёсць - і імкліва ідзем да дэфолту», - сказаў Леанід Злотнікаў. Сведчанне ацэнкі ўстойлівасці беларускай эканомікі можна ўбачыць з кошту беларускіх еўрабондаў. Яны размешчаны пад 5,875% і 6,378% гадавых у залежнасці ад тэрміну, тады як, напрыклад, бонды Аўстрыі прадаюцца пад мінус 0,2%, Нямеччыны - пад мінус 0,4%, Японіі - пад 0%, Польшчы - пад 2,125%. «Гэта адсотак за адсутнасць рэформаў, на Захадзе ведаюць беларускую эканамічную сітуацыю - пад нармальныя адсоткі ў пазыку эканоміцы з нізкім рэйтынгам не даюць», - заўважыў аналітык.

З замежным гандлем таксама ўсё дрэнна, «наш галоўны рынак збыту - расейскі - імкліва для нас скарачаецца, нават сельскагаспадарчая прадукцыя здае пазіцыі, ужо страцілі там не менш за 15% сельгасэкспарту, а ў недалёкай будучыні нас яшчэ больш пасунуць з гэтага рынку». «Няма і прамых інвестыцый - маленечкія, 1,5-1,9 мільярда на год, я маю на ўвазе менавіта прамыя інвестыцыі, а не тое, што нам запазычылі пакупнікі нашых тавараў - гэтыя пазыкі беларуская статыстыка таксама залічвае да інвестыцый», - падкрэсліў Леанід Злотнікаў.

Рынак беларускаму кіраўніцтву незразумелы і непрыемны

Паводле слоў Лукашэнкі, «адзін з галоўных акцэнтаў на будучую пяцігодку - імпартазамяшчэнне». «Думаю, варта было б зрабіць наадварот. Нам трэба было б адкрываць эканоміку - нейкія перспектывы гэта б яшчэ дало. Але ў нас Лукашэнка і асяроддзе дайшлі толькі да ўзроўню тэорыі Адама Сміта, які меркаваў, што дзве краіны на адным узроўні развіцця могуць гандляваць, а бедная з багатай не, бо яшчэ больш збяднее. Але ёсць тэорыя Давіда Рыкарда, якая, дарэчы, ляжыць у аснове дзейнасці СГА. Там няма падзелу на гандаль у рамках светаў - развітога і менш развітага. Але палітыкі кшталту Лукашэнкі проста не разумеюць, што такі гандаль можа быць выгадны для краіны. Што адсталая ў развіцці краіна акурат павінна адкрываць эканоміку ўсім, што калі страчваць няма чаго, як Беларусі цяпер, то асноўны шлях развіцця - гэта менавіта адкрываць эканоміку праз гандаль, - мяркуе Леанід Злотнікаў. - Самы яркі і нядаўні прыклад - гэта Эстонія пасля распаду СССР. Краіна пайшла шляхам максімальнага адкрыцця сваёй эканомікі: гандлюй чым хочаш, вязі куды хочаш і адкуль хочаш з шэрагам мінімальных абмежаванняў. І гэтая краіна, як мы ведаем, сапраўды паказала ўсім прыклад развіцця ў рэгіёне».

«Рынак для Лукашэнкі непрымальная рэч. Як усё пачыналася? Мы будзем будаваць рынкавую эканоміку, але не спяшацца з гэтым, каб не рабіць балюча насельніцтву. У выніку насельніцтва і пацярпела, хоць бы калі браць узровень заробкаў - Польшча, Літва, Латвія даўно ўжо выперадзіла нас у гэтым – і значна. А ў нас усе кажуць пра славутую тысячу рублёў. То бок тут гісторыя ўжо пацвердзіла «паспяховасць» беларускай мадэлі. Ну а калі ў 2019 годзе Лукашэнка заявіў, што бізнэс нас не накорміць... Зразумела, прыватная ініцыятыва яму проста не патрэбна, ён гэтага не разумее і ў гэтым не мае патрэбы. Ім рухае ўраўняльная справядлівасць, ён у яе, напэўна, верыць, але вынікі так сабе», - сказаў Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках