19 красавiка 2024, Пятніца, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Комлік: Я застаюся свабодным

Ігар Комлік: Я застаюся свабодным
ІГАР КОМЛІК
ФОТА: NN.BY

Адзін з лідараў прафзвязу РЭП расказаў пра каласальную падтрымку беларусаў.

Фігуранту «справы прафзвязаў», прадстаўніку РЭП Менску і Менскай вобласці Ігару Комліку засталося крыху больш за месяц «хатняй хіміі».

Днямі крымінальна-выканаўчая інспекцыя Фрунзенскага раёна г. Менска паведаміла, што яму абвешчаная амністыя. Тэрмін пакарання скарочаны яшчэ на адзін год. А гэта значыць, што ўжо 15 жніўня адбыванне пакарання для яго скончыцца.

Ігар Комлік расказаў praca-by.info аб планах, пасля заканчэння «хатняга арышту» і тым, ці лёгка яму даваўся гэты тэрмін:

- Вы ўжо думалі, што першае зробіце з таго, што не маглі сабе дазволіць падчас адбыцця «хатняй хіміі»?

- Найперш пайду свабодна ў адпачынак. Бо можна будзе не сядзець дома, а кудысьці перасоўвацца. Ёсць даўняе жаданне, якое хацеў ажыццявіць яшчэ ўлетку 2017 году - паехаць з унукам у падарожжа па Беларусі. Хачу паказаць яму нашу краіну: і гістарычныя месцы, і прыгажосць прыроды. Гэта першачарговыя планы.

- Што самае цяжкае было для Вас падчас адбыцця «хатняй хіміі»?

- Як ні дзіўна, нічога цяжка не давалася. Вядома, непрыемны момант - гэта абмежаванне свабоднай камунікацыі.

Але тым, хто цяпер сядзіць у турме КДБ ці ў ізалятары, значна складаней. Для мяне пасля двух месяцаў зняволеня на Валадарскага, знаходжанне дома на мяккай пасцелі ў асяроддзі хоць і абмежаванага кола, але блізкіх людзей складана назваць выпрабаваннем. А тым больш дзяржава паклапацілася пра маё здароўе і дала магчымасць знаходзіцца дома і спаць не менш за восем гадзін аж з 9-й вечара да 6-й раніцы (смяецца).

Акрамя таго, увесь гэты час я працягваў гэтак жа працаваць і жыць поўным жыццём, наколькі гэта было магчыма.

Для прафзвязнай працы абмежаванне волі наклала пэўныя складанасці: абмежавала магчымасці сустрэч з чальцамі прафзвязу, бо большасць з іх працуюць на розных прадпрыемствах і бываюць вольныя вечарамі, у той час калі мне ўжо трэба «бегчы» дадому. Наш прафзвяз частка міжнароднай прафзвязнай супольнасці. Вядома, камунікацыя і абмен досведам з братамі і сёстрамі з іншых краін, калі ты не можаш выехаць за межы краіны вельмі абцяжараная. Онлайн ніколі не заменіць жывую камунікацыю.

- Ці часта Вас правяралі? Ці прыходзілі ўночы? Ёсць меркаванне, што начныя праверкі выкарыстоўваюцца як маральны ціск на тых, хто адбывае пакаранне...

- Правяралі мяне ў сярэднім раз на месяц. Бывала прыходзілі і ўначы - а гадзіне 3-4-й. Бывала ў выходныя дні. Наогул правяралі ў межах разумнага, напрыклад, ці знаходжуся я ўвечары дома пасля 21.00.

Магчыма, гэтыя начныя прыходы і былі спробамі маральнага ціску. Але я на гэта не бяруся. Проста націснуць на мяне складана. Я ўспрымаю свет, жыццё і гэты шэраг падзей як частку ўсяго, што адбываецца ў нашай краіне і свеце.

Я разумеў, што з гэтым рэжымам і незаконным прысудам паводле «справы прафзвязаў» па-іншаму быць і не можа.

Працуючы ў прафзвязе даводзіцца сутыкацца з беззаконнем наймальнікаў і дзяржаўных органаў не толькі ў гэтай сітуацыі, але і наогул. Разумею, што ад гэтага нікуды не сысці. А людзі, якія выконваюць пастановы судоў робяць сваю працу.

Яшчэ, на жаль, не склалася сітуацыя, у якой большасць з іх маглі б усвядоміць сваю датычнасць, аб'яднацца і змяніць існую сістэму. Але я веру, што такая сітуацыя абавязкова надыдзе. І хутчэй за ўсё ў найбліжэйшай будучыні.

Маёй задачай падчас адбыцця хатняй хіміі было не адыходзіць ад генеральнай лініі свайго жыцця - адчуваць сябе свабодным нават ва ўмовах абмежаванняў.

Я застаюся свабодным незалежна ад таго, ці асудзілі мяне ці не. Таму што я жыву ў гармоніі са сваім сумленнем і перакананнямі.

Як звычайна пытаюцца журналісты: ці хочаце вы што-небудзь памяняць у жыцці? Я нічога не мяняў бы ў сваім.

- Ці адчувалі Вы падтрымку актывістаў прафзвязу, грамадзянскай супольнасці, калег і таварышаў?

- Так, падтрымка была каласальнай. Нават людзьмі, з якімі рэдка камунікаваў раней, падтрымлівалі маральна. Яны разумелі, што асуджэнне было незаконным, было шмат бруду пры падрыхтоўцы «справы прафзвязаў». Яна была пашытая белымі ніткамі, шмат нестыковак і хібаў. Людзі гэта разумелі. Вялікая ўвага была ад грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў. Яны ўвесь час цікавіліся сітуацыяй.

І вельмi магутная хваля салідарнасці, вядома, была ад сусветнай прафзвязнай супольнасці. На судзе была цэлая місія ад Глабальнага звязу IndustriALL, часткай якога мы з'яўляемся.

Міжнародная прафзвязная супольнасць зрабіла вельмі шмат, каб асуджэнне нас паводле «справы прафзвязаў» не адбылася. Што таксама не магло не адбіцца і на вынесеных прысудах, які быў, відавочна, не настолькі строгі, як гэта меркавалася адразу.

Усё разам вельмі натхняла і надавала мне сіл. У самым пачатку, калі я сядзеў у СІЗА №1, мне дасылалі дзясяткі, калі не сотні лістоў падтрымкі. Салідарнасць для людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні асабліва важная.

- Якія самыя смешныя ляпы Вам запомніліся з тамоў «справы прафзвязаў»?

- Смешнага ў справе было сапраўды шмат. Падчас суда падавалася інфармацыя аб тым, якія адміністрацыйныя правапарушэнні я ўчыніў. І там, напрыклад, было паказана, што ў той час як я сядзеў у СІЗА №1, я перавысіў хуткасць руху на аўто,

Збіраючы інфармацыю пра сваякоў аператыўнікі прыпісалі мне іншую цешчу. Праўда мая кудысьці знікла (смяецца). Калі мая цешча нарадзілася ў Магілёве, у яе была сям'я і двое дзяцей, то новая цешча была з Віцебскай вобласці і ніколі не была замужам (смяецца).

Гэтая справа адзін з прыкладаў таго, як абсурдна працуе сістэма. Цяпер падчас прэзідэнцкай кaмпаніі мы назіраем аналагічныя неспадзяванкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках