19 красавiка 2024, Пятніца, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» застаўся без ключавога газаправода ў Турцыю

4
«Газпрам» застаўся без ключавога газаправода ў Турцыю

«Блакітны струмень» прастойвае другі месяц праз адсутнасць попыту.

Расея прадаўжае перажываць катастрофу на газавым рынку Турцыі, якая яшчэ два гады таму была другім найбуйнейшым кліентам «Газпрама» пасля Нямеччыны, а ў 2020-м рэзка скараціла імпарт на фоне прытоку ЗПГ і росту канфлікту з Крамлём вакол Сірыі і Лівіі, паведамляе finanz.ru.

Паводле вынікаў першага квартала Турцыя скараціла закупкі расейскага газу на 70% у параўнанні з 2019 годам і амаль у 14 разоў, калі параўноўваць з паказнікамі 2-гадовай даўніны, што вымусіла «Газпрам» спыніць адзін з двух асноўных, што вядуць у краіну, трубаправодаў – «Блакітны струмень».

Пабудаваны ў пачатку 2000-х газаправод спыніў прапампоўку 13 траўня праз планавы рамонт, які павінен быў доўжыцца два тыдні.

З таго часу прайшло ўжо два месяцы, але труба магутнасцю 16 млрд кубаметраў за год па-ранейшаму стаіць пустая, паведамляе Reuters са спасылкай на адну турэцкую і дзве расейскія крыніцы ў газавай галіне.

Праблема – у адсутнасці попыту. У цяперашні момант газ пампуе толькі запушчаны ў студзені гэтага года «Турэцкі струмень». Яго больш чым дастаткова, і выкарыстоўваць дзве трубы «сэнсу няма», сказала адна з расейскіх крыніцаў Reuters.

«Газпрам» адмовіўся адказаць на прамое пытанне, калі «Блакітны струмень» вернецца ў працу, паведаміўшы, што пастаўкі ў Турцыю ідуць у адпаведнасці з запытамі імпарцёраў, а кантракты дзейнічаюць на аснове прынцыпу «бяры-ці-плаці».

Фактычна гэтае становішча ў кантрактах, якое патрабуе аплачваць мінімальна абумоўлены аб'ём незалежна ад таго, спатрэбіўся ён пакупніку або не, парушаецца: прыватныя турэцкія імпарцёры газу блізу двух гадоў ігнаруюць яго, паведамляў раней Platts са спасылкай на крыніцы ў Турцыі.

Кантракт «Газпрама» з дзяржаўнай Botas на 8 млрд кубаметраў за год мінае ў 2021 годзе, і ў Анкары маюць намер дамагацца коштавых саступак ад расейскай кампаніі. «Даступнасць таннага ЗПГ і падзенне попыту даюць нашым трубаправодным пастаўшчыкам сігнал, што ім неабходна праявіць гнуткасць», – казаў у траўні намеснік міністра энэргетыкі Алпарслан Байрактары.

Расейскі газ Турцыя замяняе звадкаваным, які ракой льецца на еўрапейскі рынак і каштуе значна танней. У траўні спотавыя кошты найбуйнейшых газавых хабаў Еўропы падалі да 40–45 даляраў за тысячу кубаметраў. Чэрвеньскі адскок да 72 даляраў не пратрымаўся доўга, і ў ліпені каціроўкі зноў пакаціліся ўніз.

На канец мінулага тыдня на галандскай пляцоўцы TTF газ з пастаўкай «на дзень наперад» патаннеў да 67 даляраў за тысячу кубоў. «Газпрам» спрабуе прадаваць газ даражэй, выкарыстоўвае кантракты з вялікай адтэрміноўкай пастаўкі – на будучую зіму або наступны год.

Але ўтрымаць экспартныя кошты ў зоне бясстратнасці не атрымліваецца: паводле вынікаў чэрвеня ў сярэднім тысяча кубаметраў паліва з Расеі сыходзіла ў Еўропу за 94 даляры, што ніжэй за пункт рэнтабельнасці «Газпрама», якую Fitch ацэньвае на 105 даляраў.

Паводле афіцыйнай турэцкай статыстыкі, якая даступная пакуль за першы квартал, Расея ўпершыню за гады вылецела з першага месца сярод найбуйнейшых пастаўшчыкоў трубаправоднага газу ў краіну. З 1,87 мільярдаў кубаметраў палову ў Турцыю паставіў Іран (924 млн кубаметраў), на другім месцы апынуўся Іран (557 млн), а РФ адкацілася на трэці радок з 389 млн кубоў.

Імпарт ЗПГ у Турцыю узляцеў на 300%. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі сталі Катар (786 млн кубаметраў) і ЗША (370 млн), а рэшта была набытая ў Алжыры, Нігерыі, Камеруне і Егіпце.

Газ "Газпрама" неканкурэнтаздольны ў кошце. Як піша Daily Sabah, з 1 красавіка Турцыя павінна плаціць 228 даляраў за тысячу кубаметраў, што амаль у 4 разы вышэй за спотавыя каціроўкі. Паводле звестак ЦБ РФ, у другім квартале экспартныя прыбыткі «Газпрама» ўпалі амаль утрая і сталі мінімальнымі з 2002 года – 3,5 млрд даляраў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках