29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя бедныя ў Беларусі: дзеці, няпоўныя шматдзетныя сем'і і жыхары сельскай мясцовасці

3
Самыя бедныя ў Беларусі: дзеці, няпоўныя шматдзетныя сем'і і жыхары сельскай мясцовасці
Фота: charter97.org

Cамыя высокія маштабы беднасці назіраюцца ў Магілёўскай вобласці.

Ключавымі групамі бедных Беларусі з'яўляюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць у сем'ях з прыбыткам ніжэйшым за рысу беднасці, няпоўныя шматдзетныя сем'і і жыхары сельскай мясцовасці, піша thinktanks.by.

Пра гэта гаворыцца ў новай працы навуковага супрацоўніка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алега Мазоля "Ацэнка беднасці ў Беларусі за 2019 год".

У гэтай працы праведзена ацэнка ўзроўню абсалютнай беднасці ў Беларусі на аснове гадавых звестак выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак аб узроўні жыцця за 2019 год.

Рэгіянальныя працэсы

Як паказваюць разлікі ўзровень абсалютнай беднасці ў сярэднім у краіне за мінулы год знізіўся на 2,4 адсоткавыя пункты 2 з 23,9% да 21,5%. Акрамя памяншэння маштабаў абсалютнай беднасці, адбылося таксама і зніжэнне яе глыбіні з 5,5% да 4,8%.

Як адзначае Алег Мазоль, у рэгіянальным разрэзе самыя высокія маштабы беднасці назіраюцца ў Магілёўскай вобласці, дзе ўзровень абсалютнай беднасці у 2019 годзе склаў 31%. Акрамя таго, менавіта ў насельніцтва Магілёўскай вобласці назіраецца самая вялікая глыбіня абсалютнай беднасці - 6,9%.

Негатыўнай тэндэнцыяй мінулага года з'яўляецца рост узроўню беднасці ў Менску. Тут гэты ўзровень вырас з 8,6% да 13,1%, і ў Віцебскай вобласці, дзе пад катэгорыю бедных сталі падпадаць з 25% да 27% насельніцтва. Пазітыўнай тэндэнцыяй 2019 года стала істотнае зніжэнне беднасці ў Менскай і Гарадзенскай абласцях - з 25,4% да 17,8% і з 23,1% да 17% насельніцтва, адпаведна.

Што ўплывае на беднасць

Беднасць ў Беларусі вызначаная дэмаграфічным складам хатніх гаспадарак. Аналіз чыннікаў беднасці паказаў, што павелічэнне колькасці сямейнікаў у хатняй гаспадарцы падвышае імавернасць таго, што хатняя гаспадарка будзе за рысай беднасці, таксама рост рызыкі беднасці звязаны з павелічэннем колькасці дзяцей у доме. Ключавымі групамі бедных Беларусі застаюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць у сем'ях з прыбыткам ніжэйшым за рысу беднасці; шматдзетныя сем'і – найперш няпоўныя шматдзетныя сем'і; і жыхары сельскай мясцовасці. З улікам высокага значэння паказчыка глыбіні абсалютнай беднасці можна сцвярджаць, што распачаты эканамічны крызіс 2020 года будзе спрыяць рэзкаму павелічэнню дзелі беднага насельніцтва за кошт, у першую чаргу, пералічаных вышэй груп насельніцтва.

Беднасць таксама вызначаецца працоўным статусам сямейнікаў хатнія гаспадаркі: ці працуюць дарослыя сямейнікі хатняй гаспадаркі, якое іх становішча на рынку працы і якія характарыстыкі лакальнага рынку працы. Галоўнай прычынай беднасці сярод дзяцей з'яўляюцца нізкія даходы іх бацькоў. Для шматдзетных сем'яў вызначальнымі чыннікамі ў перыяд бягучага эканамічнага крызісу становяцца зніжэнне аплаты працы і патэнцыйная страта працы з боку дарослага, што для няпоўных шматдзетных сем'яў аўтаматычна азначае абсалютную беднасць. У 2019 годзе ўзровень абсалютнай беднасці сярод гэтай групы хатніх гаспадарак склаў 59,9% (знізіўшыся ў параўнанні з 2018 годам на 2,3 п.п.), а глыбіня беднасці - 17,9%. Высокая ўцягнутасць дарослых сямейнікаў у рынак працы дапамагае пазбегнуць беднасці: чым вышэйшая дзель працоўных дарослых, тым ніжэйшая імавернасць беднасці.

Для жыхароў сельскай мясцовасці галоўнымі прычынамі беднасці застаюцца абмежаваныя магчымасці працаўладкавання і нізкі ўзровень аплаты працы (у сярэднім на 20% меншы, чым у горадзе).

Дзяржаўная падтрымка

Як піша Алег Мазоль, дзяржаўная палітыка пераразмеркавання пакуль слаба ўплывае на рызыку беднасці ў Беларусі. Неэфектыўнасць дзяржаўнай палітыкі пераразмеркавання пацвярджаецца павелічэннем рызыкі беднасці пры павелічэнні колькасці дзяцей у хатняй гаспадарцы, як было адзначана вышэй.

У гэтай сувязі даследчык прапануе палепшыць мэтавую накіраванасць сацыяльных выплат для падтрымкі ўзроўню спажывання найбольш уразлівых груп насельніцтва, павысіць эфектыўнасць мер падтрымкі сельгасвытворцаў, якія выступаюць асноўнымі пастаўшчыкамі працоўных месцаў у сельскай мясцовасці. Таксама, на погляд аўтара даследавання, неабходная рэалізацыя захадаў падтрымкі попыту на рынку працы як у цэлым у эканоміцы, так і пераход да рэалізацыі мэтавых рэгіянальных праграм у абласцях і раёнах Беларусі, якія характарызуюцца ростам узроўню беднасці насельніцтва.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках