18 красавiка 2024, Чацвер, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хабараўск пяты раз падняўся на масавы мітынг супраць Крамля

4
Хабараўск пяты раз падняўся на масавы мітынг супраць Крамля

Пратэсты зноў ахапілі цэнтр горада.

У Хабараўску на плошчы Леніна перад будынкам ўрада краю 14 ліпеня ўвечары пачаўся пяты несанкцыянаваны мітынг у падтрымку затрыманага губернатара Сяргея Фургала. Пра гэта паведамляе карэспандэнт "Сибирь.Реалии" з месца падзей.

Акцыя пачалася блізу 19-й паводле мясцовага часу. Удзельнікаў ужо блізу 300 чалавек, іх колькасць павялічваецца.

На ганак будынка краявога ўрада выйшаў адзіночны пікетчык. Паліцыя яго затрымліваць не стала. Астатнія мітынгоўцы сабраліся ў звыклым месцы – на пляцоўцы каля будынка ўрада. Да іх далучыліся два актывісты з плакатам "Пуцін – злодзей. Фургал – наш". Удзельнікі мірнага пратэсту назвалі гэта правакацыяй. Паліцыя затрымала аднаго з "правакатараў" за "абразу прэзідэнта". Астатніх мітынгоўцаў затрыманне не абурыла, яны заявілі, што ўдзельнікам "не трэба пераходзіць на іншыя тэмы пратэсту, бо асноўная тэма – адстаяць свой выбар, дамагчыся сумленнага расследавання справы Сяргея Фургала".

Пратэст ужо ідзе пяты дзень запар. Людзі пасля невялікага мітынгу на плошчы Леніна зноў ідуць па праезнай частцы цэнтральнай вуліцы. Кіроўцы ўхвальна сігналяць, гараджане нясуць плакаты "Я / мы Сяргей Фургал", "Вярніце нам Фургала".

Удзельнікі пратэсту прайшлі першае кола па цэнтральных вуліцах Хабараўска. На гэты момант сабралася блізу 400 чалавек. "Выходзіць трэба кожны дзень, і гэта не проста за Фургала, а за прынцып", – заявіў удзельнік мітынгу Аляксандр. З ім пагадзіліся ягоныя суседзі ў калоне: "Толькі разам абаронім". Пратэстоўцы зноў скандуюць "Свабоду", "Я / Мы Сяргей Фургал", "Паліцыя з народам". Актывісты клічуць "на размову" мэра Хабараўска Краўчука і патрабуюць правесці паводле справы Фургала сумленны суд у Хабараўску.

Самым маштабным з пратэстаў супраць затрымання губернатара стаў мітынг 11 ліпеня – на вуліцы Хабараўска выйшлі да 35 тысячаў жыхароў. 12 ліпеня адбыліся дзве акцыі, раніцай і ўвечары. Раніцай ля будынка краёвай адміністрацыі прайшоў мітынг, але значна менш людны. Увечары на акцыю паводле некаторых ацэнак сабралася 5 тысячаў чалавек. У Камсамольску-на-Амуры раніцай 12 ліпеня прайшоў мітынг ля будынка ФСБ, гэта была ўжо чацвёртая стыхійная акцыя з моманту затрымання Фургала. 13 ліпеня жыхары Хабараўска хадзілі па горадзе шэсцем, паколькі на пляцоўках для публічных акцый раптам пачалася дэзынфекцыя.

Сяргея Фургала затрымалі 9 ліпеня і перавезлі ў Маскву. Ягоную справу будзе разглядаць Басманны суд. Губернатара падазраюць у арганізацыі двух забойстваў і замаху на забойства. Пасля высоўвання абвінавачвання Фургал сваю віну не прызнаў.

Акрамя Фургала затрыманыя і арыштаваныя яшчэ чатыры падазраваныя, якіх следства ўважае чальцамі злачыннай групы. Іх абвінавачваюць у забойстве прадпрымальнікаў Яўгена Зоры і Алега Булатава, а таксама замаху на бізнэсмэна Аляксандра Смольскага. Гэтыя злачынствы былі здзейсненыя ў 2004 і 2005 гадах.

Сяргей Фургал стаў кіраўніком Хабараўскага краю 28 верасня 2019 года, на выбарах ён набраў амаль 70% галасоў, абышоўшы кандыдата ад партыі "Адзіная Расея" Вячаслава Шпорта. Ён вылучаўся ад партыі ЛДПР, на гэты момант ягонае сяброўства ў гэтай партыі прыпыненае. Паводле прафесіі Фургал лекар, аднак з 1999 года сышоў з медыцыны і займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. З 2005 года актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў дэпутатам Заканадаўчай думы Хабараўскага краю, і дэпутатам двух скліканняў Дзярждумы.

На пасадзе губернатара Фургал запомніўся скарачэннем заробкаў і іншых выдаткаванняў на чыноўнікаў. Ён прыпыняў сумнеўныя, на ягоную думку, дзяржзакупкі. Паводле ягонай жа пастановы была выстаўленая на продаж яхта, якая належыць рэгіянальнаму ўраду.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках