28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

83 мільянеры патрабуюць падняць для іх падаткі

6
83 мільянеры патрабуюць падняць для іх падаткі

Найбагацейшыя людзі на планеце наважыліся дапамагчы пацярпелым ад крызісу.

Самыя багатыя людзі планеты, уключна з сузаснавальнікам кампаніі ў вытворчасці марозіва Ben and Jerry's Джэры Грынфілдам (Jerry Greenfield) і спадчынніцай імперыі Уолта Дыснея Эбігейл Дысней (Abigail Disney), заклікалі «нашы ўрады падняць падаткі для такіх людзей, як мы. Неадкладна, істотна і на сталай аснове», піша The Guardian (пераклад - inosmi.ru).

«Ва ўмовах пандэміі covid-19, якая нанесла ўдар па ўсім свеце, такія мільянеры, як мы, павінны адыграць важную ролю ў выздараўленні нашага свету, - напісалі мільянеры ў адкрытым лісце, з якім азнаёміліся рэпарцёры газеты Guardian. - Мы не даглядаем за хворымі ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі. Мы не кіруем карэтамі хуткай дапамогі, якія прывозяць хворых у лякарні. Мы не напаўняем паліцы прадуктовых крам і не вырабляем прадукты».

«Але ў нас ёсць грошы. Шмат грошай. Грошай, якія цяпер крайне неабходныя і якія будуць патрэбныя ў найбліжэйшыя некалькі гадоў, пакуль наш свет будзе аднаўляцца пасля гэтага крызісу».

Мільянеры папярэдзілі, што эканамічныя наступствы каранавіруснага крызісу будуць «захоўвацца цягам некалькіх дзесяцігоддзяў» і могуць «пакінуць паўмільярда чалавек за рысай беднасці».

Сярод тых, хто падпісаў гэты ліст, былі сэр Стывен Ціндал (Stephen Tindall), заснавальнік Warehouse Group і другі найбагацейшы чалавек у Новай Зеландыі, багацце якога дасягае 475 мільёнаў даляраў, брытанскі сцэнарыст і рэжысёр Рычард Керціс (Richard Curtis), а таксама ірландскі венчурны інвестар Джон О'Фарэл (John O'Farrell), які зарабіў мільёны на інвестыцыях у тэхналагічныя кампаніі Крамянёвай даліны.

«Праблемы, якія covid-19 справакаваў або выявіў, немагчыма развязаць з дапамогай дабрачыннасці, якой бы шчодрай яна ні была. Лідары ўрадаў павінны ўзяць на сябе адказнасць за збор сродкаў, якія нам неабходныя, і за тое, каб справядліва марнаваць гэтыя сродкі, - гаворыцца ў адкрытым лісце. - Мы ў велізарным абавязку перад тымі людзьмі, якія працуюць на перадавой гэтай глабальнай барацьбы. Большасць работнікаў жыццёва важных сфер атрымліваюць несправядліва нізкую аплату за той цяжар, які на іх ускладзены».

Група мільянераў апублікавала гэты ліст напярэдадні сустрэчы міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтрабанкаў краін Вялікай дваццаткі ў выходныя. Яны заклікалі палітыкаў «развязаць праблему глабальнай няроўнасці і прызнаць, што падвышэнне падаткаў на багацце і ўзроўню падатковай празрыстасці адыгрывае важную ролю ў доўгатэрміновым развязанні праблемы».

Колькасць звышбагатых людзей у свеце прадаўжае расці, нягледзячы на негатыўныя эканамічныя наступствы каранавіруснага крызісу і ўвядзення карантынных захадаў у многіх краінах свету. Сёлета багацце Джэфа Безаса (Jeff Bezos), самага багатага чалавека ў свеце і заснавальніка кампаніі Amazon, вырасла на 75 мільярдаў даляраў і дасягнула рэкордных 198 мільярдаў даляраў.

Сёння ў свеце больш за 500 тысяч чалавек належаць да катэгорыі «ультрабагатых» людзей, бо іх багацце перавышае 30 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, колькасць ультрабагатых людзей у свеце перавышае колькасць насельніцтва такіх краін, як Ісландыя, Мальта і Беліз.

Заклікі надаць дапамогу ў пераадоленні наступстваў пандэміі covid-19, звернутыя да звышбагатых людзей, гучаць ужо некаторы час. Крытыкі ўжо паказалі на тое, што, хоць Безас ахвяраваў 100 мільёнаў даляраў на барацьбу з наступствамі пандэміі, гэтая сума складае менш за 0,1 адсотка ад ягонага багацця.

У Злучаным Каралеўстве Лейбарысцкая партыя ўжо заклікала ўрад разгледзець магчымасць увядзення падатку для самых багатых грамадзян, каб гэтыя сродкі былі накіраваныя на аднаўленне краіны пасля пандэміі каранавіруса.

Лідар лейбарыстаў Кір Стармер (Keir Starmer) сказаў у ліпені: «Мы гаворым ураду: разгледзьце ідэю падатку на багацце. Мы цалкам падтрымліваем прынцып аб тым, што тыя, у каго самыя шырокія плечы, павінны несці самы цяжкі цяжар».

У Нарвегіі прыкладна 500 тысяч чалавек плацяць падатак 0,85 працэнта ў тым выпадку, калі іх багацце перавышае 150 тысяч даляраў.

За публікацыяй гэтага адкрытага ліста мільянераў стаяць такія арганізацыі, як «Мільянеры-патрыёты» (Patriotic Millionaires), аб'яднанне «Оксфам» (Oxfam), арганізацыя Human Act, а таксама Tax Justice UK, Club of Rome, Resource Justice і Bridging Ventures.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках