25 красавiка 2024, Чацвер, 2:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хочуць забраць Чырвоны касцёл у вернікаў?

15
Улады хочуць забраць Чырвоны касцёл у вернікаў?
ФОТА: VETLIVA

Падрабязнасці гісторыі канфлікту з падаткамі вакол Чырвонага касцёла.

Прадстаўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько паведаміў, што рахункі, выстаўленыя прыходу Чырвонага касцёла, сталі нечаканасцю. З іншымі касцёламі такога дагэтуль не было, паведамляе «Радыё Свабода».

12 ліпеня падчас службы ў касцёле святых Сымона і Алены ў Менску вернікам паведамілі, што ўлады налічылі падатак на зямлю і амартызацыю будынка ў суме 13 тысяч рублёў штомесяц. Агульная запазычанасць - 156 тысяч рублёў.

«Гэтыя рахункі былі нечаканасцю для касцёла. Такое здарылася ўпершыню. Упершыню мы атрымалі такі рахунак, і мы будзем разбірацца, чаму менавіта такі. Што да іншых касцёлаў такія пытанні не ўзнікалі».

Будынкі касцёлаў знаходзяцца ва ўласнасці або дзяржавы, або парафіі. У Менску касцёл на Кальварыі належыць дзяржаве, а катэдра на плошчы Свабоды - прыходу, як і касцёл на Залатой Горцы. У Магілёве катэдра належыць дзяржаве.

Пытанне вяртання святыні вернікам, са слоў ксяндза Юрыя Санько, «заўсёды адкрытае, і мы размаўляем аб гэтых пытаннях». Гэта датычыцца і Чырвонага касцёла. Ён належыць дзяржаве, больш канкрэтна - уласнасць Менгарвыканкама.

«Менгарвыканкам перадаў яго ў кіраванне «Мінскай спадчыне» ў 2013 годзе. Таму захады, каб касцёл вярнулі прыходу, не першыя, раней таксама прасілі. Вядома, што сёння яны абумоўленыя перш за ўсё тым, што прыйшлі невядомыя рахунку. З рахункамі мы цяпер разбіраемся, чаму такія лічбы. А будзе ён вернуты, ці не будзе, гэта трэба пытацца ў Менгарвыканкама».

Чым справа скончыцца, ксёндз Юрый Санько не прагназуе.

«Ад нас гэта не залежыць. Мы звярнуліся з просьбай».

У Менгарвыканкаме і «Мінскай спадчыне» сітуацыю не пракаментавалі. Раней у «Мінскай спадчыне», якая займалася рэканструкцыяй будынка, тлумачылі, што касцёл знаходзіцца ў «бязвыплатным карыстанні», таму льгот у падатках законам не прадугледжваецца.

«Мы не маем магчымасці плаціць штомесяц 13 тысяч рублёў»

А ў Чырвоным касцёле прадаўжаецца збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі - касцёл просяць вярнуць парафіі. На сёння сабралі блізу паўтары тысяча подпісаў.

«Касцёл - дом Божы, які быў пабудаваны Эдвардам Вайніловічам, ён прызначаны для праслаўлення Госпада Бога. Бальшавіцкія ўлады гэты касцёл адабралі ў вернікаў і заснавалі тут Дом кіно. У 90-я гады ўсё памянялася, і будынак вярнулі вернікам. Але дагэтуль ён у дзяржаўнай уласнасці. Юрыдычная асоба, якая валодае ад імя дзяржавы будынкам - «Мінская спадчына». Ёй выстаўляюць падаткі без усялякіх ільгот, і яна на аўтамаце ставіць іх касцёлу. Гэтыя падаткі нарастаюць, і справа можа дайсці да суда. Мы не маем магчымасці плаціць штомесяц 13 тысяч рублёў, бо ахвяраванні вернікаў ідуць на ўтрыманне святыні», - сказала Валянціна, якая каардынуе збор подпісаў.

Вернікі ўжо звярталіся да Менгарвыканкама з просьбай вярнуць касцёл парафіі. Аднак Менгарвыканкам адмовіў, бо не бачыць неабходнасці аддаваць ім касцёл. Таму цяпер будуць звяртацца да Лукашэнкі.

«Гэта выключна Божая справа, і мы спадзяемся, што з Боскай дапамогай яна будзе развязаная. Гэта было пабудавана для вернікаў, таму і павінна быць у вернікаў», - сказала Валянціна.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках