24 красавiка 2024, Серада, 15:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі атрымалі жыроўкі з пераразлікам за ваду – у іх ёсць пытанні

7
Менчукі атрымалі жыроўкі з пераразлікам за ваду – у іх ёсць пытанні

Што адбываецца з рахункамі за «брудную» ваду?

Менчукі атрымалі жыроўкі за чэрвень. Іх збянтэжылі разлікі за водазабеспячэнне. Праз непаладкі, якія здарыліся ў канцы мінулага месяца ў цэнтральным водаправодзе сталіцы, многім давялося зліць не адзін куб вады. «Менскводаканал» і гарадскія ўлады абяцалі за гэта зрабіць пераразлік. І зрабілі – у квітанцыях у графе з сумай аплаты за водазабеспячэнне і водаадвядзенне стаіць 0 рублёў. Аднак людзям не ясна, чаму плату знялі за травень, а не за чэрвень: бо паказанні лічыльнікаў за першы летні месяц падаюць толькі цяпер, піша tut.by.

З 24 да 27 чэрвеня, нагадаем, 800 тысячаў менчукоў засталіся без нармальнай вады, яна была з такім моцным пахам, што піць яе было немагчыма. Некалькі дзён няякасная вада была ў Фрунзенскім, Маскоўскім і часткова ў іншых раёнах сталіцы. Каб хутчэй з кранаў пайшла нармалёвая вада, менчукі яе злівалі.

– Я ў шоку! Чый гэта геніяльны план – абнуліць рахункі за ваду, якую людзі выдаткавалі ў траўні, а потым з лішкам узяць за злітую ў чэрвені? Бо дрэнную спускалі менавіта ў чэрвені, і звесткі пра яе падаюцца толькі цяпер, – кажа Марыя.

У дзяўчыны ў жыроўцы за чэрвень, згодна з паказаннямі лічыльнікаў, у траўні было выдаткавана 7 кубаметраў вады. У чэрвені ж, з яе словаў, менш, таму што ў тыя дні, калі былі праблемы з вадой, яна з’язджала з Менска.

– Але ж ёсць і тыя людзі, якія заставаліся дома і злілі вельмі шмат вады, – прадаўжае Марыя.

З такім жа пытаннем у рэдакцыю tut.by звярнулася і мянчанка Юлія.

– Мы атрымалі жыроўкі за чэрвень. За халодную ваду, як і абяцалі, выстаўлены рахунак 0 рублёў. Але ж у квітанцыях налічэнні за травеньскую ваду. А праблемы з ёй, да прыкладу, па вуліцы Заслаўскай былі з 25 чэрвеня да 1 ліпеня. Гэта значыць фактычна паказанні лічыльнікаў за гэты перыяд, калі дзень і ноч злівалі ваду, мы падаем толькі цяпер. У наступным месяцы таксама будзе пераразлік? – пытаецца мянчанка. – Да РДЦ № 3 Цэнтральнага раёна немагчыма датэлефанавацца, каб удакладніць.

Юлія кажа, што ў траўні яе сям'я выліла 10,4 куба вады, а ў чэрвені больш за 11.

У «Менскводаканале» ў пачатку ліпеня папярэджвалі, што пераразлік зробяць за месяц паводле сведчанняў, пададзеных да 30 чэрвеня. То-бок не за фактычнае спажыванне вады ў чэрвені.

– Людзям, якія жывуць у пацярпелых раёнах, у гэтым месяцы не давядзецца плаціць не толькі за халодную ваду, але і за водаадвядзенне (каналізацыю), – падкрэслілі на прадпрыемстве.

У адказ на пытанне, ці не застануцца ў мінусе тыя, хто ў траўні паводле сведчанняў лічыльнікаў выліў вады менш, чым у чэрвені, калі здарыўся калапс, «Менскводаканал» запэўніў, што гэтага не здарыцца.

– Пераразлік будзе зроблены за ўвесь аб'ём водазабеспячэння і за ўвесь аб'ём водаадвядзення за цэлы месяц, а не толькі за тыя дні, калі былі праблемы з вадой, – адзначылі на прадпрыемстве. – У любым выпадку гэта пакрые выдатак вады на зліў. Чалавек, адкрыўшы краны, можа зліць 3-4 кубы вады, а калі прапісана, да прыкладу, 4 чалавекі, то там месячны выдатак вады, скажам, 16 кубоў.

Гэта значыць выдаткаванай за месяц усё роўна больш, чым за пару дзён, калі злівалася вада. Прапускная здольнасць трубаправода вядомая, таму вылічыць, колькі за гэты час фізічна магчыма зліць вады, нескладана.

Спісы дамоў, на якія паўплываў збой у сістэме цэнтральнага водазабеспячэння, можна паглядзець на сайце прадпрыемства. Калі ў вас не было пераразліку, для тлумачэнняў можна звярнуцца на тэлефоны: 8 017 389-40-10, 8 017 389-42-98, 8 017 389-41-41.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках