29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» гатовы падвысіць кошты газу для расейцаў, каб кампенсаваць экспартныя страты

32
«Газпрам» гатовы падвысіць кошты газу для расейцаў, каб кампенсаваць экспартныя страты
Фота: ТАСС

Першы квартал 2020 года расейская кампанія ўпершыню за 5 гадоў закончыла з чыстай стратай.

Кошты газу для спажыўцоў у Расеі будуць павышаныя, абвясціў на тэлефоннай канферэнцыі ў аўторак кіраўнік дэпартамента эканамічнай экспертызы і коштаўтварэння «Газпрама» Аляксей Андрэеў, піша finanz.ru.

Паводле ягоных словаў, пастанова пра індэксацыю тарыфаў ужо «прынятая і знаходзіцца ў стадыі афармлення».

Пытанне было «адпрацаванае» з рэгулёўнымі органамі, паведаміў Андрэеў, дадаўшы, што таксама абмяркоўваецца павышэнне тарыфаў на транспартаванне газу, але пастановы пакуль няма.

Нагадаем, Федэральная антыманапольная служба ў пачатку красавіка зацвердзіла індэксацыю коштаў газу для насельніцтва на 3%, што ўдвая вышэй за мінулагодняе павышэнне (на 1,4%).

Абмяркоўвалася магчымасць падняць кошты адразу на 5%, расказваў тады кіраўнік управы рэгулявання ТЭК і хімічнай прамысловасці ФАС Расеі Армэн Ханян. Але была прынятая кампрамісная пастанова.

Першапачаткова ўлады планавалі правесці індэксацыю з 1 ліпеня, але пандэмія каранавірусу і галасаванне пра папраўкі ў Канстытуцыю прымусілі на час «забыцца» пра яе.

Цяпер жа загад ФАС павінен быць накіраваны на рэгістрацыю ў Мінюст і пачаць дзеянне праз 10 дзён пасля зацвярджэння і афіцыйнай публікацыі.

Сумарным вынікам за апошнія тры гады газ для расейцаў падаражэў на 8%, з 2014 года – амаль на 20%.

Павышэнне газавых тарыфаў у разгар эканамічнага крызісу робіцца, каб кампенсаваць страты "Газпрама" на знешнім рынку, дзе кошты газу рэзка ўпалі, паказвае партнёр RusEnergy Міхаіл Круціхін.

У чэрвені «Газпрам» прадаваў паліва ў Еўропу за 94 даляры за тысячу кубаметраў, што ніжэй за пункт бясстратнасці для кампаніі, якую Fitch ацэньвае на 105 даляраў за тысячу кубоў. Паводле вынікаў другога квартала экспартныя прыбыткі «Газпрама» ўпалі да мінімуму за 18 гадоў. Кампанія атрымала 3,5 млрд даляраў ад замежных пакупнікоў – утрая менш, чым за той самы перыяд год таму.

Кошты газу ў Еўропе, верагодна, прайшлі ніжнюю кропку і будуць аднаўляцца, заявіў у аўторак галоўны фінансавы дырэктар «Газпрама» Аляксандр Іваннікаў. На год кампанія закладвае сярэдні кошт 133 даляры за тысячу кубаметраў, што амаль удвая ніжэй, чым летась (250 даляраў). Аб'ёмы экспарту знізяцца на 15%, да 166 мільярдаў кубаметраў.

Першы квартал 2020 года «Газпрам» упершыню за 5 гадоў закончыў з чыстымі стратамі ў МСФС 116 млрд рублёў. Паводле вынікаў года касавы разрыў у бюджэце кампаніі можа скласці 10 млрд даляраў, ацэньвае Fitch.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках