29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшоў з жыцця прэзідэнт Сусветнага аб'яднання беларускіх габрэяў Якаў Гутман

Пайшоў з жыцця прэзідэнт Сусветнага аб'яднання беларускіх габрэяў Якаў Гутман
ЯКАЎ ГУТМАН
ФОТА: «Радыё Свабода»

Ён быў нястомным барацьбітом за захаванне габрэйскай спадчыны і дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

У Нью-Ёрку 15 ліпеня памёр прэзідэнт Сусветнага аб'яднання беларускіх габрэяў, нараджэнец Гомельшчыны Якаў Гутман. Сёлета яму споўнілася 75 гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра смерць Якава Гутмана напісаў ягоны ўнук Джош Катляроў:

«З болем у душы паведамляю, што гэтай раніцай пайшоў з жыцця мой дзядуля Яша. Ён быў добрым, шчодрым і клапатлівым чалавекам. Ён быў таксама адным з самых разумных і начытаных людзей, якіх я толькі ведаў. Ад яго я шмат даведаўся пра гісторыю нашай сям'і, пра СССР, пра юдаізм, а таксама пра навуку і пра многае іншае. Кожны тэлефонны званок станавіўся доўгай размовай, падчас якой мы абодва даведваліся нешта новае пра свет (а я паспяваў навучыцца нейкай новай фразе на ідыш).

Ён быў нястомным барацьбітом за правы габрэяў у ягонай роднай Беларусі, гэтая барацьба пачалася яшчэ ў савецкія часы, дзе габрэям быў зачынены доступ у прэстыжныя ВНУ, дзе рэлігійныя абрады былі забароненыя, дзе з ідыш цэнзура выкідвала ўсе звязаныя з рэлігіяй словы і дзе нельга было размаўляць на іўрыце або вывучаць яго без дазволу спецслужбаў».

Продкі Якава Гутмана паходзілі з-пад Мазыра. У Другую сусветную вайну многія габрэі загінулі. 31 жніўня 1941 года больш за 20 гараджанаў здзейснілі акт самаспалення, паўтарыўшы подзвіг абаронцаў габрэйскай крэпасці Масада ў 73 годзе нашай эры. Насуперак перашкодам мясцовых уладаў Якаў Гутман дамогся ўсталявання ў Мазыры помніка «беларускаму Масаду».

У перадачы «Галасы стагоддзя» на «Радыё Свабода» Якаў Гутман успамінаў:

«Найбольш значны факт, які паўплываў на ўсё маё жыццё, адбыўся ў кастрычніку 1991 года. За два стагоддзі да таго ў Валожыне пачала працу Ешыбот, якая стала маці для ўсіх Ешыбот Еўропы. Чатыры чалавекі з дынастыі рабінаў, якія яе заснавалі, пахаваныя на тамтэйшым могілках.

І вось тады ў кастрычніку мы закладвалі першы камень у агароджу вакол гэтых могілак. Там была вельмі цікавая аўра. Прыехаў кардынал Казімір Свёнтак з Пінска, дэпутаты Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі, Алег Трусаў. Баршчэўскі пачаў сваю прамову па-беларуску, а скончыў яе на ідыш. Ён па-беларуску гаварыў, што гэта немагчыма, каб у гэтым святым месцы хадзілі козы, бараны. А потым гаварыў на ідыш. Гэта нас узрушыла, таму што вялікая павага, якую ты можаш выказаць свайму суразмоўцу, гэта калі размаўляеш на ягонай мове».

Амаль два дзясяткі гадоў Якаў Гутман жыў у ЗША, аднак прадаўжаў падтрымліваць дэмакратычныя арганізацыі на радзіме і абараняў габрэйскую спадчыну. Сярод іншага, займаўся пытаннем захавання некропаляў у беларускіх гарадах і мястэчках.

У свой апошні прыезд у Беларусь у 2017 годзе дамагаўся прыпынення разбурэння габрэйскага могільніка ў Гомелі на вуліцы Сожаўскай. Улады перадалі пад забудову шматпавярховымі дамамі тэрыторыю старых пахаванняў. Справа дайшла да суда.

На знак пратэсту супраць антыгабрэйскіх выказванняў Лукашэнкі Гутман ладзіў адзінкавыя пікеты ля ягонай адміністрацыі, падчас аднаго з іх у 2004 годзе быў затрыманы. Неўзабаве пасля гэтага ён з’ехаў у ЗША.

Свой ад'езд за акіян Якаў Гутман патлумачыў так:

«Я еду туды, бо развязваць нейкія габрэйскія пытанні, седзячы ў Менску, сёння немагчыма. Развязваць пытанне змены палітычнага рэжыму тут немагчыма. Я не згодны з гэтым рэжымам, бо ён праводзіць дзяржаўную антысеміцкую палітыку. Я на самай справе хачу папрасіць прабачэння ў беларускага народа. Я зрабіў усё, што мог, і буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб гэты народ жыў не горш за іншых».

Яшчэ раней, у 1990-я, Якаў Гутман дапамагаў з выездам дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, на лячэнне ў Ізраіль і Фінляндыю.

Гомельская гісторык і журналістка Марыя Булавінская ўспамінае Гутмана:

«Мы пазнаёміліся ў 2017 годзе, калі Якаў Гутман прыехаў у Гомель, каб абараняць габрэйскія могілкі. Ён абараняў габрэйскую спадчыну яшчэ з савецкіх часоў, пікетаваў у 2004 годзе адміністрацыю Лукашэнкі; яго затрымалі, ён трапіў у лякарню. Ён абараніў шмат некропаляў, уключаючы габрэйскія могілкі ў Мазыры. Гэта шчыры чалавек, які бараніў спадчыну; чалавек, які бараніў справядлівасць, любіў родны край і верыў у перамены».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках