15 студзеня 2021, Пятніца, 20:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Лукашэнка псіхічна хворы і няздольны ацаніць сітуацыю

62
Гары Паганяйла: Лукашэнка псіхічна хворы і няздольны ацаніць сітуацыю
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Пацыенту трэба дапамагчы.

14 ліпеня пасля адмовы ЦВК у рэгістрацыі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы на вуліцы Менску і іншых гарадоў Беларусі выйшлі тысячы чалавек. 15 ліпеня пратэставыя акцыі паўтарыліся.

Сайт Charter97.org пагутарыў са старшынёй юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Гары Паганяйлам пра сённяшні стан беларускага грамадства і ўлады.

– Гары Пятровіч, ці магло нешта такое здарыцца раней? У чым асаблівасць цяперашняй сітуацыі ў Беларусі?

– Перш за ўсё, гэта асаблівая электаральная кампанія, у якой Лукашэнка дапускае вельмі шмат прыкметных памылак. Грамадзяне бачаць ягоныя паводзіны і неадэкватную рэакцыю на пэўныя сітуацыі, у тым ліку з краінай, з эканомікай, з кадрамі, з сацыяльнымі праблемамі. Калі я кажу пра сацыяльныя праблемы, я маю на ўвазе і тое, як у краіне праходзіць эпідэмія каранавірусу. Хоць гэта і медыцынскі чыннік, але ён мае велізарны сацыяльны падтэкст.

Эканамічны стан краіны пагаршаецца проста на вачах. Лукашэнка, у сутнасці, пасварыўся з асноўным сваім дойным статкам – урадам Расейскай Федэрацыі і шэрагам іншых дзяржаваў, якія ўваходзяць у ЕАЭС. Няма добрых стасункаў і з Захадам. Фінансавае становішча гнятлівае і пагражае крахам, якія б нам песні ні спявалі цэнтральная тэлевізія і дзяржаўныя газеты.

Унутраная сітуацыя пагаршаецца нізкімі заробкамі, адсутнасцю добрых працоўных месцаў, сацыяльнай неўладкаванасцю. Усё больш у нас бедных, бяздомных сем'яў ды тых, якія распадаюцца, растуць алкагалізм і самагубствы, згубы на транспарце, на вытворчасці.

Усё гэта ў ходзе электаральнай кампаніі яшчэ больш абвастрылася, таму што Лукашэнка не прапануе развязання гэтых праблемаў, зноў нахабна і цынічна хлусіць народу, корміць яго абяцанкамі пра «дабрабыт» у будучыні. Даўным-даўно заўважна, што гэта хворы чалавек. Гэта ён сам пацвярджае сваёй маніякальнай прагай улады. Тое, як ён кіруе сваімі кадрамі, відаць на публічных «лупцоўках» – гэта перш за ўсё грубасць, непавага нават да сваіх чыноўнікаў. Я ўжо не кажу пра простых людзей, якіх ён уважае за «народзец».

Увогуле, гайку ён пераціснуў – і рэакцыя народа рушыла неадкладна. Гэта значыць, што стомленасць ад рэжыму дайшла да таго, што народу ўжо больш страчваць няма чаго.

– Ці можна такую сітуацыю назваць рэвалюцыйнай?

– Некаторыя класічныя факты пра гэта кажуць, калі ўзгадваць вядомую фразу Уладзіміра Ілліча (праўда, яна не ім прыдуманая, а кімсьці з іншых рэвалюцыянераў): «Вярхі не могуць кіраваць па-старому, а нізы не жадаюць жыць па-старому». Гэта насамрэч так.

Лукашэнка не прапануе цягам 26 гадоў нейкіх рэформаў. У яго быў карт-бланш, быў максімальна дапушчальны давер, калі яго абралі ў 1994-м.

Тады на фоне незадаволенасці былой савецкай наменклатурай і ўсплыў Лукашэнка – няўдачнік як у жыцці, так і ў сваёй працоўнай дзейнасці.

Ён усё дабіў: вярнуў краіну і народ у савецкае мінулае. За ягонымі публічным паводзінамі мы назіраем цягам досыць доўгага часу, каб пераканацца: гэты чалавек баяўся і баіцца ўсяго новага. Яго трымае ў жорсткіх цісках тое мінулае, у якім ён сфармаваўся. Ягоны менталітэт цвёрда застыў і не гатовы ўвогуле да любых навацый.

Цяпер у кіраўніка з'явіліся моцныя і разумныя спаборнікі, якія могуць прапанаваць выбарнікам канкрэтныя спосабы, як вывесці краіну з балота, у якое прывёў яе Лукашэнка. У іх сучасны погляд на канстытуцыйнае ўладкаванне дзяржавы. І ў эканамічных абласцях гэта вельмі пісьменныя людзі, гатовыя прапанаваць рэформы.

Лукашэнка разумее, што «выбары» – гэта фігавы лісток, але нават магчымасць агітацыі з боку моцных спаборнікаў яго вельмі спалохала. Таму што гэтыя людзі могуць прад'явіць рахунак Лукашэнку і стаць яму альтэрнатывай. Адчуўшы пагрозу, ён даў каманду арыштаваць – спачатку Сяргея Ціханоўскага, потым Віктара Бабарыку з сынам. Потым пачалося цкаванне і Валерыя Цапкалы. Калі ж двух моцных кандыдатаў не зарэгістравалі, грамадзянаў гэта абурыла. І такое развіццё падзей – яшчэ адно пацверджанне неадэкватнасці Лукашэнка, ягонай няздольнасці ацаніць сітуацыю ў грамадстве.

Я заўсёды сцвярджаў, што ён псіхічна хворы. Гэта не мая выснова, я не лекар-псіхіятр. Ёсць сведчанні, дакументы, якія ў нашай дзяржаве так і не былі аспрэчаныя. Гэта стан хворага чалавека, у якога страчаныя арыенціры, але які прагне ўлады, здзяйсняючы чарговае дзяржаўнае злачынства. І гэта кажа пра тое, што Лукашэнка ўжо сёння – цалкам нелегітымны.

– Незалежныя апытанні паказваюць рэзкае падзенне рэйтынгу Лукашэнкі, за якім ужо замацавалася мянушка «Саша 3%». У чым прычына такога абвалу?

– Раскол паміж ягонай уладай і беларускім грамадствам пачаўся даўным-даўно. Ён пачаўся яшчэ ў 1995 годзе, прычым ён прайшоў у шматлікіх катэгорыях нашых грамадзянаў. Лукашэнка эксплуатуе фразу, што «Беларусь – сацыяльная дзяржава», пры гэтым зрэзаў усе льготы, адабраў перспектыву ў многіх, хто хацеў тут жыць, вучыцца і працаваць. Ён адабраў у людзей імкненне ісці на дзяржаўную службу, таму што многія сёння бачаць, як ён з імі абыходзіцца: ледзь не ў твар б'е, зневажае, усталёўваючы жорсткую выканальную дысцыпліну ў выкананні ягоных указанняў. Такія паводзіны надакучылі многім людзям.

Я ўжо не згадваю пра пазасудовыя пакаранні смерцю сваіх апанентаў. Мы ведаем, як ён абышоўся з імі. Само нерасследаванне цягам 20 гадоў гэтых злачынстваў ужо сведчыць пра многае. Але праўда рана ці позна ўсплывае. Можна ўспомніць хоць бы сітуацыю з Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў здзяйсненні злачынстваў.

Вернемся да апошніх падзеяў: замест адэкватнай рэакцыі на эпідэмію каранавірусу Лукашэнка заявіў пра «каронапсіхоз». Гэта – хворае ўспрыманне сітуацыі хворым чалавекам. Пытанне псіхічнага здароўя такога чалавека, які яшчэ і прэтэндуе на высокую пасаду – гэта публічная і законная цікавасць нашых грамадзянаў.

Далей, людзі назіраюць з ягоных паводзінаў на публічных мерапрыемствах, што Лукашэнка – неадэкватны, не ацэньвае нармальна сітуацыю. Ягоная рыторыка кажа пра тое, што мы мае справу з вельмі хворым чалавекам. Людзі, якія вывучалі следчую псіхіятрыю, разумеюць, пра што гаворка.

Так што пакуль у нас праходзіць электаральная кампанія, хай ЦВК прапануе Лукашэнку прайсці медыцынскае абследаванне і апублікуе выснову пра стан ягонага здароўя. Дарэчы, паводле Канстытуцыі ў нас ёсць падстава для звальнення з пасады прэзідэнта ў выпадку немагчымасці заставацца на пасадзе праз стан здароўя, таму што гэта пагражае бяспецы дзяржавы і людзей.

Дарэчы, Лукашэнка паводле ўзросту – пенсіянер. Але яшчэ ў маладым узросце была зробленая псіхіятрычная выснова лекара-спецыяліста Шчыгельскага. Яна не аспрэчаная афіцыйна дзяржаўнымі медыцынскімі службамі або праваахоўнымі органамі. А апісанае лекарам Шчыгельскім захворванне з узростам можа пагаршацца.

Лукашэнка паводзіць сябе, як выбуховы, некультурны, палітычна непісьменны чалавек. Такія паводзіны ўсім абрыдлі.

Ён, як раней, кіраваць краінай ужо не можа. Ягоны час мінуў. Яму трэба толькі дапамагчы. Ён сам ніколі гэтага не ўсвядоміць ў сілу свайго хваравітага стану.

Няхай наш «гісторык», хоць і з хворай галавой, пачытае і падручнікі гісторыі, і гістарычныя «скарбніцы» і зразумее, чым заканчваюцца падобныя падыходы ў кіраванні дзяржавай і народам.