24 красавiка 2024, Серада, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Беларусы ратуюць ашчаджанні ад абвальнай дэвальвацыі

19
Эканаміст: Беларусы ратуюць ашчаджанні ад абвальнай дэвальвацыі

Вярнуліся часы Пракаповіча?

Беларусы пачалі масава забіраць уклады з банкаў. Незалежныя экспэрты адзначаюць і іншыя трывожныя сімптомы ў беларускай эканоміцы: рост запазычанасці прадпрыемстваў перад банкамі, затаваранасць складоў, рэзкае падзенне ВУП.

Як праблемы ў фінансавым сектары адаб'юцца на жыццёвым узроўні беларускіх сем'яў? На пытанні Charter97.org адказвае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

- Фінансавыя аналітыкі пачалі адзначаць, што беларусы паслядоўна забіраюць свае ашчаджанні з банкаў. З чым бы вы гэта звязалі?

- Гэта звязана з апошнімі падзеямі ў Белгазпрамбанку. Як паведамлялі СМІ, у выніку ўкладчыкі вывелі з банка адзін мільярд укладанняў. Натуральна, гэта выклікала рэзананс і адбілася на паводзінах укладчыкаў і ў іншых банках.

Другая прычына - наш рубель моцна дэвальваваўся. Пік быў у сакавіку гэтага года, калі даляр каштаваў 2,60, а яшчэ ў студзені - 2,10. Потым ён трошкі адыграў, але гэтая дэвальвацыя моцна напалохала людзей, якія мелі дэпазіты, што можна адклікаць, і мелі магчымасць зняць рублі і пералічыць іх у валюту або ў «шкляныя банкі».

На сёння можна сказаць, што палітыка дэдаларызацыі, якую праводзіў Нацбанк, ужо пацярпела паразу. Многія людзі зноў перагледзелі свае валютныя пазіцыі на карысць даляра ці еўра, сыходзяць ад беларускага рубля праз гэту дэвальвацыю, якая насіла абвальны характар. Пачалі было верыць ва ўстойлівую крэдытную палітыку Нацбанка, і вось на фоне каранакрызіса і адсутнасці паставак нафты ў пачатку года адбыліся такія падзеі. І сёння экспартны даход застаецца на чвэрць меншы за леташні з гэтых жа прычын.

Таму паводзіны ўкладчыкаў зноў памянялася ў бок перавагі замежнай валюты. Нягледзячы нават на тое, што банкі даюць, як і давалі, па валютных дэпазітах вельмі нізкія працэнты, 0,5-2% гадавых.

- Ці ёсць пагроза для фінансавай сістэмы краіны праз тое, што забіраюць уклады?

- Ёсць пэўны негатыў ад сыходу рублёвых укладчыкаў. Больш для Белгазпрамбанка, але яго падтрымаюць ліквіднасцю (і ўжо падтрымаў Нацбанк). Пакуль банкаўская сістэма спраўляецца са сваімі задачамі. Праўда, у сувязі з устаноўкай Лукашэнкі знізіць стаўку рэфінансавання, зрабіць таннейшымі крэдыты, якая адразу стала выконвацца, ёсць пэўныя сумневы ў тым, што Нацбанк будзе самастойна кантраляваць сітуацыю.

Рызыкі ў банкаўскай справе заўсёды ёсць. Гэта могуць быць і знешнія, і ўнутраныя прычыны. Скажам, мы залежым ад расейскага рынку і цэн нафты, і ад паступленняў валютнага даходу. Вынікі паступленняў будуць значна горшыя сёлета. Калі Нацбанк не ўтрымаецца, стане размяшчаць сваю грашова-крэдытную палітыку за кошт непрапарцыйнага зніжэння стаўкі рэфінансавання банкаўскіх працэнтаў, то, вядома, застаецца заўсёды рызыка значнага паскарэння інфляцыі і дэвальвацыі нашага рубля.

- Як праблемы з фінансамі ў банкаў і дзяржавы могуць адбіцца на асабістых фінансах беларусаў? У нас у краіне ў апошні час і так зафіксаванае рэкорднае расслаенне насельніцтва па ўзроўні даходаў.

- Так, ёсць вельмі вялікае расслаенне, і яно павялічваецца. Напрыклад, у нас павышаюцца пенсіі або заробкі бюджэтнікаў у працэнтных суадносінах. Дапусцім, 5% ад 2000 гэта вялікая сума, чым 5% ад 500 рублёў. Гэта як было, так і застаецца. Атрымліваецца, што пенсіянеры і бюджэтнікі аддаляюцца ад высокааплатных груп насельніцтва.

Што тычыцца астатніх заробкаў, гэта ўжо праблемы працадаўцаў на нашых прадпрыемствах. Наколькі я ведаю, зараз у большасці насельніцтва сітуацыя з заробкамі пагаршаецца, хоць афіцыйная статыстыка і выдае нейкі «ўпэўнены рост» - хутчэй, намінальны. Не кажу ўжо пра сектар паслуг, які вельмі шмат страціў праз пандэмію.

Я размаўляю з людзьмі, якія працуюць у розных галінах нашай эканомікі. Ва ўсіх вынікі горшыя. У тым ліку, у тых жа банкіраў заробкі цяпер ўпалі, таму што няма ранейшай кліентуры. Гэта адбіваецца на ўсёй эканоміцы, банкаўскай сістэме і даходах большай часткі насельніцтва Беларусі.

- У шасці найбуйнейшых банках краіны - Белгазпрамбанку, Беларусбанку, Белаграпрамбанку, Белінвестбанку, Тэхнабанку і Прыёрбанку - прызначылі прадстаўнікоў дзяржавы. Да чаго такія меры?

- Гэтыя меры - антырынкавыя. Гэта сведчыць пра далейшае «адзяржаўленне» прыватных і іншых банкаў. Гэта тая «цэнтралізацыя», да якой улады заўсёды імкнуліся ў шкоду эканоміцы. Памятаеце: калісьці на буйных адкрытых акцыянерных таварыствах былі адкрыты «залатыя акцыі» ў асобе прадстаўнікоў улады, якія былі на сходзе акцыянераў.

Атрымліваецца, гэты кантроль - гэта адкрыты ўплыў дзяржавы на эканоміку. Тым самым зніжаецца эфектыўнасць эканомікі, ідзе рух у зваротным кірунку.

- Даволі часта даводзілася чуць пазітыўныя водгукі пра наш Нацбанк, пра яго незалежнасць манетарнай палітыкі. Аднак зусім нядаўна Лукашэнка заявіў, што Нацбанк адказны за дастатак беларусаў і даў даручэнне зменшыць стаўку рэфінансавання. На наступны дзень стаўка была паніжаная. Што адбываецца?

- Не магу сказаць, што гэта - поўны канец узважанай манетарнай палітыкі, але перад «выбарамі» Лукашэнка вырашыў уплываць на Нацбанк. Зразумела, што яго рэкамендацыі - гэта, па сутнасці, загады. Гэта вельмі дрэнны сімптом.

Усе поспехі Нацбанка па адноснай стабільнасці валютных курсаў можна звязваць з камандай Паўла Калавура і з тым, што Лукашэнка не ўмешваўся ў палітыку Нацбанка так, як ён гэта рабіў падчас старшынства Пятра Пракаповіча. У нас грашова-крэдытная палітыка стала прадказальнай і досыць паспяховай, у адрозненне ад працы ўрада.

Але тут зноў перад «выбарамі» пачынаецца ўмяшанне і рух назад. Калі гэта будзе працягвацца, то ні да чаго добрага не прывядзе. Мы, як гаворыцца, ужо наеліся і інфляцыяй, і дэвальвацыяй. Вельмі б не хацелася да гэтага вяртацца.

Нацбанк цяпер зрабіў вялікую падтрымку ліквіднасці камерцыйным банкам. Гэта значыць, вылучыў шмат танных крэдытаў пад больш нізкія працэнтныя стаўкі. Як паказала статыстыка, за гэты месяц такіх крэдытаў было выдадзена больш, чым з пачатку года. Гэта ўжо дрэнная прыкмета, якая выльецца ў паскораны рост грашовай масы. Такім чынам, зноў жа ёсць высокія рызыкі павышэння коштаў і дэвальвацыі беларускага рубля.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках