19 красавiка 2024, Пятніца, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самы буйны маёнтак ВКЛ выставілі на продаж

11
Самы буйны маёнтак ВКЛ выставілі на продаж
ФОТА: HRODNA.LIFE

Гэта палац Храптовічаў у Шчорсах.

Сядзіба Шчорсы, што знаходзіцца недалёка ад Міра і Навагрудка, мае багатую гісторыю. Калісьці ёй валодаў дыпламат, міністр замежных спраў і канцлер ВКЛ Іаахім Храптовіч. З XVIII стагоддзя да нашых дзён «дажылі» бібліятэка, некалькі гаспадарчых пабудоў, стайні і старадаўні парк з каскадам сажалак. Цяпер захаваліся рэшткі сядзібы выстаўленыя на аўкцыён Дзяржкаммаёмасці, піша hrodna.life.

У канцы XVIII стагоддзя апошні канцлер ВКЛ Іаахім Храптовіч узвёў у сваім маёнтку ў Шчорсах палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму. У будаўніцтве палаца ўдзельнічалі найлепшыя еўрапейскія майстры: італьянцы Джузэпэ Сака і Карла Спампані і француз Якуб Габрыэль. Пасля заканчэння будоўлі маёнтак быў вядомы, як самы буйны ў ВКЛ, а яго гаспадар праславіўся, як сапраўдны наватар. Іаахім Храптовіч забараніў паншчыну, адмовіўся ад дзіцячай працы, адкрыў школу і даў сялянам роўныя надзелы зямлі. У сваёй сядзібе дыпламат наладзіў вытворчасць сыроў і хлеба, якімі, як кажуць, кармілі вялікіх князёў і еўрапейскіх каралёў.

ФОТА: HRODNA.LIFE
ФОТА: HRODNA.LIFE

За гады існавання сядзібы тут у розны час пабывалі апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, астраном Міхаіл Пачобут, гісторыкі Ігнат Даніловіч і Іаахім Лялевель, паэты Уладзіслаў Сыракомля і Адам Міцкевіч.

У заняпад маёнтак прыйшло з пачаткам ХХ стагоддзя. Сам палац моцна пацярпеў у гады Першай сусветнай вайны, а ўжо ў савецкі час у будынку бібліятэкі размясцілі мясцовую школу, у флігелі - дзіцячы сад і жылыя кватэры, а гаспадарчыя будынкі аддалі ў валоданне мясцовага калгасу.

ФОТА: HRODNA.LIFE

Цяпер усе пабудовы, а таксама англійскі пейзажны парк плошчай 40 гектараў і каскадная сістэма сажалак, шукаюць новых гаспадароў.

Усяго на аўкцыён выстаўлена 5 аб'ектаў, якія ўваходзяць у ансамбль былога палаца Храптовічаў. Гэта - двухпавярховы цагляны будынак бібліятэкі плошчай 541 квадратны метр, будынак былога дзіцячага сада плошчай 421 «квадрат», старадаўняя вяндлярня плошчай 10 «квадратаў», а таксама дзве гаспадарчыя пабудовы плошчай 387 і 2000 «квадратаў».

ФОТА: HRODNA.LIFE

Пры наяўнасці заяўнікаў таргі пройдуць 17 жніўня. Пачатковы кошт усіх пабудоў - 50 тысяч рублёў.

Новы ўласнік павінен будзе ўцягнуць маёмасць у абарачэнне не пазней 4-х гадоў пасля куплі аб'екта.

За некалькі кіламетраў ад сядзібы знаходзіцца так званая Мураванка - старадаўні сельгасдвор, пабудаваны ў выглядзе сярэднявечнага замка.

ФОТА: HRODNA.LIFE

У мінулыя гады і на тэрыторыі сядзібы, і на тэрыторыі Мураванкі працавалі валанцёры. Яны выдалілі ўвесь параснік ля Мураванкі і пачалі работы па расчыстцы парку каля захаваных будынкаў валодання Храптовічаў.

Летнія валанцёрскія лагеры арганізоўваў фонд «Шчорсы і Храптовічы» пад кіраўніцтвам Ганны Булда. Праз пандэмію ўсе аднаўленчыя работы на тэрыторыі сядзібы спыніліся.

Нядаўна фонд распрацаваў праект «Дахі для Мураванкі». Накрыць дахам вежы унікальнага сельгасдвара трэба, каб абараніць будынка ад далейшага разбурэння і каб яны змаглі дажыць да поўнай рэстаўрацыі.

У першую чаргу неабходна накрыць дзве круглыя вежы. З гэтым праектам фонд удзельнічаў у конкурсе Social Weekend. Дайшлі да фіналу, але не выйгралі, аднак праект вырашылі працягваць. Сёе-тое ўжо зрабілі. Напрыклад, правялі тэхнічную экспэртызу. Гатова заключэнне аб неабходных працах для кансервацыі вежаў. Наперадзе - складанне праектна-каштарыснай дакументацыі, і толькі потым ужо самі работы па кансервацыі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках