19 красавiка 2024, Пятніца, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Марчык: Усе карты Лукашэнкі біты

44
Віктар Марчык: Усе карты Лукашэнкі біты
ФОТА: HRODNA.LIFE

Дзень змены ўлады ў Беларусі стане нацыянальным святам.

Сапраўдным адкрыццём цяперашняй палітычнай кампаніі сталі беларускія рэгіёны. Кадры з акцый салідарнасці, якія прайшлі ў дзесятках гарадоў, абляцелі не толькі ўсю Беларусь, але і прымусілі сачыць за сітуацыяй у нашай краіне, увесь свет.

Як змянілася беларускае грамадства? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» са Слоніма Віктарам Марчыкам.

- Перамены сярод беларусаў адчулі асабліва моцна, калі людзі сталі масава выходзіць на пікеты для збору подпісаў, а затым на акцыі пратэсту і салідарнасці з палітвязнямі. Раней падобныя мітынгі падтрымлівалі практычна адны і тыя ж людзі, моладзь мала цікавілася палітычным жыццём, а зараз я бачу вельмі шмат новых удзельнікаў, якія проста прыйшлі з ніадкуль.

Гэтым людзям не трэба нічога тлумачыць, яны самі ўсё цудоўна разумеюць і ведаюць, што робіцца ў краіне, разумеюць, што так жыць нельга. Вельмі радуе, што беларусы пачынаюць прачынацца і бачаць, што калі Лукашэнка застанецца ва ўладзе, то будзе толькі горш.

- Якія падзеі паслужылі штуршком для пачатку зменаў у краіне?

- Безумоўна, эпідэмія каранавіруса, якая нікуды не сышла, людзі ўсё адно хварэюць і паміраюць. Праблема ўсё яшчэ актуальная, хоць улады кажуць, што захворванне «пайшло на зніжэнне». Паводле маёй інфармацыі, ёсць указанне вышэйшага кіраўніцтва, каб з лякарняў хутчэй выпісвалі людзей. Нават тых, у каго пацверджаны COVID-19, але ўжо больш-менш нармальны стан. Менавіта так беларускія ўлады паляпшаюць статыстыку.

Гэтая бяда закранула і мяне асабіста. Я ўжо трэці дзень ляжу з высокай тэмпературай. Хацелася б, каб мне зрабілі тэст на каранавірус, бо я кантактаваў з многімі людзьмі. На гэтым этапе тэст мне рабіць ніхто не збіраецца. Што калі ў мяне ўсё-такі COVID-19? Людзі, з якімі я кантактаваў, будуць і далей разносіць заразу? Падобны падыход вельмі насцярожвае. Я так разумею, што ўказанне не рабіць тэсты ідзе ад міністра аховы здароўя, а ён, я думаю, атрымлівае загады ад самога Лукашэнкі.

Такія дзеянні ўладаў і штурхнулі людзей у палітыку. Так, цяпер беларусы ўзялі невялікую паўзу, людзі чакаюць, каго зарэгіструюць, а каго - не. Калі ўжо пачнецца агітацыйная кампанія, усё вернецца на кругі свая. Беларусы будуць зноў выходзіць на вуліцы, выказваць сваё меркаванне і паказваць усімі сваімі дзеяннямі, што выступаюць супраць гэтай улады і сістэмы. Калі хто-небудзь думае, што кампанія скончылася - то ён глыбока памыляецца.

- Хто з патэнцыйных кандыдатаў у вашым горадзе збіраў самыя вялікія чэргі на пікетах?

- «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага, самыя доўгія чэргі стаялі да іх. Бабарыка да нас не прыязджаў, але яго група збірала подпісы. Быў Цапкала, але за яго прыходзіла менш людзей падпісвацца. Пастаянна людзі стаялі за Святлану Ціханоўскую, яна была і застаецца відавочнай лідаркай. Пікетаў за спадара Лукашэнку, які хваліцца мільёнамі подпісаў, заўважана не было.

- Многія адзначаюць, што асабліва Лукашэнкам незадаволеныя ў рэгіёнах і яны настроеныя вельмі радыкальна. Які ў яго рэйтынг у вашым горадзе?

- Думаю, яшчэ ніжэйшы, чым тыя тры працэнты, пра якія ўсе кажуць. Калі будзе магчымасць сустрэцца з Лукашэнкам, я б хацеў задаць яму пытанне: няўжо ён думае, што за яго падпісалася два мільёны чалавек? Думаю, што ён выдатна разумее, што гэта ўсё падман, што ягоныя рэйтынгі «выдзіманыя», а яго сістэма - картачны дамок, на які насоўваецца ўраган. Cамае лепшае выйсце для яго сёння - зняць сваю кандыдатуру.

- Беларусы паказалі, што выдатна спраўляюцца ў крытычных сітуацыях і без дапамогі ўладаў. Лукашэнка перастаў існаваць для беларусаў?

- Абсалютна. Улада слабая, бездапаможная і трухлявая. Чым яна можа дапамагчы людзям? Здавалася б, праблема з вадой у Менску - такія сітуацыі павінны лёгка вырашацца, але ж гэта ператварылася ў сапраўдную катастрофу! Калі б не валанцёры, калі б не людзі добрай волі, усё магло б быць толькі горш. Такая ж сітуацыя і з COVID-19: калі б не салідарнасць беларусаў, то ахвяр было б больш у разы!

Тое, што адбываецца паказвае на апошнія дні гэтага рэжыму. Гульня скончана, усе карты Лукашэнкі біты.

Людзі настолькі не жадаюць бачыць яго ў крэсле, што лінуць на вуліцы гарадоў ракой. Не паўторыцца сцэнар, што вынікі сфальсіфікавалі, крыху пабунтавалі і зацішша. Такі падарунак людзі Лукашэнку больш не паднясуць. Беларусы ўсё роўна будуць пратэставаць, стаяць за свой выбар і змагацца. Так, цяпер маленькае зацішша ў кампаніі, але людзі праяўляюць актыўнасць на флэшмобах. Хтосьці вывешвае сцягі ў вокны, хтосьці ўключае музыку, хтосьці выкладвае свае пасведчанні ў сеціва і паказвае, што на баку народа. Актыўнасць не сціхае, людзі бачаць, што іх большасць, яны адчулі смак свабоды і зараз «загнаць іх у стойла» проста не выйдзе.

- Як адбудзецца змена ўлады ў Беларусі?

- Магу толькі падзяліцца сваім прагнозам. Думаю, што гэта адбудзецца мірна, а дзень змены ўлады стане ў Беларусі нацыянальным святам, у многіх краінах ёсць жа Дзень аднаўлення дзяржаўнасці. Калі мы вернем нашу краіну сабе, то ў нас таксама можа з'явіцца такое свята.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках