20 красавiка 2024, Субота, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даходы бюджэту Беларусі ўпалі на 40%

18
Даходы бюджэту Беларусі ўпалі на 40%
КРЫНІЦА: SVABODA.ORG

За кошт чаго выплацяць пенсіі?

Як і прагназавалі banki24.by, сітуацыя з напаўненнем даходнай часткі бюджэту працягвае пагаршацца. Статыстыка кожнага новага месяца прыносіць антырэкорды.

Мінфін апублікаваў інфармацыю аб выкананні бюджэту за 5 месяцаў. Ведамства дае кароткія звесткі аб бюджэце сектара дзяржкіравання, аб рэспубліканскім бюджэце і бюджэце Фонду сацабароны (ФСАН).

Бюджэт сектара дзяржаўнага кіравання ўключае ў сябе рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, а таксама бюджэт ФСАН. Паколькі звесткі з'яўляюцца з затрымкай, то сёння можна ацаніць выкананне бюджэту за травень.

Асноўныя вынікі такія: даходы бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання скараціліся на 26%, даходы рэспубліканскага бюджэту - на 40,1%. Пры гэтым расходная частка бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання ў траўні вырасла да 2019 года на 1,4%, а рэспубліканскага бюджэту - на 10,5%. Паколькі гадавая інфляцыя за той жа перыяд склала 4,9%, то рэальныя выдаткі ўсіх бюджэтаў разам скараціліся.

Што да напаўнення бюджэту ФСАН, то даходы ў траўні павялічыліся на 2,1%, а выдаткі - на 5,4%. Упершыню за доўгі час рэальныя даходы Фонду сацабароны знізіліся ў рэальным вылічэнні. Блізу 90% даходаў ФСАН даюць абавязковыя страхавыя ўнёскі працадаўцаў і наёмных работнікаў.

На гэтыя мэты ФСАН кожны месяц забірае каля траціны фонду заробкаў на прадпрыемствах.

Зыходзячы са свежых звестак аб фондзе заробкаў (без адлічэнняў працадаўцаў), у Беларусі ідзе рост беспрацоўя і няпоўнай занятасці. Асабліва моцна гэта тычыцца прамысловасці, гатэляў і рэстарацый, транспарту.

Нядаўна быў прыняты ўказ №232 «Аб павышэнні пенсій». Згодна з гэтым дакументам сярэдняя сума пенсіі з прычыны ўзросту за ліпень павялічыцца на 5,2% і складзе 470,6 BYN. У пераліку на рублі пенсія вырасце на 23,1 BYN (менш чым на 10 USD). На падвышэнне пенсій спатрэбіцца дадаткова 335 млн BYN.

Адкуль чыноўнікі возьмуць гэтыя грошы? Бюджэт ФСАН для кампенасцыі першаснага дэфіцыту рэгулярна атрымлівае ўліванні з рэспубліканскага бюджэту.

На 1 чэрвеня Фонд сацабароны прафінансавалі субвенцыямі на 429,4 млн BYN. З улікам субвенцыі за 5 месяцаў улады паказалі прафіцыт ФСАН сумай 97,6 млн BYN. У траўні бюджэт Фонду сацыяльнай абароны быў у дэфіцыце нават разам з грашыма Мінфіна - мінус 52,2 млн BYN.

Мяркуючы з усяго, грошы на выплату пенсій зноў «дадрукуюць» з рэспубліканскага бюджэту. Гэта будзе даволі складана, бо дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання ў траўні дасягнуў 1,075 млрд BYN, рэспубліканскага бюджэту - 655,3 млн BYN. Дэфіцытныя былі і мясцовыя бюджэты.

У параўнанні з траўнем 2019 года баланс бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання ўпаў на 1,073 млрд BYN, рэспубліканскага бюджэту - на 877,2 млн BYN. Пагаршэнне сітуацыі з даходамі бюджэту ідзе з лютага месяца, але асабліва моцна яно выявілася ў красавіку і траўні. У гэтыя месяцы прадпрыемствы плацілі падаткі і іншыя плацяжы ў сакавіку-красавіку - падчас вострай фазы крызісу.

Агулам за 5 месяцаў недабор даходаў у дачыненні да 2019 года склаў 2,060 млрд BYN ва ўсіх бюджэтах і 1,497 млрд BYN у рэспубліканскім. Праз скарачэнне даходаў і рост выдаткаў сальда бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання прасела на 2,944 млрд BYN, рэспубліканскага бюджэту - на 2,483 млрд BYN.

У траўні 2020 года ВУП Беларусі скараціўся на 3,8%, нафтавыя мыты заставаліся каля шматгадовых мінімумаў, на буйных і сярэдніх прадпрыемствах віравала няпоўная занятасць.

Такім чынам, ад чэрвеньскай статыстыкі аб бюджэце таксама не варта чакаць чагосьці добрага.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках